Абаронцу Курапатаў, які прыкаваў сябе да грузавіка, спрабавалі затрымаць

Абаронцу Курапатаў Сяргея Пальчэўскага, які сёння прыкаваў сябе кайданкамі да МАЗа, пратэстуючы супраць будаўніцтва каля мемарыяльнага комплексу, спрабавалі затрымаць. Некалькі гадзінаў ён правёў на зямлі каля аўтамабіля. Аднак прыблізна ў палову на шостую на месца прыехалі міліцыянеры ў цывільным і ратавальнікі. Аднак супрацоўнікам МНС не давялося выкарыстоўваць спецінструменты — актывіст сам адчыніў кайданкі ключом. Пальчэўскі ўпаў на зямлю, людзі ў цывільным спрабавалі яго затрымаць і занесці ў мікрааўтобус. Аднак іншыя абаронцы Курапатаў кінуліся яго абараняць. Адбылася сутычка. У выніку, Сяргей Пальчэўскі застаўся на волі.

Як паведамляла Еўрарадыё, актывісты спрабуюць перашкаджаць будаўніцтву каля Курапатаў, месца пахаванняў дзясяткаў тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, ад панядзелку. Уначы 23 лютага на іх напалі і збілі невядомыя.

Актывісты патрабуюць ад кіраўніцтва будоўлі спыніць працы, пакуль разглядаюцца іх звароты. Нібыта, такое абяцанне было атрыманае. Раніцай у суботу абаронцы Курапатаў абвесцілі агульны збор каля будаўнічай пляцоўкі.