Вы тут

Аркадзь Добкін: рабіць з ПВТ дзяржаву ў дзяржаве — няправільная парадыгма

Аркадзь Добкін / www.intellinews.com

Старшыня савета дырэктараў EPAM Systems Аркадзь Добкін у праекце TUT.by, прысвечаным памяці Юрыя Зісера, выказаўся пра месца IT ў "Беларусі будучыні". На яго думку, айцішнікаў будзе рабіцца ўсё больш, але "не трэба думаць, што гэта спецыфіка Беларусі". IT-сфера пашыраецца ва ўсім свеце.

Калі ж у сілу нейкіх прычын (напрыклад, айцішнікі пачнуць з'язджаць з Беларусі) развіццё IT у нашай краіне замарудзіцца, гэта будзе сігналам пра тое, што "нешта адбываецца няправільна". Прадпрымальнік адзначае, што Расія і Украіна таксама ствараюць прывабныя ўмовы для айці-спецыялістаў. Значыць, у бліжэйшай будучыні за іх давядзецца змагацца.

Беларускі Парк высокіх тэхналогій, для рэзідэнтаў якога дзейнічаюць нормы англійскага права, Добкін называе дзяржавай у дзяржаве. "Я думаю, што гэта няправільная парадыгма, — заўважае ён, — Але калі нават яе і прыняць часткова, дыко любы «заможны» рэгіён у дзяржаве трэба спрабаваць мэтанакіравана пашыраць, далучаючы «незаможныя»".

Інакш кажучы, рэжым працы ПВТ мела б сэнс пашырыць на іншыя сферы: медыцыну, адукацыю, сельскую гаспадарку, HoReCa і гэтак далей. Чаго, на жаль, у Беларусі пакуль што не адбываецца. Аркадзь Добкін лічыць, што будучыня Беларусі — за прыватным бізнесам, "гэтак жа, як і ўсюды".

Але пашырэнне "заможнай" дзяржавы ў дзяржаве — нетрывіяльная задача. Бо "зусім не ўсё залежыць ад колькасці айцішнікаў", канстатуе CEO EPAM Systems.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.