ВНУ даюць шанец двоечнікам паступіць на бюджэт з трыма баламі за тэст

Мінадукацыі аб’явіла аб пачатку дадатковага набору на шэраг спецыяльнасцяў і зніжэнні мінімальных балаў па ЦТ. У некаторыя ВНУ абітурыенты змогуць падаць дакументы, нават калі набралі 3 балы па тэставанні!

Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна аб’яўляе набор на спецыяльнасці “матэматыка і інфарматыка", "фізіка і інфарматыка” для абітурыентаў, якія набралі па рускай (беларускай) мове не меней за 5 балаў, а таксама па фізіцы, матэматыцы – не меней за 10 балаў.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі Брэсцкага ўніверсітэта Святлана Ткач кажа, што гэта дапаможа набраць студэнтаў на пакуль яшчэ вольныя месцы. Тут ужо ёсць такія абітурыенты, што не прайшлі на бюджэтныя месцы ў іншыя ВНУ і цяпер могуць трапіць у Брэст. Нізкія паказчыкі па ЦТ – яшчэ не падстава адмовіць у месцы абітурыенту, нечакана кажуць мне ў гэтай ВНУ.

“Я як выкладчык фізмата магу прывесці прыклады. Трое з абітурыентаў-першакурснікаў паступілі з баламі, нііжэйшымі за 15, у мінулым годзе, і яны былі першымі на заліку ў праграмаванні! Нізкія балы не заўсёды азначаюць нізкі інтэлектуальны ўзровень абітурыента ці немагчымасць яго навучыць. У нас была дзяўчынка з сярэднім балам атэстата 90. Па рускай мове – 70, па грамадазнаўстве – 70, а па матэматыцы – 8! Бо прыйшла на ЦТ з тэмпературай. Без слез на такіх абітурыентаў я не магу глядзець”.

На думку адказнага сакратара прыёмнай камісіі, у цяжкай дэмаграфічнай сітуацыі трэба зніжаць планку для абітурыентаў:

“Калі колькасць абітурыентаў павялічыцца, павялічыцца і іх узровень. Тады знікне неабходнасць дадатковага набору”, — мяркуе Святлана Ткач.

У Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце недабор на спецыяльнасцях “аграномія” (20 месцаў) і “заатэхніка” (6 месцаў). Тут будуць данабіраць аграномаў і заатэхнікаў з баламі па тэставанні... ад 3! Цікавімся: ці гэта нармальна?

“Раней у нас было на 400 месцаў 800 чалавек. А цяпер толькі 500 заяў. Яны і адлічацца пасля першай сесіі. Да прыкладу, на спецыяльнасць агранома набіралі тры групы. Цяпер на трэцім курсе іх засталося дзве групы. То бок 30% адлічыліся па выніках першых сесій”, – тут заўважаюць, што нізкі ўзровень студэнтаў спецыяльнасцей аграноміі не такі катастрафічны, як для педагагічных ВНУ.

У Мазырскім дзяржаўным перагагічным універсітэце таксама недабор. Тут будуць данабіраць абітурыентаў, якія здалі тэставанне па мове ад 5 балаў, па фізіцы – ад 10 балаў! І для асабліва слабых студэнтаў агранізуюць нават дадатковыя курсы, каб падцягнуць узровень. У Мазыры настроеныя рашуча і аптымістычна!

Незалежны эксперт па адукацыі, кандыдат навук Святлана Мацкевіч заўважае, што сітуацыя прагназаваная. Павышэнне планкі па тэставанні – гэта спосаб праверыць узровень выкладання ў школах. Узровень праверылі, а цяпер будуць данабіраць на вольныя месцы, бо неабходнасць у кадрах расце.

Святлана Мацкевіч заўважае, што частка можа адсеяцца. Але, як адзначае спецыяліст, навучыць можна любога абітурыента, нават з вельмі нізкімі баламі. І тут шмат чаго будзе залежаць ад ВНУ: ад іх дадатковых курсаў, факультатываў і гэтак далей.

А тут праблема:

“На жаль, беларускія ВНУ не маюць для гэтага ні рэсурсаў, ні дастатковай матывацыі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі