З эстонскага бюджэту на кожнага жыхара прыпадае 6793 еўра, з беларускага — 766

З эстонскага бюджэту на кожнага жыхара прыпадае 6793 еўра, з беларускага — 766

Прэзідэнт Латвіі Райманд Веяніс заяўляе, што яму сорамна, што ў Эстоніі памер бюджэту большы за латвійскі. Пра гэта паведамляе часопіс Ir.

Бюджэт Эстоніі — амаль 9 млрд еўра, а ў Латвіі, эканоміка якой большая, — толькі каля 7 млрд еўра.

У Эстоніі жыве людзей не проста менш, чым у Беларусі, а нават менш, чым у Мінску, —  усяго 1,3 млн. Параўнаем, як выдаткоўваюцца дзяржаўныя сродкі на іх і на нас.

Беларускі бюджэт меншы за эстонскі — яго выдатковая частка сёлета складае 7,2 млрд еўра (163 трыльёны рублёў). Пры тым, што наша эканоміка ледзь не ў два разы большая (па ВУП).

Такім чынам, на кожнага беларуса з бюджэту прыпадае 766 еўра, а на кожнага эстонца — 6793 еўра.  

Эстонія выдзяляе з бюджэту большыя сумы, чым Беларусь:

На ахову навакольнага асяроддзя — у пяць разоў. 

На ахову здароўя — у тры разы.

На адукацыю — у два разы.

На сацыяльную абарону — у 4 разы.

На нацыянальную абарону — на 5% больш.

 

Эстонія выдаткуе менш грошай, чым Беларусь:

На падтрымку нацыянальнай эканомікі — на 12,5% менш.

З эстонскага бюджэту на кожнага жыхара прыпадае 6793 еўра, з беларускага — 766

Старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб мяркуе, што такая структура бюджэту сведчыць пра большую сацыяльную арыентаванасць Эстоніі, чым Беларусі.

“Сур’ёзная частка грошай выдаткоўваецца на праваахоўныя органы і зарываецца ў хранічна стратных прадпрыемствах, і ў выніку на тое, на што павінная траціць сацыяльна арыентаваная дзяржава, застаецца ўсё меней і меней сродкаў”, — кажа Іосуб.

На думку эксперта, рэцэпт дасягнення эстонскай мадэлі нескладаны:

“Знізіць апетыты, а магчыма, і колькасць чыноўнікаў, сілавых структураў. Таксама рэструктурызаваць дзяржаўны сектар эканомікі, прынамсі яго неэфектыўную частку. Каб дзяржава перастала траціць грошы на неэфектыўныя прадпрыемствы. У гэтым выпадку ёсць шанс наблізіцца па структуры эканомікі і структуры бюджэту да той жа Эстоніі”.

Разам з тым Вадзім Іосуб не разумее, за што сорамна прэзідэнту Латвіі.

“Бюджэт паказвае, колькі грошай у эканоміцы пераразмяркоўвае дзяржава. І ёсць нават такая тэорыя — чым менш, тым лепей. То бок, груба кажучы, меншы бюджэт не сведчыць, што людзі там жывуць горш. Людзі самі могуць плаціць за паслугі без пасярэдніцтва дзяржбюджэту, і гэта не азначае горшую эканоміку, горшы ўзровень жыцця і г.д.”.

Сёлета ў Эстоніі бюджэтныя выдаткі выраслі на 4,2%. А ў Беларусі — ажно на 13% (калі лічыць у рублях).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі