Здаць усе тэсты на 100, каб вывучыцца на міжнародніка і аддаць даніну модзе

Здаць усе тэсты на 100, каб вывучыцца на міжнародніка і аддаць даніну модзе

Сто балаў на тэставанні — штогод нехта набірае столькі па адным з прадметаў, ёсць тыя, хто піша так усе тры тэсты.

 

Здаць усе тэсты на 100, каб вывучыцца на міжнародніка і аддаць даніну модзе

"У гімназіі любімы прадмет быў англійскі, а нелюбімы, відаць, хімія. З сярэдняй школы хацела быць перакладчыкам. Апроч вучобы, я займаюся посткросінгам, ужо гады чатыры. Гэта дапамагло таксама ў англійскай. Самы любімы пісьменнік, напэўна, Васіль Быкаў. Нядаўна прачытала апошнюю кнігу Святланы Алексіевіч. А цяпер на стале, вось, кніга Салжэніцына ляжыць "Архіпелаг ГУЛАГ". Хацела здаваць беларускую мову, але на рэпетыцыйным тэставанні набрала па ёй менш балаў, чым па рускай. Тым больш, беларускай мовы толькі адна гадзіна на тыдзень", — так апісвае сябе Ганна Зыкава, якая на тэставанні набрала па ўсіх прадметах па сто балаў.

Выпускніца бабруйскай гімназіі паступае на факультэт міжнародных адносін.

Туды ж збіраецца яе аднакласніца Ірына Івах. Яна таксама набірае на тэставанні ўсе соткі.

Здаць усе тэсты на 100, каб вывучыцца на міжнародніка і аддаць даніну модзе

"У мяне шмат розных зацікаўленасцяў апроч вучобы: ёга, спорт, фітнэс. З сябрамі люблю пагуляць, кнігі люблю пра прыгоды. Віктор Гюго ― любімы аўтар. А музыку люблю класічную", — так апісвала свае цікаўнасці стобальніца Кацярына Букарава год таму.

Выпуснкік ці выпускніца ліцэя ці гімназіі, добра вучыцца ў школе, чытае літаратуру, слухае рок ці класіку. Мае час не толькі на вучобу, але на шматлікія хобі ды сяброў. Прыкладна такі партрэт у "чэмпіёна" тэставання любога года. Шмат стобальнікаў-гуманітарыяў ідуць пасля на факультэт Міжнародных адносінаў у БДУ.

"Там будзе цікава вучыцца", "гэта прэстыжна", "пасля атрымаецца з'ехаць", — матывуюць сябе паступаць на міжнародніка абітурыенты-выдатнікі. Кожны год прахадны бал там зашкальвае. Гэта як айфон апошняй мадэлі, каворкінг ці крэатыўны кластэр — даніна модзе. Але мода доўжыцца не першае дзесяцігоддзе.

Пасля выдатнікі ўжо з дыпломам працуюць у рэкламных агенцтвах, кавярнях, адкрываюць свае справы, працуюць у турызме, гандлі і нават у бібліятэцы. Але ў Міністэрства замежных спраў ці шматлікія дыпламатычныя прадстаўніцтвы выпускнікі самага прэстыжнага факультэта краіны амаль не трапляюць.

"Да нас трапляе адзін—два выпускнікі максімум, на больш у нас няма вакансій", — так кажуць пра размеркаванне на самым прэстыжным факультэце ў МЗС. Але толькі летась на спецыяльнасць "дыпламатычныя адносіны" у БДУ прынялі 24 чалавекі.

Абітурыенты і самі пра гэта ведаюць, і калі стобальніка спытаць, чым ён будзе займацца праз пяць гадоў вучобы на "юрыста-міжнародніка" ён раскажа пра пераезд у іншую краіну, працу на цікавай фірме, але не прыгадае сваю прамую спецыяльнасць.

"Паступіць, каб пяць гадоў вучыцца з цікавымі і разумнымі людзьмі", — такі самы распаўсюджаны адказ будучага міжнародніка. Можа, для гуманітарыя гэта нармальна, паступаць і пяць год вучыцца, каб не працаваць па спецыяльнасці. Але тэхнар, які нясе дакументы на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, можа і не быць стобальнікам, але будучую працу ўжо ўяўляе.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі