20:45 Барысаўскі малочны камбінат захоўваў пратэрмінаваную прадукцыю

Працаўнікі Барысаўскага Цэнтра стандартызацыі,
метралогіі і сертыфікацыі правялі праверку на Барысаўскім малочным
камбінаце. На гэтым прадпрыемстве, укаранёная сістэма менеджменту, якая
прадугледжвае выпуск прадукцыі высокай якасці.
 На жаль, умовы захоўвання вырабленых малочных прадуктаў аказаліся далёкімі ад ідэальнага. Масла захоўвалася ў лядоўні, якую даўно не размарожвалі, разам з пратэрмінаванымі глазураванымі сыркамі.

Падчас праверак таксама былі выяўленыя “залежы” сухога абястлушчанага малака з мінулым тэрмінам прыдатнасці, якое нельга выкарыстоўваць ні для якіх відаў перапрацоўкі. Такім чынам, камбінату давядзецца ўтылізаваць амаль 5,5 тон гэтага прадукту на суму амаль 20 млн рублёў.

Была прызнаная непрыдатнай да ўжывання і партыя нятлустага замарожанага тварагу з-за адсутнасці на ім маркіроўкі, а значыць, і немагчымасці вызначыць тэрмін прыдатнасці. Забракавана гэтага дыетычнага прадукту на суму 11,5 млн. рублёў.

Захоўвалі на камбінаце пратэрмінаваныя згушчанае малако з цукрам, смакаараматычныя дабаўкі, фольгу для пакавання масла, алюмініевыя коркі і пергамент.

Нараканні правяраючых выклікалі і стан транспартнай тары, лядоўных камер, рэфрыжэратара для захоўвання сухога малака, паведамляе сайт “Борисов электронный”.