За спажыванне наркотыкаў могуць увесці штрафы, а спайсы цалкам забараніць

Контраперацыя супраць наркотыкаў працягваецца. Новая ініцыятыва ― увесці адказнасць за…спажыванне забароненых рэчываў. Раней такога ў Беларусі не было. Плануецца, што нават калі ў чалавека няма пры сабе забароненых рэчываў, але іх сляды знойдуць у арганізме, то будуць праблемы.

Пра самыя актуальныя антынаркатычныя ініцыятывы Еўрарадыё даведалася на тэматычным круглым стале ў межах праекта “Грамадскі дыялог”.

“За спажыванне павінна быць адказнасць, адміністратыўная, добры штраф, ― выказвае пазіцыю Мікалай Карпянкоў, кіраўнік Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі. ― Наш пункт гледжання, што наркаспажывец ― гэта не хворы чалавек, а злачынца, які ўжо знайшоў наркотык, захоўваў, спажыў. Звычайна, тыя, хто наркотыкі спажываюць, іх жа і збываюць”.

Памеры магчымых штрафаў пакуль не агучваюцца.

У Заходнееўрапейскіх краінах такія метады сёння адназначна не вітаюцца. А ў Расіі ж існуе артыкул Адміністратыўнага кодэкса, які дазваляе штрафаваць за спажыванне на суму да 10 мінімальных заробкаў і нават адпраўляць на "суткі".

“Ці будзе штраф залежаць ад тыпу забароненага рэчыва, ― цікавімся ў ініцыятараў ідэі. ― Напрыклад, марыхуана не выклікае такога эфекту, як некаторыя сінтэтычныя псіхатропы, калі чалавек можа схапіцца за нож і забіваць”.

“Мая думка, тут падзяляць нельга. Наркотык ― гэта смерць, ― катэгарычна выказваецца Мікалай Карпянкоў. ― І мы павінны гэтага пункту гледжання прытрымлівацца. І ні ў якім выпадку яго не легалізоўваць. Таму што ў нас на фоне гэтых ідэй і адбыўся пройгрыш у псіхалагічнай сітуацыі, калі сінтэтычныя псіхатропы прадавалі пад выглядам так званай “легалкі””.

Цалкам забараніць спайсы, парашкі і маркі могуць найбліжэйшым часам

І сапраўды, небяспечныя сінтэтычныя псіхатропы гадамі выдавалі за так званую “легалку”. Лічыцца, што менавіта таму вялікая колькасць моладзі пачала гэтыя рэчывы спажываць. Калі сінтэтычныя псіхатропы забаранялі, наркалабараторыі выраблялі нешта новае. Атрута зноў завозілася ў Беларусь і распаўсюджвалася. Таму з’явілася ініцыятыва стварыць Міжведамасную антынаркатычную камісію, якая магла б за лічаныя дні забараняць у Беларусі любы новы псіхатроп.

Аднак ініцыятыва прасоўвалася ў Палаце прадстаўнікоў марудна. Цяпер сітуацыя змянілася, расказвае дэпутат Вадзім Дзевятоўскі:

“Сёння мы вельмі шчыльна ўзяліся за праблемы з наркотыкамі. З боку кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў ёсць поўнае ўхваленне. Сёння ёсць добры шанц максімальна хутка рэалізаваць ініцыятыву стварэння Міжведамаснай антынаркатычнай камісіі. Наша задача, каб з узмацненнем мераў адказнасці не пацярпеў невінаваты чалавек. Каб нормы былі зразумелыя і адназначныя”.

Што будзе з наркаспажыўцамі пасля закручвання гаек?

Нагадаем, што ў 2013 годзе толькі раствор з насення маку ўжывалі да 150 тысяч чалавек.

Тут міліцыя таксама займае жорсткую пазіцыю: наркаспажыўцам прапаноўваюць завязваць і звяртацца ў рэабілітацыйныя цэнтры. У адваротным выпадку ― рыхтавацца да месцаў пазбаўлення волі.

Пры гэтым медыкі нідзе ў свеце не ведаюць, як вяртаць спажыўцоў сінтэтычных псіхатропаў да нармальнага жыцця. Галоўны нарколаг Мінздароўя Іван Канаразаў прапаноўвае так званую першасную прафілактыку. Сем’ям раяць сачыць за сваякамі, станоўча ўплываць на іх, выяўляць збытчыкаў і звяртацца ў праваахоўныя органы.

Ці перайшлі былыя “бубачнікі” на “кракадзіл”, яд якога гніюць жыўцом?

У Мінздароўя баяліся, што пасля ўвядзення антымакавага Дэкрэту ў студзені 2014-га, былыя опійныя спажыўцы (так званыя “бубачнікі”) пачнуць акупіраваць аптэкі і гатаваць так званы “кракадзіл”. Гэты наркотык, папулярны пераважна ў Расіі, робяць пры дапамозе некаторых медпрэпаратаў а таксама бензіну, серы, ёду і іншых кампанентаў. Праз некалькі месяцаў пасля спажывання чалавек пачынае гніць жыўцом.

“Мы кантралюем водпуск лекаў, якія ўтрымліваюць псіхаактыўныя кампаненты, ― апавядае Іван Канаразаў. ― Мы баяліся, што пасля прыняцця антымакавага дэкрэта здарыцца ўсплёск “кракадзілавай” наркаманіі. Але, дзякуй богу, мы не атрымалі таго, чаго ў горшым выпадку чакалі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі