За выкананне кавераў, караоке ды рэпост фільма давядзецца заплаціць 10 мілёнаў

За выкананне кавераў, караоке ды рэпост фільма давядзецца заплаціць 10 мілёнаў

Як паўплываюць змены ў Кодэксе пра адміністратыўныя правапарушэнні ў сферы аўтарскага права на беларусаў. З 4 красавіка распаўсюджанне чужых песень ці кліпаў у сацыяльных сетках, аматарскія відэа з канцэртаў, пампаванне фільмаў і іншыя падобныя рэчы з’яўляюцца парушэннем аўтарскага права. Але прыцягнуць да адказнасці за такія дзеянні Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі можа толькі, калі будзе заява ад праваўладальніка ці калектыўнага ўпраўляючага ў асобе Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.

“Фізічная асоба, якая капіюе для сябе экземпляр, напрыклад, аўдыёвізуальнага твору (фільма) не парушае аўтарскіх правоў, — кажа кіраўнік цэнтра па калектыўным упраўленні НЦІУ Аляксей Бічурын. — Але парушае закон, калі прадастаўляе доступ да гэтай копіі іншым асобам. Напрыклад, калі расшарвае папку з гэтым фільмам, што па-сутнасці і робяць торэнт-трэкеры”.

Такая ж сітуацыя і з выступам кавер-бэндаў ці выкананнем песень у караоке.

За выкананне кавераў, караоке ды рэпост фільма давядзецца заплаціць 10 мілёнаў

“Для таго, каб кавер-бэнду законна выступаць, мусіць быць дамова, якая дае права на выкананне адпаведных музычных твораў публічна. Пэўны аб’ём правоў прадстаўляе НЦІУ, як арганізацыя па калектыўным упраўленні. То бок мы можам ад шэрагу аўтараў, як замежных, так і беларускіх, даць зацікаўленым дазвол на выкарыстанне адпаведных песень”.

Аляксей Бічурын

Напрыклад, калі на выступ кавер-бэнда ўваход па квітках, то музыкі мусяць выплаціць Цэнтру інтэлектуальнай уласнасці 5% ад сумы продажу. Калі без квіткоў, то ўсё залежыць ад колькасці наведвальнікаў. Да 500 чалавек — 5 базавых велічыняў (105 000 рублёў), але не меней за 7% ад сумы ўзнагароды выканаўцаў за канцэрт. Але гэта ў выпадку, калі музыкі самі арганізуюць свой выступ. Калі ж канцэрт ладзіцца па запрашэнні, напрыклад, клуба, то гэтыя абавязальніцтвы кладуцца на адміністрацыю пляцоўкі. Аляксей Бічурын дадае, што сталічныя бары з кавер-гуртамі заключаюць такія дамовы рэгулярна.

Поўны спіс тарыфаў аўтарскага ўзнагароджання, які збірае НЦІУ у межах калектыўнага ўпраўлення правамі на музычныя творы.

“А калі таму ж кавер-бэнду вельмі хочацца стварыць уласную аранжыроўку на нейкую песню, то адзінай парадай будзе — звярнуцца непасрэдна да праваўладальніка, — працягвае Аляксей Бічурын. — Без згоды праваўладальніка любыя дзеянні з творам будуць адназначна расцэньвацца, як парушэнне аўтарскіх правоў”.

З замежнымі ж аўтарамі ўсё складаней. Бо калі ў іх няма прадстаўнікоў у Беларусі, то і заявіць пра парушэнне не будзе каму. Але лепш не рызыкаваць, пераконвае супрацоўнік НЦІУ.

Спіс арганізацый па калектыўным упраўленні, з якім НЦІУ усталяваў адносіны ўзаемнага прадстаўніцтва інтарэсаў.

“Для рэгулярных рэйдаў з праверкамі ў нас папросту няма падставаў, бо няма заявы аўтара, — кажа намесніка кіраўніка першага аддзела галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Аляксандр Пагорскі. — Але, калі наш беларускі выканаўца пойдзе, напрыклад, у караоке-клуб, ці на канцэрт кавер-бэнда і пачуе там сваю песню, то ён можа напісаць заяву. Вось тады прыцягнем да адказнасці кіраўніцтва караоке-клуба. Пры гэтым, натуральна, мусім зафіксаваць, што факт парушэння адбыўся, апытаць сведак”.

Прадстаўнікі НЦІУ наведваюць канцэрты і адсочваюць парушэнні аўтарскіх правоў. Аляксей Бічурын пераконвае, што штрафуюць рэгулярна, проста “відаць, музыкі не вельмі папулярныя, таму гэтыя справы засталіся без розгаласу”. Такая ж сітуацыя і з ліцэнзаваным камп’ютарным праграмным забеспячэннем. Першы штраф за карыстанне неліцэнзійнай версіяй Windows атрымала група кампаній “Родная сторона” вясной мінулага года.

Спіс аўтараў і іншых уладальнікаў аўтарскага права, якія перадалі свае правы ў калектыўнае ўпраўленне НЦІУ.

Штрафы за парушэнне аўтарскіх правоў ідуць у бюджэт краіны. Але, калі факт парушэння будзе пацверджаны, праваўладальнік можа асобна падаць у суд і атрымаць кампенсацыю, якую палічыць патрэбнай.

Незаконнае распаўсюджанне ці іншае незаконнае выкарыстанне аб'ектаў аўтарскага права, сумежных правоў ці аб'ектаў права прамысловай уласнасці а таксама гатункаў раслін ці тапалогіі інтэгральнай мікрасхемы караюцца накладаннем штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (4,2-10,5 мільёнаў беларускіх рублёў), для індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 базавых велічынь (да 21 мільёна), а для юрыдычнай асобы — да 300 базавых велічынь (да 63 мільёнаў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі