101-гадоваму экс-ахоўніку канцлагера Заксенхаўзен прысудзілі пяці гадоў турмы

Зямельны суд у нямецкім Нойрупвіне 28 чэрвеня прысудзіў пяць гадоў турмы 101-гадоваму былому ахоўніку канцлагера Заксенхаўзен, перадае нямецкая радыёстанцыя, прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкай. Мужчыну абвінавацілі ў дапамозе ў забойстве тысяч зняволеных лагера.

Суд ішоў дзевяць месяцаў. Абвінавачаны не прызнаў сваю віну: ён заявіў, што ніколі не служыў у Заксенхаўзене. У час, названы ў абвінавачанні, мужчына, па яго словах, працаваў на ферме ў зямлі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія. Але пракуратура прадставіла дакументы ахоўніка канцлагера, чыё імя, прозвішча і дата нараджэння цалкам супадалі з данымі абвінавачанага.

Канцлагер Заксенхаўзен быў пабудаваны ў 1936 годзе і існаваў да канца Другой сусветнай. Праз яго прайшлі больш за 200 тысяч зняволеных: палітычныя праціўнікі нацысцкага рэжыму, габрэі, цыганы, замежныя ваеннапалонныя. Ахвярамі голаду, хвароб, прымусовай працы, медыцынскіх эксперыментаў і жорсткага абыходжання эсэсаўцаў сталі дзясяткі тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.