Вы тут

Актывістаў руху "За свабоду" будуць судзіць за чытанне вершаў Багдановіча

Фота: pyx.by

На чатырох сяброў руху "За свабоду" міліцыя склала пратаколы за літаратурныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю Максіма Багдановіча. Як паведамляе прэс-служба арганізацыі, пратакол складзены ў тым ліку на старшыню Руху Юрася Губарэвіча.

Усіх удзельнікаў акцыі абвінавачваюць ва ўдзеле (а Губарэвіча — і ў арганізацыі) у несанкцыянаваным пікеце 9 снежня каля помніка Максіма Багдановіча. Парушэнне, як адзначылі міліцыянты, выявілася ў "сумеснай масавай прысутнасці" каля помніка. Аднаго з прысутных, Аляксея Саевіча, таксама абвінавачваюць у тым, што ён трымаў бел-чырвона-белы сцяг і чытаў вершы.

Нагадаем, што святкаванне 125-годдзя класіка беларускай літаратуры адзначалася 9 снежня нават на афіцыйным узроўні. У тым ліку каля помніка паэту адбыўся мітынг з удзелам намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Бузоўскага і міністра культуры Барыса Святлова.

Пасля афіцыйных мерапрыемстваў да помніка прыйшлі грамадскія актывісты, каб таксама ўшанаваць памяць Максіма Багдановіча. За гэта цяпер ім пагражае пакаранне.  

 

Галоўнае

Выбар рэдакцыі