ЗША заявілі, што выкрылі расійскую шпіёнскую сетку

Федэральная пракуратура Паўднёвай акругі Нью-Ёрка абвясціла пра выкрыццё "расійскай шпіёнскай арганізацыі". У яе нібыта ўваходзілі 39-гадовы Яўген Буракоў, 40-гадовы Ігар Спорышаў і 27-гадовы Віктар Падобны. Па звестках амерыканскіх СМІ, супрацоўнік Службы знешняй разведкі Расіі Буракоў быў у Нью-Ёрку пад выглядам работніка расійскага Знешэканамбанка і займаўся зборам разведвальнай інфармацыі.

Спорышаў з 22 лістапада 2010 года па 21 лістапада 2014-га быў гандлёвым прадстаўніком Расіі ў Нью-Ёрку. А Падобны з 13 снежня 2012-га лічыўся аташэ пастаяннага прадстаўніцтва Расіі пры ААН. Яны ўжо пакінулі ЗША і знаходзяцца па-за амерыканскай юрысдыкцыяй, перадае ВВС. У адрозненне ад іх Буракоў заставаўся ў ЗША і быў у панядзелак зранку арыштаваны ў сябе ў Бронксе.

Буракоў, Спорышаў і Падобны абвінавачваюцца не ў шпіянажы, а ў змове, падчас якой Буракоў у парушэнне закона не зарэгістраваўся ў Мінюсце ЗША як замежны агент, а двое іншых яму садзейнічалі. Кожнаму з іх пагражае да 15 гадоў турмы.

Як вынікае са словаў пракурора, ФБР назірала за Бураковым і Спорышавым з сакавіка 2012 года па сярэдзіну 2014-га. Буракоў перыядычна перадаваў свайму калегу пакеты, часопісы ці лісткі паперы.  Спорышаў і Падобны не толькі атрымлівалі разведданыя ад Буракова, але і збіралі іх самі. У прыватнасці, яны нібыта спрабавалі вербаваць студэнтак, выпускніц і аспірантак адной нью-ёркскай ВНУ.

Адзін з агентаў ФБР кажа, што сустракаўся з Бураковым пад выглядам прадстаўніка буйнога інвестара, які жадае ўкласці грошы ў казіно ў Расіі. Па словах пракурораў, у гутарках Буракоў пастаянна выказваў цікавасць да інфармацыі, якая выходзіла за межы яго банкаўскай працы, але магла спатрэбіцца расійскай разведцы. Таксама ён цікавіўся санкцыямі ЗША супраць Расіі.

Фота — gorod.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі