Унутры горак мінскага аквапарка плануюць усталяваць камеры

Еўрарадыё: Ці праводзілася праверка ў аквапарку "Лебядзіны"?

Пётр Клімко: Ажыццяўленне кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь рэгламентаванае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510. У адпаведнасці з названым нарматыўным прававым актам праверка аквапарка "Лебядзіны" не прызначалася і не праводзілася.

Еўрарадыё: Хто праводзіў абследаванне горак да адкрыцця аквапарка? Ці былі выяўленыя парушэнні?

Пётр Клімко: У аквапарку ўстаноўленыя горкі вытворчасці нямецкай кампаніі Wiegand Maelzer. У адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, да заключэння кантракта на іх пастаўку на тэрыторыю Беларусі спецыялістамі Дзяржпрамнагляду было праведзенае экспертнае абследаванне адпаведнасці арганізацыйных, прафесійных і тэхнічных магчымасцяў названага вытворцы патрабаванням заканадаўства ў галіне прамысловай бяспекі ў частцы вырабу водных атракцыёнаў. Варта адзначыць, што патрабаванні еўрапейскіх і беларускіх стандартаў у гэтай галіне ідэнтычныя. Па выніках экспертызы кампаніі Wiegand Maelzer GmbH быў выдадзены дазвол на права вырабу і прымянення іх прадукцыі на тэрыторыі Беларусі.

Па заканчэнні мантажу допуск атракцыёнаў да эксплуатацыі ажыццяўляўся ў адпаведнасці з патрабаваннямі Правілаў бяспечнай эксплуатацыі атракцыёнаў, зацверджаных пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад 13 кастрычніка 2009 г. № 52 (у рэдакцыі пастановы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад 20 жніўня 2012 г. № 42). У абследаванні водных горак бралі ўдзел разам з экспертамі Дзяржпрамнагляду эксперты нямецкага таварыства тэхнічнага нагляду (TÜV).

Прыёмка атракцыёнаў ажыццяўлялася ў два этапы. Першы, папярэдні, на пачатку красавіка. Па першым этапе было выдадзенае папярэдняе заключэнне з указаннем выяўленых недахопаў, неадпаведнасцяў горак патрабаванням бяспекі.

Еўрарадыё: Якія былі недахопы?

Пётр Клімко: Асноўныя заўвагі па водных горках, выяўленыя ў ходзе папярэдняга абследавання, звязаныя з тым, што на той момант мантаж і наладка абсталявання не былі завершаныя. Напрыклад, ў заключэнні па горцы G01 "ВІЗАРД" былі ўказаныя наступныя недахопы: адсутнічае ахоўная агароджа на старце; адсутнічаюць інфармацыйна-указальныя знакі; моцна забруджаная паверхня горкі; прыборы, якія забяспечваюць тэхніку бяспекі (светлафор з сэнсарным кіраваннем), не гатовыя да эксплуатацыі; не функцыянуе падвод і адвод вады і да т.п. Заўвагі па ўсіх астатніх горках былі аналагічнымі.

На другім этапе (2-3 траўня) гэтак жа сумесна са спецыялістамі TÜV была правераная ліквідацыя выяўленых раней недахопаў. Па заканчэнні праверкі праводзілася тэставанне горак са шматразовымі спускамі.

Еўрарадыё: А хто спускаўся?

Пётр Клімко: У тэставанні ўдзельнічалі як прадстаўнікі Дзяржпрамнагляду, прадстаўнікі TÜV, так і добраахвотнікі. Гэта людзі рознай камплекцыі, рознага ўзросту і полу. Ацэньвалася рэакцыя гэтых людзей. Яны расказвалі пра свае адчуванні, б'юцца яны ці не, выпадаюць або не выпадаюць. Усё гэта ацэньвалася, і выдаваліся адпаведныя рэкамендацыі па кожнай горцы. Па выніках ўсе гэтых выпрабаванняў TÜV выдаў дакумент, якім пацвердзіў адпаведнасць горак нямецкім патрабаванням бяспекі. Мы, у сваю чаргу, падпісалі акт прыёмкі горак ў эксплуатацыю.

Еўрарадыё: Падчас выпрабаванняў не было пераваротаў?

Пётр Клімко: Ніхто не перакульваўся.

Еўрарадыё: Якія патрабаванні па бяспецы да горках вышэй 2 метраў?

Пётр Клімко: У нас у краіне асобных патрабаванняў да водных горках вышынёй 2 м і вышэй няма. Бяспека атракцыёнаў, у тым ліку водных, рэгламентавана названымі вышэй правіламі, СТБ ЕН 13814 "Абсталяванне для забаў, якое устанаўліваецца ў парках. Патрабаванні бяспекі", СТБ ЕН 1176 "Абсталяванне дзіцячых гульнявых пляцовак", ДАСТ Р 52604 "Атракцыёны водныя. Бяспека пры эксплуатацыі. Агульныя патрабаванні" і інш

Еўрарадыё: Ці праводзіліся расследаванні падзенняў людзей?

Пётр Клімко: Яны праводзіліся уладальнікам водных горак пры нашым удзеле.

Еўрарадыё: У чым заключалася расследаванне?

Пётр Клімко: Аквапарк абсталяваны камерамі відэаназірання. Акрамя таго, з аўтаматызаванага дыспетчарскага пульта спецыялістамі прадпрыемства ажыццяўляецца пастаяннае назіранне за працай усяго тэхналагічнага абсталявання, размешчанага ў забаўляльным комплексе.

У першую чаргу, пры правядзенні расследавання з дапамогай відэазапісаў ацэньваліся дзеянні наведвальнікаў і персаналу аквапарку. На жаль, спуск па воднай горцы "Вайпер" (а не "Рэтлер", як пішуць некаторыя СМІ. Горка "Рэтлер" размяшчаецца побач) адбываецца ў закрытай трубе, і дакладна даведацца пра паводзіны пасажыраў ўнутры яе не ўяўляецца магчымым. Аднак устаноўлена, што і ў першым, і ў другім выпадку для пацярпелых гэта былі не першыя спускі з дадзенай горкі. Узнікае пытанне. Чаму з адным і тым жа чалавекам падчас двух-трох спускаў з адной і той жа горкі нічога не адбываецца, а пры трэцім-чацвёртым ён пераварочваецца і атрымлівае траўму?

Я вам адкрываю дзяржаўны стандарт, у якім напісана, што перад пачаткам спуску на трасе воднай горкі карыстальнік павінен прыняць дазволеную позу і прытрымлівацца яе ад старту да поўнага спынення або прываднення ў фінішным басейне. Змена позы падчас руху можа выклікаць або перакульванне карыстальніка, або яго сутыкненне са сценкамі трасы спуску.

На падставе сказанага з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што падчас знаходжання на атракцыёне наведвальнікамі была змененая дазволеная поза для спуску, што забараняецца як стандартам, так і інструкцыяй па карыстанні горкай.

Штодня да пачатку працы персанал аквапарка здзяйсняе па тры кантрольныя спускі з кожнай горкі. Сярод іх людзі рознай камплекцыі. Яны пацвярджаюць, што калі падчас руху (асабліва ў ніжняй секцыі горкі, дзе пачынаецца маятнікавы рух) дадаткова разгойдвацца корпусам, то можна перавярнуцца. А калі едзеш спакойна, то ўсё нармальна.

Еўрарадыё: А тое, што ў трубу запусцілі людзей, да таго як выйшлі папярэднія людзі, гэта неяк разглядалася?

Пётр Клімко: Першая траўма адбылася ў дзень адкрыцця аквапарка. Першапачаткова ў інструкцыях дзяжурных атракцыёнаў было вызначана, што дазваляе сігнал светлафора — гэта падстава для запуску наступнай групы. Светлафор, у сваю чаргу, спрацоўвае ад датчыка, усталяванага ў канцы спуску. У дадзеным канкрэтным выпадку датчык зрэагаваў на пусты цюбінг. Дзяжурны, які знаходзіўся ў зоне фінішу, у момант выхаду пустога цюбінга вылоўліваў з фінішнага басейна і ўкладваў побач пустыя цюбінгі. Праз некалькі секунд ён заўважыў, што цюбінг выйшаў без пасажыраў і паслаў паведамленне па рацыі, але было ўжо позна. Пасля таго, што здарылася, абавязкі дзяжурных былі аператыўна адкарэктаваныя. Цяпер наступная пара спускаецца толькі пасля таго, як будзе паведамленне па рацыі знізу, што выйшлі папярэднія.

Дадаткова на стартавых пляцоўках горак змантаваныя і падлучаныя маніторы, на якіх дзяжурныя маюць магчымасць назіраць абстаноўку ў зоне фінішу. У цяперашні час з вытворцам атракцыёну прапрацоўваецца пытанне аб усталяванні ўнутры трубы атракцыёна "Вайпер" камер відэаназірання.

Еўрарадыё: Праверка парушэнняў у канструкцыі горкі не выявіла, але вырашылі замяніць плыты. Чаму?

Пётр Клімко: Спадзяемся, што больш масіўныя цюбінгі дазволяць мінімізаваць тыя рызыкі, якія ўзнікаюць з-за таго, што наведвальнікі мяняюць позы.

Еўрарадыё: Збой сістэмы мог быць?

Пётр Клімко: Вы маеце на ўвазе аб'ём падачы вады? Як я ўжо казаў, аквапарк забяспечаны аўтаматызаванай сістэмай, якая дазваляе кантраляваць працу ўсяго тэхналагічнага абсталявання. Змяніць настройкі абсталявання, якое рэгулюе падачу вады, могуць толькі спецыяльна навучаныя людзі. Абсталяванне адрэгуляванае ў адпаведнасці з пашпартнымі характарыстыкамі і заблакаванае. Калі параметры выходзяць за межы дапушчальных, то помпы наадварот спыняюцца. Вядома, у ходзе расследавання дадзеныя з дыспетчарскага пульта аналізаваліся. Інфармацыя пра тое, што падчас спуску падача вады павялічвалася, не пацвердзілася.

Даведка: Горка "Вайпер" мае 4 балы з 10 па экстрэмальнасці. Даўжыня спуску складае 201 м, вышыня спуску — 19,8 м. Максімальны ўхіл жолаба — 10%. Максімальная хуткасць спуску — 5,4 м/с, максімальнае паскарэнне — 2 м/с2.

Для параўнання, у аквапарку ёсць горкі 8 балаў:

Фры Фол: паскарэнне 2,5 м/с2, 65 градусаў ўхіл, максімальная хуткасць 7,3 м/с (26,3 км/г);

Бумеранг: паскарэнне 2,5 м/с2, 24 градуса ўхіл, максімальная хуткасць 7,3 м/с (26,3 км/г).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі