Жбанкоў: Мы ― еўрапейскія партызаны ў зоне ўсходняга ўплыву

Жбанкоў: Мы ― еўрапейскія партызаны ў зоне ўсходняга ўплыву

Праз чатыры дні ў Беларусі пачынаецца Год навукі. А пакуль разам з культуролагам Максімам Жбанковым узгадваем Год культуры ― афіцыйны і яго “паралельную рэчаіснасць”.

Слухаць размову цалкам:

Цікавыя цытаты:

Падзей у межах культурных дзяржаўных праграм не здарылася. Здзіўляцца тут няма чаму, наша дзяржаўная датацыйная культура працуе інерцыйна, не вырабляе якасна новых прадуктаў. Калі абвясцілі год культуры, забыліся пра тое, каб абвясціць дзяржаўную культуру крэатыўнай. Атрымалася другасна і бессэнсоўна.

 

Адбыўся неверагодны выбух кінафэстаў, якіх, апроч “Лістапада”, атрымалася пяць ці шэсць. Паўстае новая сістэма самаарганізацыі тых, хто вырабляе кіно, хто яго глядзіць, і тых, хто згодны яго заўважаць. Дзяржава тут ніякім чынам не далучаная.

 

Праз творчасць спадароў Курэйчыка і Марціновіча, то бок, і ў кіношным, і ў літаратурным планах адбудоўваецца плынь, якую я пазначаю, як "айчынная нацыянальная пасрэдная культура". Гэта культура, як кажуць, дамашняй тэмпературы, якая не геніяльная, не фатальна катастрафічная, а якая задавальняе патрэбы сярэдняга спажыўца. Без гэтага ўзроўню культуры не можа быць таго, што мы лічым высокай ці элітарнай культурай. Мы дагэтуль будавалі культуру няправільна, мы яе будавалі зверху, а цяпер яна арганічна паўстае знізу. Два паверхі маем, падмурак ёсць, можам будаваць далей.

 

Вылучыў новы альбом Лявона Вольскага менавіта таму, што гэта спрэчная праца, вельмі асабістая, але гэта тое, што немагчыма не заўважыць. "Псіхасаматыка" вельмі няроўная: ёсць прэтэнзіі і да структуры, і да якасці гуку, і да лірыкі, у якой зашмат аўтапаўтораў. Але праўда ў тым, што нічога раўнамоцнага гэтаму альбому ў нас не з'явілася.

 

Тое, што нашы выгнаннікі вяртаюцца на радзіму, гэта дзіўная і вельмі цікавая справа. Мяркую, што культурныя адміністратары і дзяржменеджары кепска разумеюць, што рабіць з нефарматнай культурай, што ўжо можна ці нельга, ці яна на краіну працуе ці ўсё ж такі супраць? І ў гэтай разгубленасці дзяржменеджараў ёсць шанец для нефарматнай культуры.

 

Пры гэтым нікуды не падзелася цэнзура, бо меліся ў гэтай сітуацыі і адмененыя канцэрты, і забароненыя выступы, і нават прафільтраваная праграма фэсту Boolbamoovie, з якой прыбралі тое кіно, якое, як падавалася экспертам, абразіла айчынных міліцыянтаў. То бок, кіраўнікі нікуды не падзеліся. Але, дзякуй богу, што ад іх залежыць усё менш.

Жбанкоў: Мы ― еўрапейскія партызаны ў зоне ўсходняга ўплыву

Калі казаць пра нейкія спробы самаарганізацыі мастацкага жыцця, то трэба узгадаць неверагодны выбух так званых крэатыўных прастораў. Бо раней была адна на ўсіх галерэя "Ў" і ЦЭХ, а цяпер і Корпус 8, і Корпус 6, і Улей. Нечакана апынулася, што творчых пляцовак не замала, а можа, нават зашмат для гэтай колькасці крэатыўных кадраў. Фактычна несістэмная культура пачынае не проста жыць, а віраваць.

 

Кодэкс аб культуры ― гэта адміністрацыйная ініцыятыва. Кажуць, што такога нідзе няма, прабачце, гэта не дасягненне, гэта пытанне да тых, хто яго зрабіў: а навошта гэта ў нас ёсць?

 

У нас вельмі моцная паэзія, у нас абсалютна еўрапейская літаратура, у нас цяпер на вачох паўстае еўрапейскага ўзроўню індзі-кіно і новая музычная хваля. Гэта тая непадкантрольная прастора, якая нас яшчэ не аднойчы здзівіць. І сам факт яе існавання ― гэта, напэўна, галоўная падзея ў гэтым годзе для ўсіх нас.

 

Я ніколі пра нас, як пра Усход, і не думаў. Мы ― Еўропа. Недасканалая, траўмаваная, пакрыўджаная тым самым Усходам, якая дагэтуль не вызваліся ад ціску чырвонай імперыі. Мы ― еўрапейскія партызаны ў полі ўсходняга ўплыву.

 

Галоўны здабытак гэтага года ― новая генерацыя творчай моладзі, якая імкнецца рэалізаваць сябе тут і цяпер. Гэта новыя паэты, новыя музыкі, новыя кіношнікі. Хочам мы ці не, паўстае, як казаў Грабеншчыкоў, маладая шпана, якой належыць будучыня, яе не забараніць, не стрымаць, не спыніць. Я вельмі рады гэтаму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі