За тры гады "справы прафесараў" адзін з іх загінуў, другі стаў інвалідам

За тры гады "справы прафесараў" адзін з іх загінуў, другі стаў інвалідам

На лаве падсудных Мінскага гарадскога суда два прафесары, Аляксандр Чычко і Уладзімір Собалеў. А таксама жонка Аляксандра Чычко — Вольга. Суд над навукоўцамі цягнецца чатыры месяцы, следства ішло некалькі гадоў.

Навукоўцаў вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, у стратах для дзяржбюджэту, у нанясенні стратаў для прэстыжу Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, у папярэдняй змове. За час, пакуль цягнецца справа, адзін з абвінавачаных, прафесар Давід Кукуй загінуў у аварыі. Уладзімір Собалеў стаў інвалідам.

"Мне цяжка чытаць, не бачу нічога. Можна мне сесці?" — кажа ён на судзе. Але прачытаць замест яго не дазваляюць нават адвакату. Таму, ледзь стоячы, дзядуля зачытвае свой адказ на абвінавачанне суду. Ён часта спыняецца, не можа прачытаць некаторыя словы. Віны не прызнае.

За тры гады "справы прафесараў" адзін з іх загінуў, другі стаў інвалідам
Так выглядалі прафесары да пачатку справы. Фота: tut.by

У 2008-2010 гадах навукоўцы займаюцца працай для праекта "Металургія". Яны распрацоўваюць матэматычныя мадэлі і камп'ютарныя праграмы для прамысловасці. Тады іх распрацоўкі прымаюць, на што ёсць "акты прыёму" камісііі БНТУ. Далей распрацоўкі яшчэ раз правяраюць у БНТУ. Парушэнняў не знаходзяць.

"Прайшло шэсць гадоў, ніхто і ніколі не прад'яўляў пытанняў да якасці выкананых прац. У мяне ёсць спіс публікацый на навуковых канферэнцыях. У тым ліку, на канферэнцыях Акадэміі навук. Мы нічога не парушылі. Якая можа быць змова, калі ў спіс падсудных не ўваходзіць ні адна асоба, якая мае нейкую ўладу. Уладу, каб прымаць рашэнні аб фінансаванні. Мы працавалі па дамове падраду, мы не службовыя асобы, якія паўнамоцтвы мы маглі перавысіць? Няма стратаў", — адказвае на абвінавачанні Аляксандр Чычко.

Ён не арыштаваны, не пад падпіскай аб нявыездзе, па-ранейшаму працуе ў БНТУ. Але навуковыя распрацоўкі на час следства перапыніліся.

"Увесь час гэты згублены на скаргі, на вывучэнне нормаў заканадаўства. Амаль стаў юрыстам. За гэты час, пакуль ідзе следства і суд, нічога ў навуцы не зроблена. Прафесар Собалеў ужо не можа працаваць, бо хворы, прафесар Кукуй мёртвы. На кафедры парфесараў няма апроч мяне. А я заняты гэтай справай", — апісвае Аляксандр Чычко.

На судзе відавочна, што разабрацца ў "справе прафесараў" суддзі і дзяржабвінаваўцу вельмі складана. Яны часта перапытваюць, спрабуюць зразумець сэнс навуковых распрацовак шасцігадовай даўніны.

"Шкада, што дзяржабвінаваўца не кандыдат тэхнічных навук", — ціха прамаўляе суддзя.

У чым заключаецца абвінавачанне: у 2008-2010 гадах прафесары займаліся навуковымі даследаваннямі пад выкарыстанне ў металургіі. Агулам тры праекты, пад кожны з якіх стваралася камп'ютарная праграма.

А яшчэ раней навукоўцы займаліся праектам для Беларускага металургічнага завода. Для БМЗ вырашаліся вузкія практычныя праблемы. Потым па дзяржпраграме ўзялі падобныя тэмы, каб выпрацаваць агульнае рашэнне для такога класу задач. Пад гэта ствараліся матэматычныя мадэлі і праграмы, якія дазваляюць іх разлічваць.

Следства зачапілася за тое, што ў справаздачах па дзяржпраграме выкарыстоўваліся некаторыя рэчы са справаздач па дамовах з БМЗ.

А яшчэ за тое, што навукоўцы зарэгістравалі праграмы на сябе. Адсюль і ўзялося "нямэтавае выкарыстанне сродкаў" і страты ў 170 мільёнаў. Але дамовы падраду, па якіх працавалі навукоўцы, не забаранялі ім карыстацца раней зробленымі напрацоўкамі. Да таго ж, сама рэгістрацыя праграм не дае аўтарам ніякіх правоў, па словах навукоўцаў.

Гэта патрэбна, каб зафіксаваць факт іх стварэння. Частку стратаў у 42 мільёны прафесар Уладзімір Собалеў вярнуў БНТУ. Кажа каб не псаваць адносіны з універсітэтам, а не таму, што лічыць сябе вінаватым. Іншыя страты таксама кампенсаваныя.

Суд ідзе ўжо чацвёрты месяц. Дзяржабвінаваўца і суддзя спрабуюць разабрацца ў тэме, прафесары тлумачаць сэнс і абараняюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі