Апеляцыйны камітэт адмовіў “Крумкачам”. Клуб не зможа выступаць у вышэйшай лізе

Апеляцыйны камітэт адмовіў “Крумкачам”. Клуб не зможа выступаць у вышэйшай лізе

Апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні Федэрацыі футбола Беларусі адмовіў “Крумкачам” у задавальненні іх скаргі на рашэнне Камітэта па клубным ліцэнзаванні, які адмовіўся прыняць дакументы клуба. Такое рашэнне пацягне за сабой фактычную ліквідацыю каманды: “Крумкачы” цяпер маюць права выступаць толькі ў другой лізе чэмпіянату, што не задавальняе кіраўніцтва клуба.

Кіраўнік клуба Дзяніс Шунто адмовіўся ад каментарыяў, сказаўшы толькі адну фразу: "Здзяйсняецца футбольнае злачынства... за пратэрміноўку дакументаў — смяротнае пакаранне".

Скаргу "Крумкачоў" разглядалі ўсяго тры чалавекі з пяці, якія складаюць Апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні. Гэта галоўная бухгалтарка ТАА "Оскар-Арт" Ала Гурынава, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях ТДА "Будтэхаснова", майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы Віктар Мазгавы і вядучы рэвізор мінскага аддзялення Беларускай Чыгункі Мікалай Радзівонаў. Старшыня камітэта, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётр Южык пры гэтым не прысутнічаў.

Нагадаем, клуб павінен быў здаць дакументы да 12 лютага, але папрасіў адтэрміноўкі да 16 лютага. Увесь гэты час вялася перапіска з федэрацыяй, дакументы дасылаліся ўвесь час. Тым не менш, 26 лютага Камітэт па клубным ліцэнзаванні адмовіўся прымаць да разгляду заяву клуба аб ліцэнзаванні. Футбольныя чыноўнікі аргументавалі гэта “неаднаразовым невыкананнем тэрмінаў падачы дакументаў” з боку “Крумкачоў”, што “пацягнула зрыў працэсу ліцэнзавання”.

"Рашэнне Камітэта па клубным ліцэнзаванні засталося ў сіле", — даў сціплы каментар намеснік старшыні Апеляцыйнага камітэта Мікалай Радзівонаў. А старшыня Дэпартамента ліцэнзавання Алег Мішаеў, які прысутнічаў на разглядзе скаргі, але выходзіў з заля на час прыняцця рашэння, паказаў журналістам старонку з паўнамоцтвамі камітэта. З дакумента вынікае, што футбольныя чыноўнікі мелі падставы для сваіх дзеянняў:

Апеляцыйны камітэт адмовіў “Крумкачам”. Клуб не зможа выступаць у вышэйшай лізе

Лёсаванне вышэйшай лігі чэмпіянату адбылося 26 лютага — у той жа дзень, калі была адхіленая заява "Крумкачоў". Там замест мінскага клуба ўжо фігуравала "16-я каманда". Перад цырымоніяй футбольныя чыноўнікі патлумачылі, што гэта месца могуць заняць ці "Крумкачы", ці "Тарпеда".

У выніку, месца “Крумкачоў” зойме мінскае “Тарпеда”. У “Крумак” застаецца магчымасць звярнуцца ў спартовы арбітраж. Што праўда, гэтая інстанцыя можа не паспець разгледзець іх зварот да пачатку чэмпіянату.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі