Ёлка-воблака, ёлка за 11 мільёнаў долараў і ёлка ад Пола Макартні (фота)

Да калядна-навагодніх святаў застаецца два тыдні. Гарады ўсяго свету ўпрыгожылі свае плошчы, вуліцы ды крамы ілюмінацыяй ды ялінкамі. Еўрарадыё сабрала 10 самых незвычайных ёлак, якія ўражваюць не толькі сваёй прыгажосцю, але цікавымі формамі і іншымі якасцямі.

1. Ажно дзве ялінкі сёлета здзіўляюць парыжан і турыстаў: адна з іх, даўжынёй у 25 метраў, нібыта вырастае з купала знакамітай галерэі "Лафает" (Galeries Lafayette) і вісіць дагары нагамі. Кожную гадзіну на яе галінках разварочваецца музычна-светлавы спектакль.

2. А вось другая парыжская ёлка, аўтарам якой выступіў амерыканскі мастак Пол Макартні (не музыка!), прыйшлася даспадобы не ўсім. Непрыстойная форма ялінкі, якая нагадвае цацку з сэкс-шопа, нават справакавала скандал. Парыжане палічылі сябе зняважанымі і папрасілі ўлады горада прыбраць 24-метровы надзьмуты аб'ект з Вандомскай плошчы. Улады ж убачылі ў ёлцы твор мастацтва. Праўда, "дрэва" ўсё адно прастаяла ў Парыжы не доўга. Праціўнікі падобнага арту скарысталіся адсутнасцю аховы і зламалі канструкцыі, якія трымалі ялінку, у выніку чаго яна садзьмулася. А мастак Макартні нават быў пабіты за сваю смелую ідэю.

3. Адной з самых знакамітых ёлак у свеце з'яўляецца плывучая ялінка ў Рыа-дэ-Жанейра. Яе вышыня складае 85 метраў, даўжыня гірлянд — 105 кіламетраў, а 3 мільёны лямпачак утвараюць калядныя сімвалы. Рытуал запальвання зоркі суправаджаецца маштабным піратэхнічным шоў, збірае вялізную колькасць людзей і з'яўляецца трэцім па папулярнасці сярод святаў у Бразіліі пасля карнавала і Каляд.

4. А вось у Абу-Дабі паставілі самую дарагую ёлку ў свеце. Яна знаходзіцца ў Emirates Palace Hotel. Усе 180 цацак на ёй залатыя і да таго ж інкруставаныя каштоўнымі камянямі. І каштуе такая ёлка ўсяго… 11 мільёнаў долараў!

5. Яшчэ адна дарагая ялінка, створаная з крышталікаў Swarowskі, знаходзіцца ў будынку Чыгуначнага вакзала ў Цюрыху і ўпрыгожвае Christkindli-Markt — самы вялікі крыты калядны кірмаш Еўропы.

6. Самай вялікай ёлкай Еўропы лічыцца каляднае дрэва ў нямецкім Дортмундзе. Яе сабралі з 1700 сапраўдных маленькіх елак, якія былі адмыслова вырашчаныя для гэтай мэты. Вышыня ёлкі складае 45 метраў, важыць такая жывая канструкцыя ажно 40 тон!

7. Ратушную плошчу літоўскага Коўна ўпрыгожвае зусім незвычайная ялінка. На тонкі ствол нанізаныя аблокі, якія сімвалізуюць цуд. А на аблоках размясціліся анёлы, якія нібыта назіраюць за мінакамі зверху. Цікава, што аблокі зробленыя з 300 аднаразовых пластыкавых кубкаў, а ўсталёўвалі ёлку амаль 2 месяцы.

8. Ёлка з 200 тысяч дэталяў Lego вышынёй у 5 метраў усталяваная ў Centrum Černý Most у Празе. Такім чынам чэшскія дызайнеры паўтарылі досвед сваіх лонданскіх і малазійскіх калег, якія ўжо эксперыментавалі з “лега-ёлкамі”. Падчас яе адкрыцця ўсе жадаючыя маглі ўпрыгожыць ялінку цацкамі з адмысловай серыі папулярнага канструктару.

9. Адна з самых знакамітых ёлак свету знаходзіцца на Ракфелер-плаза ў Н’ю-Ёрку. Сёлета 26-метровае дрэва ўпрыгожвае велізарная гірлянда, якая складваецца з 45 тысяч рознакаляровых энергазберагальных лямпачак. Верхавіну ялінкі вянчае гіганцкая крыштальная зорка ад Swarowski. Прыгажуня была дастаўленая ў Н’ю-Ёрк з Пенсільваніі, а пасля святаў зноў вернецца на радзіму, праўда, яе распілуюць і выкарыстаюць для будоўлі дамоў.

10. Штогод на Каляды на гары ў старажытным італьянскім гарадку Губіа запальваецца самая вялікая ў свеце інсталяцыя ў форме ёлкі. Дрэва ўзвышаецца амаль на 650 метраў, складаецца амаль з тысячы рознакаляровых агеньчыкаў і 10-ці кіламетраў кабелю. У 1991 годзе ёлка патрапіла ў кнігу рэкордаў Гінеса як “Самая буйная калядная ялінка ў свеце”.

Ёлка-трып па Беларусі ўсталяваная на Кастрычніцкай плошчы Мінска. На гіганцкіх шарах-талерках можна разгледзіць аб’екты культурнай і прыроднай спадчыны беларусаў, якія ахоўвае ЮНЕСКА. Разбаўляюць фота палацаў ды зуброў ручнікападобныя стужкі з элементамі беларускага арнаменту.

Фота і інфармацыя: daypic.ru, www.kulturologia.ru, www.christkindlimarkt.ch, www.ententyky.cz, www.dailymail.co.uk,  triphints.ru, trip-point.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі