З вамі разлічыліся злотым ці літам замест рубля: ці лічыць гэта махлярствам?

З вамі разлічыліся злотым ці літам замест рубля: ці лічыць гэта махлярствам?

У сацыяльных сетках усё часцей з’яўляюцца гісторыі, калі ў крамах ці на рынках беларусы разлічваюцца замежнымі манетамі. Пачалося ўсё яшчэ ў ліпені, тады ў Фэйсбуку мінчанін Павел Курза размясціў фота расійскага рубля і напісаў:

“Вось, пайшлі першыя афёры з новымі беларускімі рублямі. Бабулі далі рэшту ў адной з крамаў Мінска. Называць краму не буду, бо, відаць, прадаўшчыца сама стала ахвярай аферыстаў. Будзьце ўважлівыя!”

Цяпер такія выпадкі ўжо не здзіўляюць. Але ў Міністэрстве ўнутраных спраў пра гэта нічога не чулі. Відаць, грамадзяне лічаць такую падмену занадта дробнай, каб звяртацца ў міліцыю.

“Мы валодаем фактамі па падробцы папяровых беларускіх грошай, а пра манеткі… — каментуе прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч. — Трэба ж зыходзіць з таго, ці ёсць складнік злачынства. А гэта даволі дробныя выпадкі, і такой статыстыкі папросту не будзе. Ды і наўрад ці гэта будзе звязана з нейкімі злачынствамі. Гэта ж не падробка грошай. Ды і махлярства, калі нехта замест адной капейкі даў іншую, таксама не будзе”.

Тым не менш, па законе махлярства — гэта “Завалоданне маёмасцю або набыццё права на маёмасць шляхам падману ці злоўжыванню даверам”. Прычым, ніякіх ніжніх межаў не існуе. То бок не важна, падманулі вас на адну капейку ці на некалькі соцень рублёў. Гэта паўплывае толькі на ступень цяжкасці злачынства.

“Калі чалавек з карыслівым намерам спрабуе расплаціцца валютай краіны, якая не мае плацежаздольнасці ў нас, то гэта махлярства, — разважае прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. — Можна расцэньваць, як падман спажыўца. Тут могуць утрымлівацца прыкметы як адміністрацыйнага, так і крымінальнага злачынства. Гэта залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Натуральна, што для крымінальнай справы падман мусіць быць не на дзве капейкі”.

Жыхар Гродна распавядае сайту “Гродно 015.BY” што заўважыў пяцьдзясят расійскіх капеек у сваім гаманцы пасля паходу ў краму. Мужчына не разгубіўся і наступным разам разлічыўся гэтай манетай у іншай краме.

Там жа апісаны выпадак, калі замест шасці рублёў рэшту далі трыма манеткамі па два літы, якія ўжо больш за год не знаходзяцца ў абарачэнні.

Вечерний Брест” распавядае гісторыю пра маршрутчыка, якому за праезд далі расійскі рубель, а ён не разглядаў асабліва, бо сачыў за дарогай. Трапляюцца гісторыі, калі замест рублёў трапляліся і польскія злотыя.

“У прынцыпе, гэта прадказальна, што вяртанне манет, ды ўвогуле прызвычайвання да новых грошай, выклікае пэўныя факты свядомага ці несвядомага непаразумення, — кажа Аляксандр Ластоўскі. — У кожным выпадку, пакуль мы, так бы мовіць, не прызвычаіліся, трэба быць пільным і уважліва глядзець на тыя грошы, што трапляюць да нас”.

Блытаюць з беларускімі манеткамі і жалезныя еўра. Але наўрад ці гэта адбываецца наўмысна, бо еўра ўсё ж даражэйшы за беларускі рубель. А вось расійскі рубель наадварот таннейшы за наш амаль у 30 разоў, а гэта ўжо, пагадзіцеся, сур’ёзны выйгрыш. Польскія металічныя злотыя таннейшыя за нашы рублі адпаведнага наміналу амаль у два разы і таксама могуць падацца падобнымі. Таму варта проста быць уважлівымі і не дапускаць падману. І, калі вы перакананыя, што вас падманваюць наўмысна, не саромейцеся звяртацца ў міліцыю.

Са злотымі беларускія манеты складана пераблытаць, але пакуль вока не прызвычаілася, лепей быць пільным.

Найбольш небяспечны варыянт — савецкія капейкі, бо герб на зваротным баку манеты вельмі падобны на сучасны беларускі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі