Вакансіі для дармаедаў: дворнік і зваршчык, але толькі пасля навучання

Быць лайдаком і дармаедам можа каштаваць 3,6 мільёна за год. Гэта вынікае з праекта дэкрэта аб стымуляванні занятасці насельніцтва. А дармаедаў у Беларусі налічылі аж 500 тысяч чалавек.

Шукаем працу для “прафесійных” лайдакоў, якія ніколі нідзе не працавалі і не вучыліся пасля школы.

Цэнтр занятасці Заводскага раёна Мінска адсылае ў дворнікі. Месці вуліцы прапануюць за 2,5 мільёна.

“Любая некваліфікаваная праца вам падыходзіць. Любая! Працоўнай у вас няма, адукацыі няма. У дворнікі можам прапанаваць, але ж вы, можа, не пойдзеце”.

У Фрунзенскім раёне Мінска лайдакоў бяруць у грузчыкі і падсобнікі.

“Рабочыя прафесіі для вас. Грузчык, падсобны рабочы падыходзяць. Яны не патрабуюць дадатковай падпрацоўкі. Калі нешта іншае — можаце на курсы запісацца. Курсы бясплатныя”.

Хойнікі Гомельскай вобласці не даюць працы для некваліфікаваных працоўных. Усё разабралі. Трэба вучыцца на зваршчыка на курсах, тады возьмуць.

“Нічога няма без адукацыі, але можаце ехаць на навучанне, будзеце электрагазазваршчыкам”.

Кіроўцам і аператарам кацельнай гатовыя браць у Ганцавічах, але толькі пасля навучання.

“Вакансій няма без кваліфікацыі, нічога. Можна на курсы. Там і кіроўцы, і аператары кацельнай”.

Меркаванне намесніцы дырэктара кадравага агенцтва “Квадрат” Таццяны Коласавай:

“Прафесійныя лайдакі ні на што не могуць разлічваць. Наймальнікі цяпер адсочваюць інфармацыю ў мінулых працадаўцаў, збіраюць біяграфію. Ім трэба праходзіць курсы перакваліфікацыі. На дадзены момант яны нікому не патрэбныя. Да таго ж, павялічылася колькасць кандыдатаў, а якасць кандыдатаў стала горшай. Нават тыя, хто толькі пасля ўніверсітэта, не вельмі цікавыя для кампаній”.

Афіцыйна:

У Беларусі пакуль толькі 24 тысячы беспрацоўных, як паведамляе Еўрарадыё намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў. Гэта тыя, хто стаіць на ўліку на біржы працы. Ці будуць мяняць сістэму пераліку беспрацоўных пад новы дэкрэт, пакуль не вядома.

Фота: gazetaby.com, machinists.ru, images.onedayofmine.com, mega-u.ru, i.gruz-rm.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі