Андрэй Кабякоў: Пры стварэнні ЕАЭС Расія паставіла воз наперадзе каня

Андрэй Кабякоў: Пры стварэнні ЕАЭС Расія паставіла воз наперадзе каня

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў лічыць, што Расія зацягвае стварэнне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў у ЕАЭС. Пра гэта чыноўнік заявіў 25 кастрычніка на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе ў Ерэване.

"Найбольш адчувальным пытаннем для нас застаецца фарміраванне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Я хачу нагадаць, што пры заключэнні дамовы пра стварэнне нашага саюза [ЕАЭС. — Еўрарадыё] Беларусь пайшла на пэўныя саступкі і пагадзілася аднесці фарміраванне агульных рынкаў энергетычных рэсурсаў на самую аддаленую перспектыву. Для нас гэта было не выгадна, але мы пайшлі на гэта", — цытуе Кабякова інфармагенцтва БелТА. 

Пры гэтым была канкрэтная дамоўленасць, што 2025 год — гэта крайні тэрмін для прыняцця ўсіх рашэнняў. 

"Сёння выразна адчуваюцца спробы зацягнуць гэтае пытанне яшчэ далей ў часе. Лічым, што гэта недапушчальна, — падкрэсліў кіраўнік урада Беларусі. — Мы і так паставілі ў пэўным сэнсе воз наперадзе каня. Сфарміравалі сістэму наднацыянальных органаў раней за эканамічны базіс і агульны рынак, як гэта было, напрыклад, пры стварэнні Еўрапейскага саюза".

Андрэй Кабякоў дадаў, што каб запусціць агульны рынак энергарэсурсаў у 2025 годзе, пэўныя пытанні трэба вырашаць "ужо сёння, не адкладаючы іх на розных падставах на потым".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі