Арменія стварыла адмысловую антыкарупцыйную службу. Сядуць усе!

Арменія стварыла адмысловую антыкарупцыйную службу. Сядуць усе!

Новыя ўлады Арменіі аб’явілі вайну карупцыі. Для гэтага быў заснаваны адмысловы антыкарупцыйны орган – Служба дзяржаўнага кантролю Арменіі. Узначаліў яе рэвалюцыйны паплечнік сённяшняга прэм’ер-міністра Арменіі Ніколы Пашыняна Давід Санасаран.

Служба існуе ўсяго тыдзень. Сансаран прызнаецца Еўрарадыё, што штат установы яшчэ да канца не сфармаваны.

“Ад самага пачатку я заявіў, што не будзе мець абсалютна ніякага значэння, кім з’яўляюцца карупцыянеры. Будуць яны сябрамі, сваякамі ці паплечнікамі па рэвалюцыі — гэта не важна. Нават калі гэта будзе нехта з чальцоў маёй сям’і. Хаця гэта будзе і немагчыма, бо ніхто з чальцоў маёй сям’і падчас маёй службы не будзе займаць ніякіх пасадаў ва ўрадзе. А тыя людзі, якія бралі ўдзел у рэвалюцыі, нясуць падвойную адказнасць і будуць удвая больш кантралявацца нашай службай. І тыя асобы, якія будуць парушаць закон, незалежна ад таго, як блізка яны стаяць да прэм’ер-міністра, мяне, будуць падвергнутыя вельмі строгаму пераследу”, — кажа Давід Санасаран.

Арменія стварыла адмысловую антыкарупцыйную службу. Сядуць усе!
Давід Санасаран у сваім кабінеце. Фота: Еўрарадыё

Служба дзяржаўнага кантролю Арменіі будзе збіраць факты карупцыйнай дзейнасці. Даклады пра іх будуць класціся на стол прэм’еру Ніколу Пашыняну. Той, у сваю чаргу, будзе прымаць рашэнне: даваць фактам ход і распачынаць крымінальную справу, ці не.

Еўрарадыё: А калі прэм’ер вырашыць не распачынаць справу — якія будуць вашыя дзеянні?

Давід Санасаран: “Не думаю, што такое магчыма. У нас ёсць дакладныя дамоўленасці з прэм’ер-міністрам на гэты конт. Але калі нават уявіць, што такое здарыцца, я буду прымаць асабістыя рашэнні. Што праўда, я не магу наўпрост, у абыход прэм’ера звяртацца з сабранымі матэрыяламі ў праваахоўныя органы — гэта патрабаванне закона”.

Праўда, Санасаран зможа апублікаваць сабраныя факты пра карупцыянера ў СМІ.

Падчас размовы заўважаю, што ў сцяне кабінета старшыні Службы дзяржаўнага кантролю ў месцы, дзе звычайна чыноўнікі вешаюць партрэт кіраўніка краіны, цвік ёсць, але на ім нічога не вісіць. У адказ Давід Санасаран усміхаецца:

“Для народа гэта, відаць, будзе сюрпрызам, але па ўсім будынку нашай службы будуць вывешаныя фатаздымкі шараговых удзельнікаў рэвалюцыйнага руху. Чыноўнікі павінны ведаць, што грамадзяне краіны заўджы сочаць за імі, бо менавіта яны прызначылі чыноўнікаў для таго, каб яны служылі народу. А на гэты цвік павешу фота якой-небудзь бабулі ці дзядулі, ці дзіцяці — удзельнікаў рэвалюцыйнага руху, якіх я асабіста не ведаю”, — прызнаецца Санасаран.

І з усмешкай дадае: ён і яго служба зробяць усё, каб чыноўнікі яшчэ лепш памяталі, што служыць яны павінны народу, а не сабе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі