Атака ў расійскім Бранску, там гарыць нафтабаза і сховішча ў вайсковай частцы

У расійскім Бранску каля 2-й гадзіны ночы быў нанесены ўдар па грамадзянскай нафтабазе (яна знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства "Транснефть-Дружба"). Там адбыўся выбух рэзервуара з палівам, пачаўся пажар. Праз нейкі час адбыўся другі выбух на пэўнай адлегласці — у вайсковай частцы, дзе загарэлася сховішча гаруча-змазачных матэрыялаў. На першым аб'екце захоўвалася каля 10 тысяч тон паліва, на другім — каля 5 тысяч.

Афіцыйных каментароў пра прычыны здарэння з боку расійскіх уладаў пакуль няма. Пажары працягваюцца і раніцай, над Бранскам — слупы дыму. Для ліквідацыі пажараў прыцягнуты сілы ратавальнікаў з іншых абласцей і нават з Масквы.

Неафіцыйна расійскія крыніцы паведамляюць пра ўдары па аб'ектах ракетамі ці баявымі беспілотнікамі. Адказнасці за акцыю ніхто не ўзяў.

1 красавіка нафтабаза гарэла ў расійскім Белгарадзе. Тады расійскія ўлады ўсклалі адказнасць за атаку на яе на ўкраінскі бок — нібыта абстрэл вёўся з двух верталётаў, якія заляцелі на тэрыторыю РФ. Украінцы адказнасці за гэтую спецаперацыю на сябе афіцыйна не ўзялі.

Відавочна, што расіяне, якія ўжо два месяцы вядуць агрэсію супраць Украіны, сутыкнуліся з серыяй дыверсій на сваёй тэрыторыі.

Бранск, раніца 25 красавіка / Фота з сацсетак

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.