Вы тут

Арцыбіскуп Кандрусевіч: сёння вырашаецца будучыня Украіны, усёй Еўропы і свету

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / catholic.by

У сваім сёлетнім Слове на Вялікі пост арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч згадаў сітуацыю ва Украіне, назваўшы яе "расійска-ўкраінскім канфліктам".

"Мы з’яўляемся сведкамі ваенных дзеянняў, разбурэння гарадоў і населеных пунктаў, знішчэння інфраструктуры, гібелі людзі, праліцця крыві, вымушанага пакідання месца свайго жыхарства мірнымі людзьмі, сярод якіх шмат старых, нямоглых і дзецей.

Ці можна было ўявіць сабе такое яшчэ зусім нядаўна? Але гэта жахлівая рэальнасць нашага часу", — канстатуе каталіцкі пастыр.

Ён мяркуе, што ў сённяшнім супрацьстаянні вырашаецца лёс не толькі Украіны, але і як мінімум усёй Еўропы. 

"Сёння, калі вырашаецца будучыня нашых паўднёвых суседзяў, а ў пэўным сэнсе — усёй Еўропы і свету, замест кананады гармат павінна гучаць "кананада" салідарнай малітвы, пакаяння і дыпламатычных захадаў для мірнага вырашэння канфлікту", — заклікае Кандрусевіч.

Арцыбіскуп прапануе памяняць лоунг Si vis pacem, para bellum (калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны) — на Si vis pacem, cole iustitiam (калі хочаш міру, імкніся да справядлівасці).

Ён згадвае гісторыю часоў грамадзянскай вайны ў ЗША. Да празідэнта Лінкальна падышла жанчына з пытаннем "Мы пераможам, бо Бог на нашым баку. Ці не так?" На гэта Лінкалькн адказаў: "Я імкнуся быць на баку Бога". 

"Мы таксама падчас выпрабаванняў павінны паказаць, на чыім баку знаходзімся: Бога ці злога духа. Калі на баку Бога, то можам быць упэўненымі, што Ён нам дапаможа", — падкрэслівае Кандрусевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.