Як жывуць і куды патрацяць прызавыя беларускія алімпійцы

Як жывуць і куды патрацяць прызавыя беларускія алімпійцы

Адзін залаты медаль, чатыры срэбраныя і столькі ж бронзавых — з такім вынікам беларускія спартоўцы вярнуліся з Алімпіяды ў Рыа. Як жывуць прызёры і што заваяваныя медалі зменяць у іх жыцці.

Пра Уладзіслава Ганчарова да алімпіяды ў Рыа ведалі хіба аматары скачкоў на батуце. У гэтым спорце 20-ці гадовы ураджэнец Віцебска ўзяў золата. Апроч прэстыжу, гэта яшчэ і 150 тысяч долараў!

"Я пакуль не планую нічога набываць, кватэра ёсць, машына — таксама. Магчыма, можна ўкласці кудысьці сродкі, але гэта трэба раіцца з кім-небудзь", — разважае Уладзіслаў.

 

Ён жыве ў Віцебску, дзе скончыў першую школу алімпійскага рэзерву, але часта бывае ў Мінску. Пакуль Уладзіслаў акліматызоўваецца пасля доўгага пералёту і бразільскага клімату.

"Учора лёг толькі а 4-й раніцы. Пакуль я ў Мінску, але планую ехаць у Віцебск, бо цяпер няма ніякіх збораў. Пасля Алімпіяды, спадзяюся, усё зменіцца ў мяне ў лепшы бок", — разважае Уладзіслаў.

Цяжкаатлетка Дар'я Навумава, ураджэнка вёскі Патока Магілёўскай вобласці, на алімпіядзе заваёўвае срэбраны медаль. Гэта першая значная перамога спартсменкі. Цяпер Дар'я жыве ў Бабруйску, у інтэрнаце, вучыцца ў вучэльні алімпійскага рэзерву.

Прызавыя, а за срэбра даюць 75 тысяч долараў, спартсменка плануе патраціць на жыллё. А пакуль ёсць шанец адпачыць пасля спаборніцтваў.

"Хочуць нам зрабіць аздараўляльны збор, але пакуль не вядома, дзе. Пасля Алімпіяды усе віншуюць, многія знаёмяцца", — дзеліцца ўражаннямі Дар'я.

 

Вольга Худзенка прыносіць Беларусі бронзу ў веславанні на байдарцы разам з Маргарытай Махневай, Надзеяй Ляпешка і Марынай Літвінчук. Для яе гэты год быў вельмі напружаным, бо мужчынскую каманду адхілілі ад гульняў і дыскваліфікавалі на год з-за допінгу.

"Усё было пад нейкім ціскам. Мы разумелі, што едзем туды адстойваць усю каманду і ўсю федэрацыю, таму трэба было ў кожным выпадку паказваць добры вынік", — кажа Вольга.

Яна скончыла магістратуру пры Мазырскім універсітэце, а цяпер марыць пра другую вышэйшую адукацыю, хоча стаць юрыстам. У Мазыры Вольга жыве ў інтэрнаце, але плануе набыць кватэру.

 

"У першую чаргу хачу палепшыць жыллёвыя ўмовы. Набыць я не змагу, можа, долевае будаўніцтва. А таксама хачу паехаць у адпачынак з каханым, але гэта пасля таго, як пабуду дома хаця б тыдзень ці паўтара", — дзеліцца планамі Вольга.

Прызавыя за бронзу — 50 тысяч долараў. Але прызёраў — чатыры. 

Бронзавы прызёр у вольнай барацьбе Ібрагім Саідаў ураджэнец Дагестана, але жыве ў Беларусі ўжо тры гады, у Гродне.

У Ібрагіма трое дзяцей, дзве дачкі і сын, ён жыве ў інтэрнаце. Жыллёвае пытанне для яго таксама актуальнае. За пераход у зборную іншай краіны ён сам заплаціў пяць тысяч швейцарскіх франкаў (крыху больш за пяць тысяч долараў).

"Да перамогі ў Рыа ён атрымоўваў 360 рублёў у заробак і прыкладна столькі ж як стыпендыю ад вобласці. Ніякага жылля яму не давалі, ніякіх ільгот. Ён прыехаў сюды на агульных падставах", — тлумачыць яго трэнер Жуматай Шубаеў.

 

Таксама на Алімпіядзе ў Рыа срэбра заваявалі Іван Ціхан (лёгкая атлетыка), Вадзім Стральцоў (цяжкая атлетыка), Марыя Мамашук (вольная барацьба). Бронза дасталася Аляксандры Герасімені (плаванне) і Давіду Гамзатаву (грэка-рымская барацьба).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі