Алексіевіч: я буду галасаваць за Ціханоўскую, якая абяцае транзіт улады

Алексіевіч: я буду галасаваць за Ціханоўскую, якая абяцае транзіт улады

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч кажа, што будзе галасаваць на выбарах за Святлану Ціханоўскую. Хаця раней сімпатыі пісьменніцы былі на баку Віктара Бабарыкі

"Улада павяла сябе несумленна, і ўсе найбольш цікавыя прэтэндэнты-мужчыны апынуліся ў турме ці не дапушчаныя да выбараў, як Цапкала. І раптам атрымаўся нечаканы варыянт. Жанчыны прынялі на сябе цяжар мужчын", — заявіла набеліянтка ў інтэрв'ю Радыё "Свабода".

Па яе словах, галоўнае, што Ціханоўская абяцае "ажыццявіць транзіт улады". 

Пісьменніца нагадала, як да пікетаў альтэрнатыўных кандыдатаў стаялі доўгія чэргі: людзі хацелі аддаць свой голас за іх вылучэнне. "Лукашэнка думаў, што гэтае маўклівае грамадства можна падманваць, можна распавядаць яму казкі, можна запалохваць. Нічога падобнага. Выраслі новыя пакаленні, людзі сярэдніх пакаленняў апрытомнелі, гэта не тыя людзі, якія былі 26 гадоў таму, калі Лукашэнка пачынаў уладарыць", — каментуе Алексіевіч цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі.

Яна лічыць, што неабходна прыдумаць механізм, як кантраляваць выбары, каб не было ўкідаў бюлетэняў, каб быў сумленны падлік галасоў. "Калі нас будзе шмат, калі мы падтрымаем гэтых дзяўчат, то перамены ў нас будуць ісці мірным шляхам. Калі нас будзе няшмат, то ўсё можа быць. А ўсе мы хацелі б мірных пераменаў. І як бы нас ні правакавала ўлада, мы не павінныя паддавацца на гэтыя правакацыі", — дадае пісьменніца.

Аляксандру Лукашэнку з нагоды сёлетняй выбарчай кампаніі Святлана Алексіевіч адрасавала такія словы: "Я б хацела яму сказаць, што ўлада належыць народу. І ніхто не павінен пра гэта забываць. Раней ці пазней народ забярэ ўладу. Нават калі ён спіць летаргічным сном, але ён прачнецца. У краіне павінныя быць сумленныя выбары. Яны ўжо адбываюцца несумленна. Павінныя быць сумленныя выбары, каб не было крыві. І тут яго адказнасць перад гісторыяй. Ніхто не хоча крыві. Я спадзяюся, што ён таксама не хоча".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі