Замежныя лекі і айчынныя аналагі: што набываюць беларусы

Амаль да ўсіх замежных лекаў у мінскіх аптэках можна знайсці беларускія аналагі. Адмысловыя сайты пошуку адразу прапануюць іх, як альтэрнатыву больш дарагім замежным. Напярэдадні сезону грыпу цікаўлюся ў свайго тэрапеўта, што выпісвае сваім пацыентам.

"Пасля ўспышкі, якая была ў 2009 годзе выдзелены штам віруса, да яго распрацаваны прэпарат "Азельтамівір", гэта міжнародны непатэнтаваны сродак. Розныя фірмы выпускаюць яго пад рознымі гандлёвымі маркамі. Я магу на рэцэпце напісаць Азельтамівір 500 міліграмаў. І пацыент ідзе ў аптэку і, што яму па кошце падыходзіць, абірае".

Пад рознымі маркамі яго робяць два вытворцы — швейцарскі "Таміфлю" каштуе 280 тысяч, беларускі "Флюстоп" таннейшы у 3 разы — 90 тысяч рублёў.

"Я не магу сказаць, што людзі аддаюць перавагу нейкаму прэпарату. Ён дастаткова спецыфічны супраць пэўнага віруса. Адпускаецца па рэцэпце ўрача", — кажуць у аптэцы на вуліцы Багдановіча ў Мінску.

У іншай мінскай аптэцы кажуць, што больш ахвотна бяруць швейцарскія лекі, бо яны больш якасныя.

Пры грыпе падымаецца высокая тэмпература, таму патрэбнае жарапаніжаючае. Тут таксама брытанскі "Панадол" і беларускі "Парацэтамол". Упакоўка 12 таблетак "Панадолу" каштуе 15 800, беларускі "Парацэтамол" 10 таблетак — 2 250 рублёў.

Гэта абавязковыя прэпараты. У залежнасці ад сімптомаў выпісваюць таксама каплі для носа, сіроп ад кашлю і сродкі ад болі ў горле.

Нямецкі "Тусін плюс" каштуе 47 600, беларускі "Неатусін" — 32 400, праўда, аб'ём трошкі меншы.

"На кожныя лекі любой вытворчасці ёсць свой пакупнік. Калі браць "Арпетол" і расійскі "Арбідол", то "Арпетолу" ў нас купляюць больш. Алё ёсць катэгорыя людзей, якія купляюць "Арбідол". Што тычыцца польскага "Гропрынасіну", то наш аналаг "Імуназін", выпускаецца параўнальна нядаўна і рэкламная кампанія не такая актыўная, таму "Гропрынасін", як больш раскручаны, карыстаецца большым попытам".

Падчас эпідэмій гэтыя прэпараты таксама вельмі папулярныя.

Расійскі "Арбідол" (100 мг 10 таблетак) каштуе 49 000, беларускі аналаг "Арпетол" (20 таблетак) каштуе 71 250. "Гропрынасін" прадаюць за 89 500, беларускі "Імуназін" — 53 550.

Возьмем набор з трох лекаў, каб вылечыць грып: прэпарат супраць віруса, таблеткі ад тэмпературы і сіроп ад кашлю. Такі набор замежнай вытворчасці абыдзецца ў 343 000 рублёў, беларускія аналагі — у 125 000.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі