43-гадовага жыхара Мядзельскага раёна жорстка катавалі за 50 рублёў

43-гадовага жыхара Мядзельскага раёна жорстка катавалі за 50 рублёў

43-гадовага жыхара Мядзельскага раёна жорстка катавалі за 50 рублёў. Двое зламыснікаў (30-гадовы жыхар Докшыцкага раёна і 34-гадовы жыхар Мядзельшчыны), яго знаёмыя, патрабавалі вярнуць нібыта скрадзеныя грошы, вывозілі мужчыну ў лес, збівалі, прывязвалі яго да аўтамабіля.

Як інфармуе прэс-служба Мядзельскага РАУС, увечары 19 ліпеня ў міліцыю патэлефанаваў мужчына, які распавёў пра "разборкі" ў стылі 90-х і пра тое, што ён здолеў уцячы. Зламыснікаў хутка затрымалі па месцы іх жыхарства. Высветлілася, што напярэдадні пацярпелы са сваім таварышам рамантавалі печку ў доме, дзе жывуць затрыманыя (гаспадар і кватарант). Ім за працу не плацілі, проста "накармілі і напаілі".

Раніцай гаспадар і кватарант пачалі шукаць 50 рублёў, якія, як яны думалі, у іх мусілі застацца. І яны вырашылі, што грошы скралі. На старэнькім аўтамабілі "Фольксваген Джэта" зламыснікі завезлі ўчорашніх сабутэльнікаў да лесу. Там збівалі. Пасля, каб напалохаць, аднаго з мужчын прывязалі да машыны і пачалі рух — ён за ёй бег некалькі соцень метраў. Далей яго паклалі ў багажнік і павезлі да возера, каб там "пакупаць". У гэты момант другі пацярпелы ўцёк у лес. Тады першага пацярпелага завезлі ў той самы дом, дзе рамантавалася печка і была п'янка. Планавалі працягнуць катаванні, але мужчына ўцёк і паведаміў у міліцыю (дзіўна, што да праваахоўнікаў не звярнуўся першы пацярпелы, які ўцёк раней).

У выніку, мужчыны, якія займаліся катаваннямі, затрыманыя і знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання Мядзельскага РАУС. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Катаванне", але магчымая перакваліфікацыя. Адзін з пацярпелых шпіталізаваны, у яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пераломы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі