Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё

Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё

Еўрарадыё азнаёмілася з календаром летніх беларускіх оўпэн-эйраў і вызначылася, якія з іх абавязкова наведае.

Сезон вялікіх оўпэн-эйраў у нашым топе распачне фэст "Купальскае Кола", які мае прайсці 25-26 чэрвеня ў загарадным комплексе "Камарова". Па словах ідэйнага натхняльніка "Кола" Алеся Таболіча, хэдлайнерамі стануць Gods Tower i "Стары Ольса", таксама плануецца моцная канцэртная частка з удзелам іншых беларускіх, украінскіх і польскіх каманд. Не абыдзецца без гульняў, купальскіх вогнішчаў і іншых актыўнасцяў.

"Але ўсё ж мы акцэнтуем увагу менавіта на музыцы, на пэган- і фолк-гуртах. І паспрабуем зладзіць вялікае-вялікае свята, аб'яднанае адной ідэяй", — падкрэслівае Таболіч.

Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё
Украінцы "Тінь Сонця" на "Купальскім коле"

2 ліпеня на аэрадром "Баравая" вяртаецца буйнейшы на сёння беларускі фестываль "Мост". Арганізатары не называюць удзельнікаў, але запэўніваюць, што гэта будуць гучныя імёны з дальняга і бліжняга замежжа, а таксама беларускія каманды. Квіткі на фэст сёння каштуюць 350 тысяч рублёў. Бліжэй да ліпеня кошт узрасце.

Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё
Земфіра на апошнім фестывалі "Мост"

16 ліпеня ў Беларусі пройдуць ажно два оўпэн-эйры. Па-першае, хутар Шаблі кліча аматараў этна-музыкі на фестываль "Вольнае паветра", які ў мінулым годзе браў паўзу, а цяпер зноў гатовы прымаць гасцей.

"Канцэптуальна фэст будзе падобны да апошняга "Вольнага паветра", якое адбылося ў 2014 годзе — будзем святкаваць Купалле", — кажа арганізатар фэсту і гаспадар хутара Уладзімір Шаблінскі. — Як і ў мінулы раз будзем захоўваць інтрыгу і паступова раскрываць імёны ўдзельнікаў. Але ў астатнім будзе ўсё як заўсёды — тралей, спаборніцтвы па кіданні кізякамі і іншыя забавы".

Ад 5 красавіка можна набыць квіткі на "Вольнае паветра". Першыя сто прадаюцца ўсяго за 110 тысяч. Кожны месяц кошты будуць расці. Але максімальны кошт квітка, кажа Шаблінскі, наўрад ці будзе вельмі высокім.

Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё
"Стары Ольса" на "Вольным паветры-2014"

Другім фэстам, які пройдзе 16 ліпеня, стане электронны "Космас наш" на Востраве кахання ў Мінскім моры:

"Канцэпцыя захаваецца: оўпэн-эйр на свежым паветры з андэграўнднай электроннай музыкай і недарагім уваходам", — запэўніваюць арганізатары, якія ў бліжэйшы час дадуць анонс фестывалю і назавуць удзельнікаў.

22-23 ліпеня ў Гарадку пад Беластокам 27-мы раз пройдзе фестываль маладой беларускай музыкі "Басовішча". Арганізатары абяцаюць шыкоўны лайн-ап, шэраг забаваў і раяць звярнуць увагу на конкурс маладых выканаўцаў, які збярэ сёлета розных па стылістыцы, але яскравых Intelligency, M.G., The Glitchhh, .K і Haina.

Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё
"Басовішча-2015"

Мінскі арт-пікнік Freaky Summer Paty акупуе гэтым разам востраў у Камсамольскім возеры на два дні — 23 і 24 ліпеня.

"Будуць два дні, прычым, два розных дні — у першы дзень будзе больш інды, а другі — больш папулярным. Таксама будуць два цікавыя хэдлайнеры і бясплатны ўваход для ўсіх блізнят", — інтрыгуе натхняльнік фэсту Дзяніс Трусіла.

15 красавіка ў сталічным бары "Хуліган" на вечарыне "Вялікая Мядзведзіца" будуць прадавацца танныя квіткі на FSP — па 100 тысяч на дзень, і па 150 тысяч на ўсе два дні.

Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё
FSP два гады таму

Mirum Music Festival мае стаць сапраўды грандыёзным: будзе праходзіць цягам трох дзён і збярэ на пляцоўцы ля Мірскага замка не толькі беларускіх артыстаў, але і іх калег з Украіны, Літвы, Расіі, Вялікабрытаніі і не толькі.

"У нас ужо практычна цалкам гатовы лайн-ап, зарэзерваваныя асноўныя хэдлайнеры і мы чакаем зацвярджэння гастролькі, — прызнаецца арганізатар фэста Ягор Захарка. — Да таго ж, мы рыхтуем вельмі шмат сюрпрызаў, сярод якіх арт-інсталяцыі з экспертамі ў гэтай вобласці, edutainment-частка з удзелам спікераў. Апроч таго, будзе пашыраная тэрыторыя фэсту і ўлічаныя мінулагоднія памылкі, які ўзнікалі з-за недасведчанасці. Мы зробім больш мяккі ўваход і прыбярэм недахопы".

Mirum Music Festival пройдзе 12-14 жніўня.

Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё
Mirum Music Festival. Фота з сацыяльных сетак

Традыцыйна завершыць сезон оўпэн-эйраў фолк-фэст "Камяніца". Ён пройдзе ў першыя выхадныя верасня. Па словах арганізатараў, раскрываць падрабязнасці пакуль рана, але ўсё ідзе сваёй чарадой.

Восем беларускіх оўпэн-эйраў, на якія збіраецца Еўрарадыё
"Камяніца-2015"

Што тычыцца фэстаў "Дружба", "Пікнік", Green Fest i Global Gathering, арганізатары пакуль ці вырашаюць пытанні магчымага правядзення ці адмоўчваюцца. У любым выпадку, усё можа быць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі