Як мінскім гатэлям прысвойваюць зоркі
Атэстацыя для мінскіх гасцініц неабавязковая: “можна спачатку зоркі паставіць, а пасля ўжо атэстацыю праходзіць”.
За тры тыдні да пачатку чэмпіянату свету па хакеі цікавімся, як атэстоўваюць гатэлі і гасцініцы, і ці адпавядаюць яны сваім зоркам.
“Прыязджаюць некалькі праверак, ёсць шэраг патрабаванняў: якой плошчы нумары, якое абслугоўванне, што мусіць быць у нумарах, гэта ўсё дасканала правяраецца. Калі зоркі не пацверджаныя, гасцініца можа сама заявіць, але афіцыйна яны не могуць гэта пацвердзіць”, — расказваюць Еўрарадыё ў гасцініцы “Вікторыя”, якая мае 4 зоркі, афіцыйна пацверджаныя Беларускім інстытутам стандартызацыі і сертыфікацыі.
Менавіта ў ім атэстоўваюць беларускія гатэлі.
“Гасцініцы, якім не прысвойваецца катэгорыя, могуць працаваць без сертыфікацыі. Калі гасцініца хоча павесіць ад адной да пяці зорак, патрэбная сертыфікацыя”, — тлумачаць у Інстытуце.
Тут дадаюць, што пра прыход камісіі, якая будзе атэстоўваць, у гатэлях звычайна ведаюць, таму рыхтуюцца.
Колькасць зорак у гатэляў залежыць ад плошчы і выбару нумароў, абсталявання, харчавання і колькасці паслуг. Калі ў адназоркавым гатэлі усе нумары аднолькавыя і там не абавязкова будуць прыбірацца, то ў пяцізоркавай гасцініцы, апроч усіх наваротаў, можа быць поле для гольфа і верталётная пляцоўка.
Адзін з самых буйных новых гатэляў “Пекін” прэтэндуе на пяць зорак.
“Мы будзем атэстоўавацца на 5 зорак. Ужо цяпер праходзім папярэднюю атэстацыю у Інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі. Пакуль усё гладка”, — апісваюць у адміністрацыі гатэля.
Прымусовай класіфікацыі ў Беларусі няма, адразу кажа дырэктар Мінскай гасцінічнай асацыяцыі Мікалай Храловіч.
“У нас атэстоўваюць па заяўцы гатэля. Яны правяраюць стандарты: памер пакоя, як што ўсталявана. Але ў такой класіфікацыі складана высветліць узровень сервісу. Яны глядзяць тэхніку, узровень асвятлення”.
Беларуская сістэма сертыфікацыі гатэляў пакуль недасканалая, ацэньвае рэдактар газеты “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік:
“Яна пакуль добра не вызначаная. Гэтая сістэма ёсць, але хутка мяняюцца абставіны: прыходзяць новыя гатэлі, многія з іх ад вядомых сусветных брэндаў. Таму гэтаму трэба падпарадкоўвацца. Той жа “Рэнесанс”, які адносіцца да сістэмы Mariott. А ў нас такой стандартызацыі няма. Да таго ж, ёсць дадаткі да зорак у сусветнай стандартызацыі. Бо там гэтай індустрыі ўжо 150 гадоў. А ў нас сістэма толькі наладжваецца”.
Да чэмпіянату свету па хакеі, які стартуе ў Мінску з 9 траўня ўлады сталіцы абяцалі здаць 14 гасцініц. За тры тыдні да чэмпіянату не ўсе з іх паспелі дарабіць.
Фота: travel.luxexpress.eu