Вы тут

Новую вулічную акцыю ў Мінску прызначылі на 20 снежня

Павел Севярынец быў лідарам пратэстаў / svaboda.org

Несанкцыянаваная антыінтэграцыйная вулічная акцыя ў Мінску скончылася, у нядзелю яна працягвалася амаль пяць гадзінаў. Сотні людзей прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да расійскай амбасады і вярнуліся назад (агулам у шэсці паўдзельнічала каля тысячы чалавек). Было аб'яўлена пра новую акцыю — 20 снежня, у дзень, калі ў Санкт-Пецярбургу мусіць адбыцца чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, прысвечаная інтэграцыйным пытанням.

Першая несанкцыянаваная антыінтэграцыйная вулічная акцыя прайшла ў Мінску 7 снежня ў дзень, калі Лукашэнка і Пуцін сустракаліся ў Сочы. У ёй удзельнічала таксама каля тысячы чалавек. Як вядома, кіраўнікі краін не падпісалі ніякіх дакументаў, яны яшчэ будуць дапрацоўвацца.

Адным з лідараў пратэстаў быў сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец. Ён прамаўляў перад людзьмі, вёў калону да расійскай амбасады, дамаўляўся з міліцыяй пра перадачу рэзалюцыі дыпламатам, аб'яўляў пра далейшыя дзеянні. Севярынец спадзяецца, што да наступнай акцыі далучыцца іншыя апазіцыйныя палітыкі, якіх не было на плошчы ў суботу і нядзелю. Ён адзначыў, што сярод пратэстоўцаў было шмат моладзі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.