Вырабіць пляшку звычайнай гарэлкі каштуе… 5 тысяч рублёў

З 12 ліпеня ў чарговы раз вырас мінімальны кошт на гарэлку — зараз пляшку танней, чым за 38 тысяч, у краме не набудзеш. Але як даведалася Еўрарадыё, дзякуючы гэтаму лікёра-гарэлачныя заводы багацейшымі не сталі.



“У адпускным кошце завода, а мы адпускаем гарэлку па кошце 27 тысяч за бутэльку, акцыза закладзена 77,2%”, — распавядаюць Еўрарадыё на Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе.



Атрымліваецца, што завадскі кошт бутэлькі гарэлкі — каля 5 тысяч рублёў. Усё астатняе — прыбытак дзяржавы? "І гандлю", — дадае таваразнавец адной са сталічных крам. Яны дадаюць да адпускнога кошту свае 30% гандлёвай надбаўкі.



Таваразнавец: “Кошты на гарэлку ва ўсіх крамах аднолькавыя, на звычайную гарэлку — дзесьці каля 50 тысяч. Больш “круціць” не мае сэнсу, бо ў такім выпадку людзі проста пойдуць у іншыя крамы”.



Яна прызнаецца: падаражанне гарэлкі не адбілася на гандлярах.



Таваразнавец: “Той узровень коштаў, які ёсць зараз, ён асабліва ніяк не паўплываў на попыт”.



Паводле афіцыйных звестак, беларусы за год выпіваюць па 13,3 літра чыстага спірту. Паводле неафіцыйных гэта лічба дасягае 16 літраў. “Дапамагаюць” самагоншчыкі, якія складаюць, як сцвярджаюць міліцыянты, 15% дарослага насельніцтва краіны. Ці дапаможа перамагчы “алкагалізацыю” насельніцтва высокі кошт на гарэлку? Не, упэўнівае Еўрарадыё супрацоўніца крамы. І дадае:



“Падвышэнне кошту нічога не вырашыць — ну, пачнуць “лявак” гнаць, як у Расіі, і гэтым усё завершыцца. Асабіста для мяне як спажыўца гарэлкі гэта будзе дастаткова сумна (падаражанне гарэлкі у 2-3 разы ад сённяшняга кошту. — заўв. Еўрарадыё). Бо пацерпяць, я лічу, не алкаголікі, а сумленныя грамадзяне, якія культурна ўжываюць”.


Падтрымлівае яе і… былы галоўны нарколаг Беларусі Уладзімір Максімчук.



Уладзімір Максімчук: “Гэта дапаможа толькі ў першы месяц — крыху напалохае. А потым ізноў людзі прывыкнуць. Таму толькі кошт не вырашыць усіх праблем, а толькі выкліча раздражненне ў людзей”.



Супрацоўніца Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода выступае за рост “адпускнога кошту”. Але яе больш цікавіць павелічэнне прыбыткаў свайго прадпрыемства. Разважаць, ці дапаможа гэта ў барацьбе з п’янствам, адмаўляецца — сама не ўжывае і яе атачэнне таксама.



Узняць кошты на алкаголь могуць альбо дзяржава праз акцызы, альбо гандляры з дапамогай гандлёвай надбаўкі. Яе ж дзяржава больш не рэгулюе!



“Сэнс мне ставіць 100 тысяч за бутэльку, калі яе ў мяне проста не набудуць?! Наўрад ці павелічэнне кошту павінна абапірацца выключна на ініцыятыву гандлёвай кропкі — гандлёвая кропка на шкоду сабе не зробіць. Ніколі!” — упэўнівае таваразнавец сталічнай крамы.



Ва ўмовах канкурэнцыі цяжка сабе ўявіць, што ўсе гандляры краіны дамовяцца адначасова падвысіць кошты на алкаголь. І трымаць іх. Застаецца дзяржава з яе акцызамі.



“Калі насамрэч такім чынам у разы падвышаць кошт, то, найхутчэй, мы сапраўды даможамся таго, што піць будуць менш, але і прыбыткі бюджэту з-за гэтага скароцяцца. Таму малаверагодна, што такое рашэнне будзе”, — разважае эканаміст Сяргей Чалы.



Паводле яго слоў, зараз, падвышаючы кошты на гарэлку, улады найперш клапоцяцца пра тое, каб у выніку паступленні ў бюджэт не скараціліся, а не каб колькасць алкаголікаў зменшылася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі