Аблава ў TikTok: у Беларусі ўлады саджаюць нават блогераў з бяскрыўднай сацсеткі

За відэа з TikTok беларусаў адпраўляюць у калоніі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
За відэа з TikTok беларусаў адпраўляюць у калоніі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Рэжым Лукашэнкі бачыць пагрозу для сябе нават у відэа з TikTok — моладзевай сацсеткі з забаўляльным кантэнтам. Апошнім часам затрыманні тыктокераў у Беларусі ператварыліся ў руціну.

Для таго каб прыцягнуць увагу ГУБАЗіК, не абавязкова варыць палітычны кантэнт. Напрыклад, быў затрыманы хлопец, які хадзіў па крамах і расказваў пра пратэрмінаваныя прадукты. У лайтовым выпадку тыкток-блогераў прымушаюць раскайвацца на камеру. У горшым яны атрымліваюць тэрміны па крымінальных справах.

Расказваем пра аблаву на тыкток-блогераў, якую праводзяць сілавікі Лукашэнкі.

 

Андрэй Бяляўскі

Облава в TikTok: в Беларуси власти сажают даже блогеров из безобидной соцсети
Блогер, а цяпер палітвязень Андрэй Бяляўскі / тэлеграм

22 жніўня на два гады калоніі за "абразу прэзідэнта" асудзілі блогера і прадпрымальніка з Бабруйска Андрэя Бяляўскага. У сваіх відэароліках саракапяцігадовы тыктокер у жартоўнай форме абыгрывае падзеі ў Беларусі, у тым ліку звязаныя з публічнымі выказваннямі Лукашэнкі. Да затрымання на яго тыкток-канале "У меня вопрос" было больш за сто тысяч падпісчыкаў.

Андрэя затрымалі ў красавіку 2022 года ў яго краме "Веласпортмайстар". Непаўналетні сын Бяляўскага быў затрыманы разам з бацькам, але крыху пазней яго адпусцілі і аддалі бабулі з дзядулем. Тыкток-акаўнт бабруйчаніна захапілі сілавікі, яго адразу ж перайменавалі ў "_gubop".

Акрамя "палітычных" відэа Бяляўскі вядомы па кранальным роліку, які сабраў 15 млн праглядаў. У ім Андрэй дорыць ровар малому, які прыйшоў у велакраму ўсяго з трыма рублямі ў кішэні.

Алена Балтрукова

Беларускую тыктокерку Алену Балтрукову асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" ў жніўні 2022 года. Суд даводзіў "віну" дзяўчыны, далучыўшы да справы фота, на якіх яна стаіць на дарозе ў часе пратэставых маршаў. У выніку яе абвінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх".

Облава в TikTok: в Беларуси власти сажают даже блогеров из безобидной соцсети
Старонка Балтруковай у TikTok / TikTok

Тыкток-акаўнт Алены запоўнены кароткімі забаўляльнымі ролікамі. Але ёсць сярод іх і відэа, у якіх дзяўчына выкарыстоўвае мемную фразу Лукашэнкі "А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад". Магчыма, менавіта гэта і стрыгерыла сілавікоў, якія вырашылі затрымаць і асудзіць Балтрукову праз два гады пасля пратэстаў.

Яўген Пак

Облава в TikTok: в Беларуси власти сажают даже блогеров из безобидной соцсети
Палітвязень Яўген Пак / тэлеграм

Брастаўчаніна Яўгена Пака асудзілі на адзін год і шэсць месяцаў "хіміі" ў сакавіку 2022-га. Мужчыну затрымалі за тры відэаролікі, выкладзеныя ў TikTok у лістападзе 2020 года.

На думку следства, у відэа Яўген абражае Лукашэнку. Таму судзілі тыктокера па артыкуле 368 КК Беларусі — "Абраза прэзідэнта". Праваабарончымі арганізацыямі Яўген Пак прызнаны палітвязнем. Тэрмін мужчына адбывае ў папраўчай установе адкрытага тыпу №36 у Мінску.

 

Яраслаў Вялічка

Облава в TikTok: в Беларуси власти сажают даже блогеров из безобидной соцсети
Яраслаў Вялічка / "Аднакласнікі"

У Яраслава Вялічкі з Гродна ў TikTok больш за дваццаць тысяч падпісчыкаў. Пад нікам fair.by мужчына публікуе забаўляльны кантэнт. Але часам на канале праскокваюць відэа, на якіх відаць відарысы герба "Пагоня" і надпіс "97%".

