Вылечыць зламаную нагу замежніку ў Беларусі ― 3 000$, у ЗША ― 90 тысяч

Вылечыць зламаную нагу замежніку ў Беларусі  ―  3 000$, у ЗША ― 90 тысяч

Журналіст Франак Вячорка ламае ў ЗША нагу падчас гульні ў футбол і атрымлівае рахунак за лячэнне больш, чым на 90 тысяч долараў! Гэта за машыну хуткай, тры дні ў лякарні, кансультацыю лекара, пяць рэнтгенаў, аналізы, аперацыю. Для беларуса сума непад’ёмная.

“Мне прыйшоў рахунак на 80 тысяч долараў, яшчэ на 10 тысяч. Кожны з іх мае складаныя тлумачэнні, у якіх звычайны амерыканец не разбіраецца. Але па выніку мне дасылаюць фінальны рахунак, па ім трэба заплаціць 6,7 тысячы долараў”.

Як студэнт амерыканскага ўніверсітэта, Франак меў страхоўку, якая пакрыла большую частку выдаткаў. Яшчэ амаль сем тысяч ён мусіць плаціць не адразу, а ў растэрміноўку.

“Я не абавязаны плаціць гэтую суму адразу. Магу хоць дзесяць гадоў выплачваць. І ніхто мяне не будзе дэпартаваць”, ― дадае Франак.

А што б было з амерыканцам, калі б ён зламаў нагу падчас гульні у футбол у Беларусі.

У 6-й мінскай бальніцы Еўрарадыё называюць суму ў раёне трох тысяч долараў за ўсе паслугі.

Вось прэйскурант гэтай лякарні. Аперацыя, падобная да той, што была ў Франака, каштуе больш за тысячу долараў, разам з імплантантамі і працай медыкаў. Калі падлічваць разам з анестэзіяй, працай медыкаў, здымкамі і пасляаперацыйнай рэабілітацыяй, атрымаецца каля трох тысяч долараў.

Аперацыю ў ЗША робяць да дзесяці чалавек, сярод якіх два анестэзіёлагі. Іх працу трэба аплаціць. У Мінску падчас такой аперацыі прысутнічалі б 2-3 чалавекі. Да таго ж грошы замежніку за аперацыю ў нас трэба плаціць адразу. Але гэта звычайна пакрывае медыцынская страхоўка.

“Замежнікі заязджаюць па страхоўцы і ім пакрываецца ўся экстраная дапамога. Нават калі чалавек едзе з дарагой, але замежнай страхоўкай, трэба набываць страхоўку”, ― кажуць у 6-й бальніцы.

У Белдзяржстраху пацвярджаюць, што не важна, пацыент гуляў у футбол ці зламаў нагу ў іншых абставінах.

У Беларусі абавязковая страхоўка для замежніка будзе каштаваць 1,5 долара на дзень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі