Ад "закрыўся" да "гэта ўжо зусім не кранае": рэакцыя ІП на закручванне гаек

Лукашэнка даўно заявіў, што пацісне руку апошняму прадпрымальніку / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Улада максімальна імкнецца наблізіць момант, калі Лукашэнка мог бы паціснуць руку апошняму іпэшніку, як ён даўно хацеў. Анансаваны яшчэ больш жорсткія ўмовы вядзення бізнесу з 2023 года — падвышэнне падаткаў і больш папяровай цяганіны.

Вынікі такой палітыкі — частка прадпрымальнікаў будзе закрывацца або сыходзіць у цень. Некаторыя ўсё ж настроены працаваць да апошняга. Еўрарадыё паразмаўляла з беларускімі ІП і даведалася, што яны збіраюцца рабіць у выпадку новаўвядзенняў.
 

"Хочацца проста працаваць, а не ваяваць з ветракамі"

Да пачатку вайны ва Украіне Уладзімір (усе імёны ў тэксце змененыя ў мэтах бяспекі) працаваў як ІП на ўкраінскую IT-кампанію. Вайна падштурхнула закрыць сваю справу.

— Мне далі зразумець, што пераводзіць грошы ў Беларусь партнёры не будуць. На гэтым усё і спынілася. Я іх разумею, ніякіх прэтэнзій не маю. Таму як ІП у Беларусі з пачатку вайны не працую. І ў цэлым збіраўся закрываць яго яшчэ да гэтых новаўвядзенняў, бо нібыта з 2023-га збіраліся прыбіраць ільготы і раней.

Айцішнікі як самыя мабільныя менш непакояцца пра захаванне ІП у Беларусі / pexels.com

Акрамя таго, Беларусь стала занадта таксічнай юрысдыкцыяй, падкрэслівае суразмоўнік.

Праз палітыку ўладаў у Беларусі не будзе ні айцішнікаў, ні тых, хто рамантаваў бы іх кватэры / pexels.com

— Я працую па агульнай сістэме падаткаабкладання, плачу 16% падаходнага падатку, — расказвае Фёдар. Ён займаецца СММ.

— 20% — гэта катастрофа, а 25% — проста немагчыма. Калі б я дакладна ведаў, што такія стаўкі прымуць, то, напэўна, прасцей было б наогул закрыць гэтае ІП. Ці браць грошы гатоўкай і не плаціць нічога. Але можа быць праверка і такі штраф, што лепш ужо падаткі год плаціць. Калі б мой даход быў тры тысячы долараў, то можна было б нармальна жыць, але ў мяне, як і ў многіх ІП, даход нашмат меншы.


"За апошнія 30 гадоў усе гэтыя новаўвядзенні не кранаюць"

Ёсць і тыя, хто мае намер пазбавіць Лукашэнку задавальнення паціснуць руку апошняму прадпрымальніку. Ігнат працуе ў гандлі. Ён упэўнены, што захавае ІП, нягледзячы на цяжкасці.

— Мяне за апошнія амаль 30 гадоў усе гэтыя новаўвядзенні ну зусім ужо не кранаюць. Будзем прыстасоўвацца. Напэўна, так сказалі б многія ІП, якія выжылі насуперак усяму.

З гадамі разумееш, што, акрамя цяжкасцяў у вядзенні бізнесу, ёсць яшчэ больш важная рэч. Абсалютная непавага да цябе ўлады. Але ў адрозненне ад моладзі ты з цэлага шэрагу прычын не можаш ляпнуць дзвярыма і паспрабаваць знайсці краіну, дзе цябе будуць паважаць. У мяне тут найглыбейшыя карані.

Выглядае на тое, што ўлады вырашылі задушыць ІП падаткамі / pexels.com

У 2022 годзе для ІП у Беларусі дзейнічаюць тры варыянты падаткаабкладання: спрошчаная сістэма падаткаабкладання, адзіны падатак або агульная сістэма падаткаабкладання.

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў анансаваў законапраект аб удасканаленні прадпрымальніцкай дзейнасці. Папярэдне закон зусім забароніць ІП карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання з 2023 года. З 2022 года кола тых, хто можа карыстацца ССП, ужо быў моцна скарочаны. Па ССП падаткі для ІП складаюць 6% на валавую выручку і 16% на пазарэалізацыйныя даходы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.