Жыхары Брэста зладзілі стыхійны пікет у гарвыканкаме (фота)

Чарговае грамадскае абмеркаванне на прадмет узвядзення так званага "італьянскага квартала" ў Брэсце адбылося 17 верасня ў мясцовым гарвыканкаме. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўладаў і жыхары, дамы якіх паводле праекту трапляюць пад знос. Некаторыя з патэнцыйных адсяленцаў прыйшлі ў залу з плакатамі "Не — будаўніцтву ў нашым двары", "Наш горад — не ваш падворак" і іншымі.

Падобная сустрэча з гэтымі самымі ўдзельнікамі адбылася больш за месяц таму. На ёй прадстаўнікі грамадскай супольнасці агучылі пытанні, звязаныя з праблемамі азелянення, экалогіі, транспарту, а таксама з супярэчнасцямі ў нарматыўных актах. Аднак поўных адказаў людзі не атрымалі ні месяц таму, ні цяпер.

Адна жанчына ў зале трымае ў руках плакат "Чые інтарэсы абараняе ўлада?" Нібыта адказваючы на яго, з трыбуны выступае Мікалай Якубоўскі, намеснік кіраўніка гарвыканкама. Чыноўнік абверг падазрэнні пра наяўнасць карупцыйнай схемы паміж уладамі і інвестарам, аднак канчаткова расставіць усе кропкі над "і" ў канцы сустрэчы таксама не здолеў:

"Я хачу, каб у вас не было такога паняцця, што прыйшоў Якубоўскі абараняць італьянскі праект. Проста я кажу словамі сваімі і словамі губернатара, што наша мэта, гарадскіх уладаў, — каб тое, што вам і нам прапаноўвае інвестар, было бяспечным. Таму ўсе службы ўжо па трэцім ці чацвёртым разе прагледзяць увесь гэты праект — і дадуць свае заключэнні".

Нагадаем, што канфліктная сітуацыя ўзнікла некалькі гадоў таму. Тэрытарыяльны квадрат вуліц Міцкевіча, Савецкая, Камсамольская і Пушкінская прыглянуўся італьянскай фірме. Замежнікі запланавалі рэалізаваць тут, у самым цэнтры Брэста, інвестыцыйны праект. Кіраўніцтва горада дазволіла забудову, таму ўжо амаль 4 гады сем’і з дамоў на гэтай тэрыторыі літаральна "жывуць на валізках" у чаканні высялення.

Па словах адной з удзельніц слуханняў Ірыны Ткачовай, дыялогу з уладамі зноў не атрымалася. Цяпер жыхарам застаецца чакаць заканчэння тэрміну інвестыцыйнай дамовы ў канцы наступнага месяца.

"У нас надзея на 30 кастрычніка, як нам паведамілі. Тады наступіць "гадзіна Х", момант ісціны ў гэтай інвест-дамове, ва ўсіх абавязаннях, якія на сябе ўзяў інвестар. І тады стане неактуальнай наша барацьба супраць гэтага праекта, бо дамова можа быць скасаваная".

Большасць сем’яў, на месцы дамоў якіх плануецца рэалізацыя "італьянскага квартала", не задавальняюць прапановы інвестара. На сённяшні дзень з 28 сямей адсялілася толькі 4. Тых, хто застаўся, бянтэжыць працэдура ацэнкі іх маёмасці. Яшчэ падчас мінулых слуханняў выявілася, што праводзіць ацэнку прыходзілі толькі ў 2 кватэры.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі