З'явілася відэа з расповедам кіроўцы фуры, па якой стралялі 80 разоў

Як паведамляла Еўрарадыё, 27 ліпеня аўтовоз з мінскімі нумарамі, віляючы з боку ў бок і ігнаруючы патрабаванні аб прыпынку, ехаў ад Слоніма да Баранавічаў. Па дарозе ён учыніў тры аварыі ў Гродзенскай вобласці. Спрабуючы яго спыніць, супрацоўнікі Слонімскай ДАІ расстралялі па колах каля 80 патронаў, але машына працягвала рухацца.

Не спыніўся парушальнік і на патрабаванні баранавіцкіх інспектараў. Яны таксама стралялі па колах, прабілі паліўны бак. Толькі калі ўсё паліва выцекла з бака, фура спынілася. Па падліках супрацоўнікаў ДАІ, за неадэкватным кіроўцам яны гналіся каля 150 кіламетраў.

Затрыманым аказаўся 30-гадовы мінчук, які ехаў з Польшчы. Падчас медыцынскага асведчання ў яго выявілі 1,9 праміле алкаголя. Кіроўца распавёў прэс-службе ДАІ Гродзенскай вобласці, што слаба памятае тыя падзеі:

"Памятаю толькі пагоню, а як усё пачыналася, не памятаю. Сірэны, стрэлы памятаю... Якое жаданне спыніцца?!  Мазгі ўжо разумелі, што "накасячыў".

Мужчына распавёў, што мае сям'ю: жонку і дзіця.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі