"Арт Сядзіба" і symbal.by пераязжаюць — "першы раз па ўласнай волі"

"Арт Сядзіба" і symbal.by пераязжаюць — "першы раз па ўласнай волі"

У жніўні "Арт Сядзіба" і symbal.by пачнуць працаваць у новых месцах. "Мы выраслі з "Маскоўска-Венскага" [гандлёвы цэнтр на праспекце Незалежнасці ў Мінску, дзе зараз месціцца крама. — Еўрарадыё] і пераязджаем на праспект Машэрава, 18, у два новыя памяшканні з уласнымі ўваходамі адразу з праспекта, — распавядае кіраўнік праектаў Павел Белавус. — Заўважу, што гэта першы наш пераезд па ўласнай волі". 

symbal.by абяцае ператварыцца ў вялікую краму для беларусаў і цікавае месца для турыстаў, якія хочуць прывезці сувеніры з нашай краіны. "Там жа будзе працаваць наш офіс, кропка самавывазу і служба, якая будзе забяспечваць дастаўку замоваў у любую кропку Беларусі і свету", — працягвае Павел Белавус.

Па суседству будзе ўваход у "Арт Сядзібу". Там можна будзе пачаставацца кавай, гарбатай з зёлкамі, узяць ці пакінуць кнігу на беларускай мове, з'есці круасан ці проста пасядзець з лэптопам і сустрэцца з цікавымі людзьмі.

"Гэта будзе месца лямпавых сустрэч і планавання грандыёзных мерапрыемстваў ды акцый, — плануе кіраўнік "Арт Сядзібы. — Зразумела, там будзе віраваць і культурнае жыццё: літаратурныя сустрэчы, лекцыі, кінапрагляды, прэзентацыі кніг і цікавых праектаў, адукацыйныя мерапрыемствы, настольныя гульні. Усё гэта будзе адбывацца штодзённа".

Для буйных мерапрыемстваў каманда "Арт Сядзібы" плануе выкарыстоўваць "Культ. цэнтр "КОРПУС" і прастору "Верх", якія месцяцца насупраць.

Раней "Арт Сядзіба" доўгі час не магла знайсці памяшканне і пераязджала з месца на месца. Арэндадаўцы спярша пагаджаліся прыняць хлопцаў, але пасля адмаўлялі — часам нават тады, калі каманда "Арт Сядзібы" ўжо ўклалася ў рамонт і перарабіла месца пад сябе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі