Апостальская нунцыятура: Інфармацыі пра запрашэнне Папы ў Беларусь няма

Аляксандр Лукашэнка вельмі хацеў бы арганізаваць у Беларусі сустрэчу патрыярха Маскоўскага і Папы Рымскага. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў у інтэрв'ю заходнім СМІ.  Нагадаем, гэта ўжо другая заява Лукашэнкі, у якой ён кажа пра тое, што хацеў бы бачыць на беларускай зямлі пантыфіка, першая была агучана ўлетку. Аднак як тады, так і цяпер Папа Рымскі мог яшчэ не атрымаць афіцыйнага запрашэння.

У Апостальскай нунцыятуры ў Мінску Еўрарадыё паведамілі, што не маюць ніякай дакладнай інфармацыі на гэты конт:

"Афіцыйнай інфармацыі пакуль няма".  

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што сустрэча кіраўнікоў двух хрысціянскіх цэркваў у Беларусі - малаверагодны праект, хутчэй піяр-акцыя:

"Чаму гэтая заява зараз робіцца? Яна з'явілася на агульнай, праеўрапейскай хвалі Лукашэнкі. Гэта ў адным кантэксце з яго апошнімі інтэрв'ю. Ну і, вядома, прыцягнуць увагу сусветных медыяў". 

Раман Якаўлеўскі нагадаў пра "праект Валерыя Цапкала" (колішняга дарадцы прэзідэнта), паводле якога менавіта ў Беларусі мусілі сустрэцца Маскоўскі патрыярх і Папа Рымскі. Аднак яго рэалізацыі перашкодзілі найперш "вельмі жорсткія адносіны РПЦ да Ватыкану". А калі б Лукашэнка здолеў арганізаваць такую сустрэчу, ён адназначна патрапіў бы ў аналы гісторыі, лічыць Якаўлеўскі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі