Які від спорту ўсё ж будзе падымаць Дзевятоўскі — хакей ці лёгкую атлетыку?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, вядомы беларускі спартсмен Вадзім Дзевятоўскі хутчэй за ўсё не ўзначаліць Федэрацыю хакея, хоць быў адным з галоўных кандыдатаў. Гэта стала зразумела пасля яго сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што справы ў лёгкай атлетыцы кепскія, і даручыў Вадзіму Дзевятоўскаму ўшчыльную ёй заняцца.

Лукашэнка: "Я, зразумела, думаў, што Дзевятоўскі можа справіцца і з федэрацыяй хакея. Бо футбол і хакей — гэта тыя віды народныя, якія трэба падтрымліваць. Нікуды не падзенешся. Гэта маё меркаванне, я ні з кім не раіўся. Адразу сказаў: Трэба паглядзець, напэўна, Вадзіма на лёгкую атлетыку... Я вельмі спадзяюся, што калі ты пойдзеш туды, там будзе вынік".

Дата выбараў у хакейнай федэрацыі дагэтуль не анансаваная. Але як паведамілі Еўрарадыё у аддзеле па сувязі з грамадскасцю і прэсай ФХРБ, адбудзецца падзея напрыканцы верасня.

“Мяркую, у найбліжэйшы тыдзень з датай вызначацца”, — інфармуе Арсеній Якавенка, менеджар аддзела.

Нагадаем, што Канферэнцыя ў ФХРБ, якая мусіла адбыцца яшчэ 26 жніўня, ператварылася ў інфармацыйную вайну.

Беларускі прадстаўнік у КХЛ “Дынама-Мінск” прапанаваў кандыдатам на пасаду старшыні Федэрацыі дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Дзевятоўскага, былога лёгкаатлета-алімпійца, які некалі сенсацыйна выйграў суд у Міжнароднага алімпійскага камітэта. Бліжэй да выбараў з’явіўся яшчэ адзін кандыдат — Анатоль Варывончык, які ўпершыню ў гісторыі вывеў нашу хакейную зборную на Алімпіяду і ў элітны дывізіён. Але барацьбы паміж двума тытанамі не здарылася. За чатыры дні да Канферэнцыі яе на фоне скандалаў у СМІ нечакана адмянілі.

Чаму спрачаліся хакейныя функцыянеры? Генменеджар “Дынама-Мінск” Уладзімір Беражкоў абвінавачваў некаторыя клубы беларускага чэмпіянату ў тым, што яны чыняць беларускаму флагману перашкоды у КХЛ, патрабуюць па 100 тысяч долараў за пераход гульцоў у “Дынама”. У сваю чаргу прадстаўнікі “Юнацтва”, “Нёмана”, “Металурга” і Федэрацыі хакея гэтую інфармацыю абвяргалі і патрабавалі, каб перспектыўныя гульцы не былі задзейнічаныя за дынамаўскія фарм-клубы ў чэмпіянаце Беларусі супраць сваіх жа каманд. Падавалася, што Вадзім Дзевятоўскі з’яўляецца стаўленікам “Дынама-Мінск”, а Анатоль Варывончык — адвакатам клубаў беларускай экстралігі, бо сам сядзіць у крэсле старшыні праўлення ХК “Нёман”.

“У Федэрацыі патрэбны чалавек, які мог бы ўнесці фактар злучальнага звяна, аб’яднаць розныя бакі. Я не залічваю сябе да нейкіх кланаў”, — заявіў Вадзім Дзевятоўскі Еўрарадыё на гэты конт. У дадатак былы алімпіец выказаў упэўненасць у тым, што зможа прынесці станоўчыя змены ў беларускі хакей.

Але ў першы дзень восені ў справу ўмяшаўся Лукашэнка і вынес сваю рэзалюцыю: “Трэба паглядзець, напэўна, Вадзіма ў лёгкай атлетыцы. Там локшыны на вушы ніхто не павесіць”.

На наступны дзень пасля сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы цікавімся ў менеджара хакейнай Федэрацыі Арсенія Якавенкі, ці зняў нехта сваю кандыдатуру з выбараў у кіраўнікі ФХРБ.

“Такой інфармацыі ў мяне няма. Магчыма, нехта сваю кандыдатуру найбліжэйшым часам здыме”.

Нягледзячы на гэта, у лёгкаатлетычнай федэрацыі таксама тэрмінова прызначылі свае пазачарговыя выбары.

“З кіраўнікоў у нас яшчэ ніхто не змяніўся. Але 25 верасня будзе Канферэнцыя, і ўсё будзе вырашана”, — кажа генеральны сакратар БФЛА Эліна Зверава (дарэчы, алімпійская чэмпіёнка Сіднея ў кіданні дыска).

Сам Вадзім Дзевятоўскі ў інтэрв’ю Еўрарадыё казаў пра тое, што ў лёгкай атлетыцы цяпер адбываюцца адназначныя пазітыўныя змены.

Пакуль пост кіраўніка лёгкаатлетычнай Федэрацыі займае рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Рыгор Касячэнка. Ён, спаслаўшыся на занятасць, адмовіўся паведамляць Еўрарадыё пра свой магчымы сыход з пасады кіраўніка і сказаў толькі, што пазачарговая Канферэнцыя будзе праводзіцца “ў адпаведнасці са статутам”.

Фота 0214.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі