Антыкрызісныя вакансіі: Патрэбны прадавец лямп. Заробак — 10 тысяч долараў

У краіне не хапае фінансістаў, бухгалтараў і дырэктараў, якім прапануюць тысячы долараў заробку. Нават Федэрацыя хакея шукае генеральнага менеджэра!
Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія VIP-вакансіі на сёння прапануюць
беларусам кадравыя агенцтвы і за якія грошы. Па словах дырэктара
кадравай кампаніі “Анкор” Нэлі Міхайлоўскай, самыя запатрабаваныя
прафесіі звязаныя з фінансамі і бухгалтэрыяй.

Нэлі Міхайлоўская
: “Самыя запатрабаваныя – гэта ўсё, што тычыцца
фінансаў і бухгалтэрыі, менавіта ў заходніх кампаніях, пажадана, у якіх
ёсць нейкая вытворчасць у Беларусі ці якія плануюць адкрываць гэтую
вытворчасць. Гэта самыя запатрабаваныя і самыя высокааплатныя. Другая
катэгорыя – гэта кіраўнікі аддзелаў продажу ці дырэктары па продажы.
Тут таксама высокія заробкі”.

Сапраўды, гартаючы аб’явы з вакансіямі, няцяжка знайсці падобныя
прапановы. Напрыклад, у Расіі беларусаў чакаюць на пасаду дырэктара па
продажы з заробкам у 7 тысяч долараў. Ёсць вакансіі і ў экзатычных
краінах. У Венесуэле. Кіраўніку будоўлі з Беларусі там абяцаюць
штомесяц па 3 тысячы долараў.

Заробак ад дзвюх тысяч долараў прапануюць
у Гомелі чалавеку, які зойме пасаду камерцыйнага дырэктара. А ёсць
прапановы і на 10 тысяч долараў! Кампаніі патрэбны менеджэр па продажы
лямп, свяцільняў, дратоў. Прычым заробак можа быць і большым, распавёў
працадаўца:

“Заробак можа быць і большым, гэта залежыць ад вас. Залежыць ён ад
таго, наколькі актыўна вы працуеце, ад прыбытку. Мы на гэтую пасаду
шукаем чалавека з досведам працы ў нашай сферы, але разглядаем і з
досведам у іншай. Каб столькі зарабіць трэба прадаваць, трэба шмат
вельмі прадаваць. Аклад гэта не асноўны заробак менеджэра, асноўнае –
продажы. Хто шмат працуе, той столькі зарабляе”.

VIP-працу можна знайсці не толькі ў прыватных ці замежных кампаніях.
Высокія пасады чакаюць беларусаў і ў Федэрацыі хакея. На сайце
Федэрацыі
вісіць аб’ява, што ім неабходныя ажно 6 новых працаўнікоў: ад
генеральнага менеджэра нацыянальных зборных каманд да менеджэра па
падрыхтоўцы Чэмпіянату свету-2014. Але пра заробак там пакуль не
кажуць. Маўляў, усё будзе залежаць ад рэальнага чалавека.

Федэрацыя хакея: “Рэальна нам патрэбныя два чалавекі. А вакансій
столькі, каб мы сабралі базу рэзюмэ, бо вакансіі будуць з’яўляцца. У
2014 годзе будзе чэмпіянат свету па хакеі, і бліжэй да гэтага часу нам
будуць патрэбныя спецыялісты. Але мы хочам адразу зараз пабачыць рынак
і сабраць гэтыя рэзюмэ. І ўмовы і заробак вызначаюцца пасля ўзгаднення
з кіраўніцтвам і ў залежнасці ад таго, які чалавек прыходзіць”.

Цікава, што з топавых спецыяльнасцяў выпалі праграмісты. Нэлі Міхайлоўская бачыць прычыну ў крызісе.

Нэлі Міхайлоўская: “Я так разумею, крызіс ударыў па гэтых
спецыяльнасцях. Праграмісты ў вялікіх кампаніях зарабляюць добра. Але
калі браць асноўны такі зрэз, то я думаю ўсё ж фінансавыя дырэктары
зарабляюць больш за праграмістаў”.

Між тым, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у
чэрвені сярэдні заробак беларуса быў крыху большы за 1 мільён рублёў,
то бок прыкладна 350 долараў.

Фота: team.gulfstream.ua