Як залежыць колькасць забойстваў ад смяротнага пакарання (статыстыка)

Як залежыць колькасць забойстваў ад смяротнага пакарання (статыстыка)

"Улады любяць казаць, што смяротныя прысуды вельмі моцна ўплываюць на статыстыку. І ў нас тады змяншаецца колькасць злачынстваў. Але ж гэта не так", ― кажа праваабаронца Андрэй Палуда, які шмат гадоў займаецца справамі асуджаных на смерць беларусаў.

Статыстыка паказвае, што за апошнія дзесяць гадоў колькасць вынесеных у Беларусі смяротных прысудаў амаль не змяняецца і складае каля трох прысудаў за год (дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта). Скачок адбыўся толькі ў 2016 годзе, калі было вынесена сем смяротных выракаў.

Пажыццёвыя тэрміны атрымліваюць штогод каля сямі грамадзян Беларусі, і гэтая статыстыка за апошнія дзесяць гадоў таксама не змяняецца. Выключэнне ― 2013 год. Тады толькі два беларусы атрымалі пажыццёвыя тэрміны, столькі ж ― смяротныя прыгаворы.

Са статыстыкай забойстваў ― інакш. Калі ў 2007-м годзе ў Беларусі адбылося 791 забойства, то ў наступныя гады іх колькасць адносна плаўна зніжалася ― 645 у 2008-м годзе, 486 у 2010-м, 437 у 2016-м годзе.

Адсутнасць сувязі паміж прымяненнем смяротнага пакарання і колькасцю забойстваў можна прасачыць і на прыкладзе Грузіі. Мараторый на смяротнае пакаранне ў гэтай краіне увёў Эдуард Шэварднадзэ яшчэ ў 1996-м годзе, канчаткова адмененае яно было пры Саакашвілі ў 2007-м. Колькасць забойстваў у Грузіі за гэты перыяд змянялася нераўнамерна, скачкамі, і значна знізілася акурат пасля прыходу да ўлады Міхаіла Саакашвілі: 1998 год ― 243 забойствы, 2005 ― 403, 2006 ― 325, 2008 ― 263, 2009 ― 210, 2010 ― 187, 2011 ― 107, 2016 ― 60.

"Калі дзяржава кажа, што пытанне смяротнага пакарання ў нас носіць прафілактычны характар, выхаваўчы, то чаму тады вакол смяротнага пакарання столькі таямнічасці? Сур'ёзная завеса сакрэтнасці? Я вам прыклад прывяду. Смяротны прысуд чалавеку з Нароўлі. Учора толькі мы змаглі даведацца яго прозвішча і імя. Гэта хавалася. І такое вельмі часта бывае. Суды праходзяць у закрытым рэжыме, няма ніякай інфармацыі. Напрыклад, справа Эдуарда Лыкава, якога ўжо расстралялі (Лыкава прызналі вінаватым у смерці пяці чалавек, падрабязнасці справы не вядомыя, ― Еўрарадыё). Пра тое, што ў дачыненні да яго вынесены смяротны прысуд, мы даведаліся толькі праз месяц пасля самога прысуду. Праз месяц. Пра якую публічнасць можна казаць?" ― пытаецца праваабаронца Андрэй Палуда, які курыруе кампанію "Не ― смяротнаму пакаранню!" ў Беларусі.

На думку Палуды, калі смяротныя прысуды ў Беларусі носяць прафілактычны характар, то куды лагічней было б усебакова асвятляць дэталі такіх справаў, публікаваць інфармацыю пра іх у СМІ. Аднак гэтага, за рэдкім выключэннем, не адбываецца.

"Працэдура прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў Беларусі знаходзіцца пад сур'ёзнай завесай сакрэтнасці. Целы не выдаюцца, рэчы, месцы пахаванняў не раскрываюцца. Гэта ўсё савецкія традыцыі. З самых далёкіх савецкіх часоў, з часоў Курапатаў (месца масавых расстрэлаў пад Мінскам у 1930-ых гадах), я нават не пабаюся гэтага слова. З тых часоў, калі хацелі схаваць памеры рэпрэсій, засталася сакрэтнасць, звязаная са смяротным пакараннем. Хіба толькі шапку ў інструкцыях змянялі", ― перакананы эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі