ЖЭС ратуе мінчан, якія шэсць дзён вычэрпваюць фекаліі з ваннаў і ўнітазаў (фота)

ЖЭС ратуе мінчан, якія шэсць дзён вычэрпваюць фекаліі з ваннаў і ўнітазаў (фота)

Улады адрэагавалі на матэрыял Еўрарадыё і іншых медыя пра мінскую "хрушчоўку" на вуліцы Лібкнехта, жыхары якой ужо амаль тыдзень жывуць без вады і каналізацыі. Раніцай 1 снежня да 4-га пад'езда дома, увесь першы паверх якога вычэрпвае з ваннаў ды ўнітазаў фекаліі суседзяў зверху, набеглі камунальнікі. Побач з уваходам у пад'езд разабралі плітку. На глыбіні прыкладна ў два метры рабочыя намацалі тую самую пераламаную трубу, якая не дае працаваць каналізацыі.

"Так ты яе не выцягнеш, — кажа хлопец у жэсаўскай робе, які стаіць у яміне. — Трэба ў калодзежы яе разбіць, вызваліць — і тады яна пойдзе".

Другі рабочы падымае крышку каналізацыйнага люка. Першы пачынае вядром вычэрпваць з яміны нечыстоты, у якіх стаіць амаль па край ботаў, і выліваць іх у каналізацыйны люк, да якога яно само дабрацца не можа.

ЖЭС ратуе мінчан, якія шэсць дзён вычэрпваюць фекаліі з ваннаў і ўнітазаў (фота)

"Тут не тое, каб складаная сітуацыя. Але доступу не было! Па правілах, каб праводзіць тут земляныя працы, трэба было адкрываць раскопкі. Бо там, уздоўж дома, праходзіць газавая труба. Бачыце зялёную таблічку? — паказвае на ўваход у пад'езд намесніца дырэктара ЖЭУ №3 Маскоўскага раёна Мінска, якая кіруе працэсам. — І добра, калі газ праходзіць менавіта так, як там напісана, бо часам здараюцца нюансы. Каб знайсці месца, дзе дакладна праламалася труба, учора зноў выклікалі спецтэхніку, прамылі спецыяльна".

У пад'ездзе па-ранейшаму няма вады. Гарачую яшчэ ў панядзелак адключыў ЖЭС, халодную — жыхары першага паверха, каб суседзі зверху не карысталіся каналізацыяй. У сераду цярпенне людзей ужо было на мяжы. "У мяне дзеці вучацца ва ўніверсітэце, муж працуе. Усё "гэта" мы імкнёмся пакінуць недзе там, на працы. Муж з дзецьмі начаваў у сяброў, — распавядала Еўрарадыё Святлана Даўгуненка з кватэры №49, першай у пад'ездзе. — На кухні, калі мыем посуд, таксама ўсё на вуліцу выносім, бо не хачу пасля ўсё гэта вычэрпваць з унітаза. Усё ў кватэры залітае хлоркай. Няма слоў".

Суседзі Святланы уначы па чарзе дзяжураць побач з унітазам. Калі зверху нехта злівае ваду, усё льецца ў іх кватэру...

ЖЭС ратуе мінчан, якія шэсць дзён вычэрпваюць фекаліі з ваннаў і ўнітазаў (фота)

На чацвёрты дзень такога існавання жыхарам надакучыла слухаць абяцанні ад чыноўнікаў з адміністрацыі раёна, і яны звярнуліся ў СМІ. Учора камунальнікі абяцалі адрамантаваць каналізацыю не раней за пятніцу, ці нават у нядзелю. Маўляў, трэба прыцягваць спецтэхніку, шукаем падрадчыкаў. Але сёння сітуацыя змянілася.

На лаве побач з пад'ездам ляжыць новая пластыкавая труба. Яшчэ да вечара камунальнікі абяцаюць паставіць яе на месца старой, чыгуннай. І вярнуць пад'езд з Сярэднявечча ў сучасны Мінск, дзе, каб схадзіць у прыбіральню, не трэба шукаць гаршчок, а пасля выносіць яго на вуліцу.

ЖЭС ратуе мінчан, якія шэсць дзён вычэрпваюць фекаліі з ваннаў і ўнітазаў (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі