Вы тут

Адна з найстарэйшых ВНУ Украіны гатовая прыняць адлічаных беларускіх студэнтаў

Нацыянальны ўніверсітэт "Кіева-Магілянская акадэмія" / www.wikipedia.org

Пра гатоўнасць прыняць беларускіх студэнтаў, адлічаных па палітычных матывах, заявіў Нацыянальны ўніверсітэт "Кіева-Магілянская акадэмія" (НаУКМА), адна з найстарэйшых ВНУ Украіны. Працягнуць навучанне тут змогуць і тыя, хто вучыцца на бакалаўрскіх праграмах, і тыя, хто вучыцца ў магістратуры.

Першакурснікі могуць прыступіць да вучобы ў любы час, студэнтам старэйшых курсаў прапануюць далучыцца да патокаў падчас зімовых або летніх вакацый.

ВНУ "гарантуе навучанне і пражыванне ў інтэрнатах НаУКМА па кошце для грамадзян Украіны", гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на старонцы акадэміі ў Facebook.

Яшчэ ў верасні супольнасць НаУКМА заявіла аб падтрымцы беларускіх калег. У прынятай заяве гаварылася, што "кожны чалавек мае права на свабоду і годнасць" і кожны "мае права абараняць і абараняцца, калі гэтыя асноватворныя прынцыпы парушаныя".

Усю восень з беларускіх ВНУ масава адлічваюць студэнтаў — актыўных удзельнікаў пратэстаў. Толькі ў БНТУ ў канцы кастрычніка ў спісе на адлічэнне было 52 прозвішча. Адлічэнні былі і ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (БДМУ), універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), акадэміі мастацтваў (БДАМ) ды іншых ВНУ.

Аляксандр Лукашэнка ў канцы кастрычніка казаў, што пратэстуючых студэнтаў трэба адлічваць. У выніку да сярэдзіны лістапада, паводле яго слоў, "выкінулі мы гэтых 300 чалавек". Пры гэтым ён прызнаў, што некаторыя з іх "увогуле вельмі здольныя людзі" і "паспяваюць нармальна". Таму ён распарадзіўся стварыць камісіі і даць адлічаным студэнтам шанец працягнуць навучанне. Пасля гэтага адлічаным раней маладым людзям сталі прыходзіць SMS з прапановай прыйсці ва ўніверсітэт "для вырашэння пытання аб аднаўленні".

Між тым пра гатоўнасць прыняць на навучанне адлічаных беларускіх студэнтаў ужо заявілі ВНУ шэрагу еўрапейскіх краін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.