У ліпені 2022 года ў кватэру да тыктокера ўварваліся сілавікі, а пазней прымусілі яго запісаць пакаяннае відэа. У ім Яраслаў называе Святлану Ціханоўскую слабым палітыкам і "раскайваецца" за мірныя акцыі пратэсту, у якіх ён удзельнічаў са сваёй сяброўкай.

"Хацеў перамен. Каб у мяне была вышэйшая заработная плата, каб пад меншы адсотак атрымаць сваё жыллё", — так на пакаянным відэа мужчына тлумачыць, чаму хадзіў на мірныя мітынгі ў 2020 годзе. Мабыць, сілавікі затрымалі мужчыну, каб больш такога не хацелася.

Яраслаў Вялічка працаваў плітачнікам-абліцоўшчыкам у "Гродзенскіх электрычных сетках". На цяперашні момант невядома, да якога віду адказнасці ён прыцягнуты, але яго імя значыцца ў тэлеграм-канале "Списки задержанных".

 

Аляксей Бондар

Облава в TikTok: в Беларуси власти сажают даже блогеров из безобидной соцсети
Аляксей Бондар / TikTok

Тыктокер lexmask — мінчук Аляксей Бондар, у якога на канале больш за 60 тысяч падпісчыкаў. У кароткіх забаўляльных відэа хлопец з'яўляецца ў масцы, на сцяне ў яго вісіць сіне-жоўтае палатно. Апошнія ролікі на сваім канале хлопец суправаджае надпісамі на беларускай мове.

У чэрвені 2022 года ГУБАЗіК затрымлівае тыктокера, а дзяржпрапаганда абвінавачвае яго ў тым, што ён "хайпаваў на ваенным канфлікце". У выніку хлопца прымушаюць запісаць пакаяннае відэа і даюць адміністрацыйку — дзесяць сутак. Сілавікі крадуць яго тыкток-канал, мяняюць аватар на цяперашні беларускі герб і заліваюць відэа з затрыманнем Аляксея.
 

Уладзіслаў Абадоўскі

Гэта якраз той тыкток-блогер, які шукаў на паліцах беларускіх крамаў пратэрмінаваныя тавары. А потым адпраўляў скаргі на пратэрміноўку ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і санэпідэмслужбы.

Облава в TikTok: в Беларуси власти сажают даже блогеров из безобидной соцсети
Уладзіслаў Абадоўскі / тэлеграм

Дзяржпрапаганда заяўляе, што хлопца затрымалі не за яго "кантрольныя закупкі", а за ўдзел у пратэстах 2020 года. Але прасіць прабачэння на камеру яго прымусілі не толькі за "несанкцыянаваныя акцыі", але і за пошукі пратэрміноўкі. "Сваімі дзеяннямі... Напэўна, так. Хутчэй за ўсё, я абражаю супрацоўнікаў крамы..." — у выніку "прызнаецца" хлопец.

Запісаўшы пакаяннае відэа, губазікаўцы адпускаюць Абадоўскага дадому. Але папярэдне бяруць з яго "абяцанні не толькі на словах". Цяпер яго тыкток-канал выдалены.

 

Тыктокеркі з каледжа

Дзве вучаніцы Гомельскага каледжа кулінарыі вымушана раскайваюцца на камеру ў сакавіку 2022 года. Сілавікі прымушаюць дзяўчат прасіць прабачэння за нібыта апублікаваныя імі ў TikTok відэа з перамяшчэннямі расійскай вайсковай тэхнікі.

Ці былі яны прыцягнутыя да адказнасці — невядома.

Облава в TikTok: в Беларуси власти сажают даже блогеров из безобидной соцсети
"Шпіёнкі" з кулінарнага каледжа / тг-канал праваабарончага цэнтра "Вясна"

Гэта далёка не поўны спіс блогераў, якія трапілі пад каток рэпрэсій у Беларусі. За відэа, якія не падабаюцца дзяржцэнзуры і сілавікам, беларускія ўлады адпраўляюць у месцы пазбаўлення волі не толькі тыктокераў, але і тых, хто робіць кантэнт для ютуба, інстаграма і іншых пляцовак. З блогераў пры затрыманні здзекуюцца, прымушаючы "раскайвацца" на камеру.

На 22 жніўня 2022 года палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 1302 чалавекі. Іх поўны спіс можна знайсці на сайце праваабарончага цэнтра "Вясна" (з Беларусі праз VPN).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі