“Звязда” апублікуе справаздачу Анісім, але “ў больш прыдатнай форме”

“Звязда” апублікуе справаздачу Анісім, але “ў больш прыдатнай форме”

Справаздачу пра зробленае за сто дзён працы дэпутат парламента Алена Анісім накіравала ў дзяржаўную газету “Звязда” ў канцы мінулага года. Па словах Анісім,, яна хацела і сваім выбаршчыкам, і усім цікаўным прадэманстраваць, чым канкрэтна займаецца дэпутат. Але газета, кажа Анісім, адмовіла ёй у публікацыі.

Анісім: “Тыдні тры, відаць, прайшло, як я ім накіравала, і толькі цяпер прыйшоў адказ на электронную пошту. Падзякавалі за ўвагу да іх выдання, але, маўляў, яны не могуць цалкам надрукаваць гэтую справаздачу, а скарыстаюць яе ў рубрыцы пра мясцовае самакіраванне”.

Па словах Анісім, чакаць пакуль “Звязда” нешта з яе справаздачы надрукуе яна не будзе і ўжо размясціла яе на сваёй старонцы ў сацсетцы, газеце Таварыства беларускай мовы “Наша слова” і ў раённых газетах Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў, дзе яе абралі дэпутатам.

У рэдакцыі “Звязды” Еўрарадыё патлумачылі, што не маюць практыкі публікаваць справаздачы пра зробленае дэпутатам за нейкі перыяд часу. Маўляў, калі кожны са 110 народных абраннікаў захоча, каб яго справаздача была размешчаная на старонках іх газеты, то месца на іншыя публікацыі не застанецца. Але паабяцалі, што абавязкова скарыстаюцца інфармацыяй са справаздачы Анісім для падрыхтоўкі матэрыялу аб працы дэпутатаў. І нават паведамілі, што адпаведны артыкул з’явіцца ў “Звяздзе” 1 лютага.

У адпаведнасці з Законам “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў”, дэпутат абавязаны не радзей аднаго разу ў год рабіць праваздачу перад выбаршчыкамі аб зробленай працы. І, кажа закон, “інфармацыя аб справаздачы можа быць перададзеная па мясцовым радыё і тэлебачанні, апублікаваная ў мясцовай прэсе”. Разам з тым закон адзначае, што “Дэпутат Палаты прадстаўнікоў мае пераважнае права выступаць па пытаннях сваёй дзейнасці ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі