4 адрозненні: як галасуюць за прадстаўніка “Еўрабачання” у Беларусі і ва Украіне

4 адрозненні: як галасуюць за прадстаўніка “Еўрабачання” у Беларусі і ва Украіне

Беларускі ўдзельнік Еўрабачання-2018 — ALEKSEEV — ужо вядомы. А ў суботу, 24 лютага, з прадстаўніком на конкурс вызначыцца яго Радзіма, Украіна. 

Ва Украіне на перамогу прэтэндуюць шэсць выканаўцаў. Найлепшага назавуць тыя ж суддзі, што ацэньвалі артыстаў у паўфіналах — гэта вядомыя Джамала, Андрэй Данілка і Яўген Філатаў (саліст гурта The Maneken, саўндпрадзюсар Onuka).


Еўрарадыё паглядзела паўфіналы ўкраінскага адбору, уважліва пачытала палажэнне і параўнала яго з правіламі сёлетняй беларускай "еўравіжанскай" гонкі. Некалькі пунктаў украінскага рэгламенту нам асабліва спадабалася:


— першымі ў жывым эфіры агучваюцца ацэнкі журы;


— кожны ўдзельнік мусіць атрымаць унікальны бал ад суддзяў;


— калі два канкурсанты атрымалі аднолькавую колькасць балаў, лёс пераможцы вырашаюць тэлегледачы;


— за аднаго канкурсанта можна адправіць адно смс; 

4 адрозненні: як галасуюць за прадстаўніка “Еўрабачання” у Беларусі і ва Украіне
Сёлетняе журы нацыянальнага адбору Украіны

Першымі ў жывым эфіры агучваюцца ацэнкі журы


Калі беларускія суддзі глядзяць фінал з таемнага пакоя і выключна па тэлевізары (ацэньваюць кожны нумар як частку тэлешоў і ставяць ад 12-ці да 0 балаў), то ўкраінскае журы засядае проста ў зале перад выканаўцамі і тут жа каментуе іх выступы. Падчас галасавання журы выпраўляецца на закрытае абмеркаванне і выстаўляе балы кожнаму ўдзельніку (найвышэйшы бал адпавядае колькасці ўдзельнікаў: у паўфіналах гэта 9, у фінале — 6, найніжэйшы бал — 1). 


Вынікі глядацкага галасавання, якое ідзе паралельна цягам гадзіны, суддзям не вядомыя. Першымі ў жывым эфіры агучваюцца ацэнкі журы! Прычым як агульны бал, так і прыватны, ад кожнага суддзі. Ніхто не баіцца сказаць, чаму паставіў адзінку ці дзявятку.

 

Беларускія сябры журы таксама галасуюць, не ведаючы прыхільнасцяў тэлегледачоў (16 лютага гледачы маглі галасаваць цягам дзесяці хвілін). Аднак меркаванне суддзяў сёлета было агучанае праз 30 хвілін пасля таго, як аб'явілі ацэнкі фэнаў. Да таго ж у палажэнні аб беларускім нацыянальным адборы прапісана, што галасаванне журы праводзіцца таемна. Сябры журы падпісваюць дакумент аб неразгалошванні, і не кожны лічыць прыстойным яго парушыць! На пытанне, каму якія адзнакі паставілі, у Беларусі некаторыя суддзі могуць адказаць так:

Да таго ж у Беларусі ўражвае колькасць суддзяў. Напрыклад, у фінале адбору ў 2015 годзе свой вердыкт выносіла ўсяго 7 чалавек. Праўда, гэта быў эксперыментальны год: акурат тады былі агучаныя ацэнкі кожнага з сямі суддзяў, а восьмай ішла адзнака гледачоў — як асобнага суддзі. У 2016 годзе ў паўфінале ў журы сядзела больш за 15(!) чалавек, а ў фінале Айвана выбіралі выключна тэлегледачы. Потым Белтэлерадыёкампанія вярнулася да больш звыклай схемы галасавання 50х50. Сёлета пераможцу вызначалі 9 сябраў журы.

4 адрозненні: як галасуюць за прадстаўніка “Еўрабачання” у Беларусі і ва Украіне
Шматвектарнае журы першага этапа адбору 2016 года

Кожны ўдзельнік мусіць атрымаць унікальны бал ад суддзяў


У Беларусі сёлета два выканаўцы ў фінале атрымалі чацвёркі ад журы. Гэта Shuma i Lexy Weaver. Украінскім суддзям забаронена аднолькава ацэньваць канкурсантаў — яны мусяць прагаласаваць між сабой і вызначыць таго, хто варты вышэйшага рэйтынгавага балу. 

 

Калі два канкурсанты атрымалі аднолькавую колькасць балаў, лёс пераможцы вырашаюць тэлегледачы


У 2014 годзе беларускія гледачы аддалі свае сэрцы Максу Лорэнсу і Дзядзюлю, журы — Тэа. Па суме балы зраўняліся. Але апошняе слова, згодна з палажэннем аб беларускім нацыянальным адборы, застаецца за суддзямі, якія галасуюць адкрыта. У выніку паехаў Тэа. Калі б такая сітуацыя здарылася ва Украіне, то краіну б прадстаўлялі Лорэнс з Дзядзюлем, бо, па правілах суседзяў, калі два канкурсанты атрымалі аднолькавую колькасць балаў, лёс пераможцы вырашаюць тэлегледачы.

 

За аднаго канкурсанта можна адправіць адно смс


Пачынаючы з Айвана кожны беларускі адбор суправаджаўся скандалам пра накрутку галасоў, і прадзюсары, якія выкарыстоўвалі такі метад, гэтага асабліва не хавалі. Сёлета арганізатары беларускага адбору абмежавалі колькасць смс з аднаго нумару да 10. Нашы суседзі зрабілі яшчэ больш строга: за аднаго выканаўцу з аднаго нумару можна прагаласаваць толькі аднойчы.


Чаму ўкраінскі адбор выглядае больш шчырым і дэмакратычным за беларускі? Таму што пераможцу тут і цяпер, навідавок выбіраюць актуальныя музыкі, дзейнасць якіх адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі ва ўкраінскай музыцы. Іх трое, але ім давярае не толькі публіка, але і арганізатары адбору. Публіка цэніць павагу да сябе: ёй прапаноўваецца галасаваць гадзіну(!), яе меркаванне вырашальнае ў спрэчнай сітуацыі. Усё проста.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі