За якія грошы дзеючыя дэпутаты зноў ідуць у парламент

За якія грошы дзеючыя дэпутаты зноў ідуць у парламент

Усе расходы выбарчай кампаніі кандыдата мусяць быць аплачаныя з яго выбарчага фонду. Класці туды грошы можа хто заўгодна: і сам кандыдат, і яго прыхільнікі, і юрыдычныя асобы. Дэпутат пакуль яшчэ дзеючага парламента і кандыдат у дэпутаты парламента новага склікання Валерый Барадзеня надрукаваў 20200 чорна-белых улётак. Патраціў на гэта 253 рублі. Са сваіх, кажа, асабістых грошай, якія пералічыў у выбарчы фонд.

Валерый Барадзеня: “Я свае грошы пералічыў а таксама мне дапамагла “Белая Русь”. А цяпер я правёў перамовы і ёсць людзі, якія згодныя мне дапамагчы. Гэта бізнесмены, і я чакаю, што яны тыя грошы перавядуць. Але гэта невялікія сумы — агульная сума фонду будзе да тысячы рублёў”.

На дадатковыя грошы кандыдат плануе надрукаваць календары і, магчыма, дадатковы наклад улётак.

400 плакатаў, 2 тысячы ўлётак і 50 календароў ужо зрабіла сабе калега Валерыя Барадзені па Авальнай зале Наталля Гуйвік. Бліжэй да дня галасавання, распавядае кандыдат у дэпутаты, падпіша дамову з Белпоштай, каб тая ў кожную паштовую скрынку на яе выбарчым участку закінула невялічкую ўлётку з заклікам галасаваць за Наталлю Гуйвік. А выбаршчыкаў на тым участку звыш 60 тысяч. Што адметна, фактычна ўся гэтая агітацыйная кампанія робіцца за кошт асабістых сродкаў кандыдата.

Наталля Гуйвік: “Я ўжо дзесьці мільёнаў… васемсот рублёў сваіх паклала ў фонд. “Белая Русь” мяне падтрымала, бо я сябра “Белай Русі” — дзесяць базавых. Ну, вось пакуль і ўсё…”

Пры гэтым кандыдат у дэпутаты заяўляе: калі яе канкурэнты паставяць сабе білборды, то і яна зробіць тое ж.

У выбарчым фондзе Вадзіма Дзевятоўскага пакуль толькі тыя пяцьсот рублёў, якія ён туды пераклаў з уласнай кішэні. Па фінансавую дапамогу, кажа, ні да каго не звяртаўся — нават да “Белай Русі”. На гэтыя грошы Дзевятоўскі замовіў дзве тысячы плакатаў са сваёй выявай, праграмай і чатырохрадкоўем уласнага аўтарства. Білборд не хоча і не ўпэўнены, што трэба нейкія яшчэ дадатковыя ўлёткі друкаваць — яго ж і так усе яго выбаршчыкі ведаюць!

“Важна, каб не было перабору, бо гэтым можна адштурхнуць”, — разважае Дзевятоўскі.

І амаль адразу не выключае, што нейкая агітацыйная ці рэкламная прадукцыя яму яшчэ спатрэбіцца. А адпаведна, і грошы на яе. “У такім выпадку я альбо звярнуся да некага па дапамогу, альбо сам…” — кажа дэпутат-спартсмен.

А вось дэпутат і кандыдат у дэпутаты Валерый Гайдукевіч ні да каго па грошы для выбарчага фонду звяртацца прынцыпова не хоча. Каб нікому нічым не быць абавязаным. Нават да “Белай Русі”, сябрам якой, як і яго калегі, таксама з’яўляецца.

Валерый Гайдукевіч: “Я ўсё за свае — ні да каго не звяртаюся. Навошта некаму быць абавязаным? Выдаў тысячу плакатаў, троху календароў. Мне гэтага хопіць: сельская мясцовасць — навошта мне тут дзясяткі тысяч тых плакатаў ды ўлётак? Сустрэчы з людзьмі! А патраціў... Дзесьці каля тысячы новымі”.

Нагадаем, выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі