Улаховіч: Нам трэба выйсці з усіх ваенных блокаў – Расія нас часта падманвала

Улаховіч: Нам трэба выйсці з усіх ваенных блокаў – Расія нас часта падманвала

Еўрарадыё: Кнігу якога беларускага аўтара і калі вы чыталі?

Мікалай Улаховіч: На беларускай мове, так і напішыце, кнігу Кандрата Крапівы прычытаў “Хто смяецца апошнім”.

Еўрарадыё: Адмыслова перад днём галасавання чыталі?

Мікалай Улаховіч: Так! І яшчэ што хачу сказаць, Сяргей Гайдукевіч хацеў тут быць “трэцяй сілай”, але атрымліваецца ўсё інакш ― трэцяй сілай апынуўся я на чале з патрыётамі, з партыяй Беларускай патрыятычнай. Я сам гэтага не чакаў, але так атрымліваецца: я не за “Пагоню” і не за савецкія сцягі. Атрымліваецца ― “трэцяя сіла”.

Еўрарадыё: І за які ж вы тады сцяг?

Мікалай Улаховіч: Новы! Новай краіне ― новы сцяг, новы герб. У нас новая краіна, Гасподзь Бог скінуў нам нашу незалежнасць і нам трэба яе захаваць. І новыя павінны ў нас быць сімвалы. Якія? Гэта справа людзей творчых. Калі правесці конкурс на новы сцяг і новы герб, то гэта было б нармальна, і людзі б прыдумалі масу такіх сімвалаў.

Еўрарадыё: Але ваша бачанне якое? Якія колеры павінны прысутнічаць на новым беларускім сцягу ― можа, падобныя да тых, што на расійскім?

Мікалай Улаховіч: Я адно ведаю, магчыма, гэта быў бы белы сцяг, але без чырвонай паласы. Белая Русь ― белы сцяг. А на ім ужо нешта… Але не было б чырвонай паласы ніколі! Каб не было паўтору ні сцяга ВКЛ, ні таго савецкага, дзе зялёнае і чырвонае. Я не ведаю, якія б колеры далей былі, але першы ― белы. У нас на сцягу беларускага казацтва на белым фоне чырвоны крыж. Я не цягну ў казацтва, але мог бы быць і такі вось сцяг.

Еўрарадыё: А чым вас, казака, не задавальняе “Пагоня” ― там жа конь ёсць?

Мікалай Улаховіч: Не задавальняе мяне той конь і хвост уніз-уверх. У нас жа ў гэтым рэгіёне Літва-Латвія. З гэтай “Пагоняй” пытанні. Гэта княскі сімвал. Для такой краіны, як Беларусі, а гэта сярэднееўрапейская дзяржава па колькасці, па гісторыі, конь… не вызначае нашу краіну. У той жа час і існуючы герб не вырашае пытанні: каласы там, сонца гэта ― нейкі чыста кітайскі варыянт. Але кітайцы пакінулі сабе стары герб ― ну, і мы пакінулі. Праўда, з новым гербам больш складана… Тут трэба было б сесці і гісторыю пачытаць, паглядзець… Але конь гэты не патрэбны. Магчыма, лепш бы нам на герб моцную і магутную птушку. Калі ўзяць польскі герб і расійскі, то нешта такое сярэдняе паміж імі можна было б выбраць.

Еўрарадыё: А ваша “трэцяя сіла” ― гэта таксама нешта сярэдняе. Паміж кім?

Мікалай Улаховіч: З аднаго боку ёсць апазіцыя, а з другога ― Ліберальна-дэмакратычная партыя. А я цяпер ― “трэцяя сіла”. Мы і з тымі не згодныя ва ўсім, і з другімі. І я бачу, што ўжо ёсць людзі, якія згодныя са мной ― што трэба высоўваць “трэцяю сілу”. Я к у тым жа Данецку, людзі ўжо стаміліся: не трэба ўжо не АТА, ні “апалчэнцаў”. Вось, і ў мяне такое адчуванне з’яўляецца, што не трэба нам ні таго сцяга з “Пагоняй”, але не трэба і гэтага савецкага сцяга. “Трэцяя сіла” павінна была нарадзіцца. Прайшло 20 гадоў незалежнасці, і яна пачынае нараджацца незалежна ад маіх слоў. Я чалавек сталы і бачу нараджэнне гэтай сілы, якая і адным кажа “Дзякуй!”, і другім. Кажа: “А ў нас вось так будзе жыццё наладжанае ў Беларусі!”. Таму і перачытаў спецыяльна цяпер “Хто смяецца апошнім” ― вось, і пасмяемся пасля выбараў. Нехта там разлічвае 17% узяць, нехта ― яшчэ колькі там, а мы паглядзім: хто з іх возьме і колькі.

Еўрарадыё: Што гэта за людзі, якія не хочуць ні “Пагоні”, ні чырвона-зялёнага сцяга ― прыхільнікі “рускага міра”?

Мікалай Улаховіч: Не, гэта памылка. Прыхільнікі “рускага міра” побач са мной становяцца, бо я не адмаўляю значнасць высокай рускай культуры, значнасць краіны на Усходзе, з якой мы звязаныя эканамічна вельмі моцна і залежым ― я гэтага не адмаўляю. Але ж я кажу, што Беларусь ніколі не стане губерняй Расіі. Гэта не патрэбна ні Расіі, ні, тым больш, беларусам. Гэта “трэцяя сіла” будзе аб’ядноўваць разумныя, нармальныя і больш пазітыўныя сілы. І гэтыя людзі выступаюць не за шведскі варыянт жыцця, а за Швейцарыю ― за краіну нейтральную. Краіна, што не ўвязваецца ні ў якія канфлікты. Я нават кажу, што нам не патрэбныя ўзброеныя сілы ― давайце зробім Нацгвардыю. Навошта нам 73 тысячы ваеннаслужачых? Зробім 50 тысяч гвардыі нацыянальнай і нам будзе дастаткова. Пры гэтым трэба выйсці з усіх ваенных блокаў. Пакуль у нас стратэгічны партнёр Расія, але гледзячы, як імкнуцца з таго боку ўзбройвацца, і з гэтага боку гатовыя біцца, то мы павінны стаць нейтральнымі.

Еўрарадыё: Але ж, здаецца, вы падтрымлівалі стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі?

Мікалай Улаховіч: Я сказаў, што яе не было і не можа быць. У нас ваенны блок Расіі і Беларусі і таму няма ніякай неабходнасці базу будаваць. Нашы ж узброеныя сілы выконваюць адну і тую ж задачу. Якія базы могуць быць у Беларусі?! Гэта нешта расіяне загуляліся. Пуцін даручыў Мядзведзеву дамовіцца наконт базы, але ж з нашага боку, на гэты конт нічога не было. А калі заўтра прэзідэнт Ізраіля ці ЗША напіша свайму прэм’ер-міністру: “Давай, дамоўся з Беларуссю наконт базы”. Таму, ніякіх баз на не трэба, іх не было і не будзе ― сэнсу нават у гэтым няма.

Еўрарадыё: Выходзіць з ваеннага блоку, АДКБ, то, можа, і з розных Мытных ды Еўразійскіх саюзах таксама?

Мікалай Улаховіч: Гэта другі этап. Нам сёння Еўразійскі саюз таксама не зусім задавальняе. Спачатку было тры сястры, а цяпер яшчэ дзве прыйшло ― што гэтыя сёстры прынясуць туды? Што можа Арменія прынесці ў наш саюз ― толькі пашырыць свой рынак за кошт нас, вось і ўсё!

Еўрарадыё: Нам таксама рынак да Уладзівастока абяцалі…

Мікалай Улаховіч: Ага! Калі б ўсё так было не на словах, а на практыцы ― там усё інакш. МАЗы стаяць і не выязджаюць. Не ўсё так прыгожа ў нашых адносінах. Я беларус і грамадзянін Беларусі, а ў Расіі ў мяне шмат вучняў і сяброў, але яны мяне на калені і там не паставілі, і тут на паставяць ніколі. У кожным беларусе жыве дух партызаншчыны. Я расіянам, праўда, яны так і не ўрубіліся, так і сказаў: “Калі мы супраць немцаў так стаялі, дзе гарантыя, што супраць вас так не будзем стаяць?”.

Еўрарадыё: З якой нагоды вы іх так ахалоджвалі?

Мікалай Улаховіч: Яны пад’язджаюць з рознымі падколачкамі і пачынаюць выціскаць з сябе розныя імперскія ідэі. Я іх хутка спыняю: “Ваш Жырыноўскі спіць і бачыць мяжу Расійскай імперыі ў Брэсце ― не дачакаецца ён гэтага!”

Еўрарадыё: Чуў, што вы казалі пра тое, што Беласток наш… А што наконт Смаленска?

Мікалай Улаховіч: Я казаў пра Беласток, але ў тым сэнсе, што нашу краіну ў сённяшніх межах чырвоным алоўкам намаляваў Сталін. Але ж мы не пайшлі на разборкі з суседнімі краінамі, як гэта зрабіў нехта іншы ― не будзем называць. Так, склалася сітуацыя, мы жывём за рысай, гэтым алоўкам акрэсленай, і не прэтэндуем на чужыя тэрыторыі. Мы павінны быць нейтральнымі, а вы там самі разбірайцеся са сваімі блокамі ― што хочаце рабіце!

Еўрарадыё: Добра, герб новы ― сярэдні паміж польскі і расійскім, у палітыцы ваша сіла ― сярэдняе паміж апазіцыяй і ЛДПБ, а з мовай як ― тут што сярэдняе прапануеце?

Мікалай Улаховіч: Беларуская мова ― дзяржаўная. Калі вы так хочаце, каб беларуская мова была дзяржаўнай ― давайце зробім! Але пры гэтым не выключаю і рускую ― яна што, перашкаджае? І ў школах будзем выкладаць і рускую культуру, і ўкраінскую ― мы ж павінны быць пісьменнымі людзьмі. Навошта нам звужаць толькі да нашай “беларусістасці”? Нацыяналізм ― гэта вельмі вузкая рэч, разумееце. Інтэрнацыяналістамі быць у сто разоў выгадней.

Еўрарадыё: Вы ўжо казалі, што Крым расійскі, але ці выступаеце вы за прызнанне яго расійскім Беларуссю? А што з прызнаннем Абхазіі, да прыкладу?

Мікалай Улаховіч: Наконт Абхазіі не ўпэўнены, а Крым бы прызнаў. Бо Крым заўжды быў расійскім ― ён быў захоплены Расіяй.

Еўрарадыё: Вы нібыта за гістарычную справядлівасць ― вярнуць Расіі аддадзены Хрушчовым Крым. Але аддаючы Крым Украіне, Хрушчоў аддаў Расіі добры кавалак той самай Украіны ― як яго па справядлівасці вярнуць?

Мікалай Улаховіч: Ну, вы ж разумееце, што цяпер цяжка разабрацца, хто чаго каму аддаў. Я выступаю з пазіцыі сённяшняга дня: сёння Крым павінен быць у Расіі. Бо з пункту гледжання нашага спакою, мы ж уваходзім у ваенны саюз з Расіяй, то ў Крыме не павінны знаходзіцца натаўскія войскі ― гэта вельмі небяспечная рэч. А для нас сёння лепш увайсці ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, чым ў Мытны саюз ці той Еўразэс, як яны яго там называюць. Бо яны там ужо цішком хочуць візы нейкія ўвесці ― Мядзведзеў нешта так пра гэта заявіў. А якая розніца паміж нашай краінай і іншай, якая сёння ў Расію па візах ездзіць. Як гэта так? Мы ўвесь час стараемся быць да іх бліжэй, а яны пастаянна паварочваюцца да нас спінай. Ды надакучыла ўжо ўрэшце. Яны нас увесь час здавалі і здраджвалі нам! Пачынаючы з цара, калі яны сышлі і пакінулі гэтую тэрыторыю Рэчы Паспалітай, а потым былі і іншыя прыклады, калі Беларусь на два кавалкі падзялілі. Няхай яны сваё вялікадзяржаўнае самалюбства цешаць, але і мы павінны сябе больш годна паводзіць ― у Беларусі ніхто з голаду не памрэ!

Еўрарадыё: Вы нічога не сказалі пра сілу пад назвай “дзеючая ўлада”…

Мікалай Улаховіч: Яна застыла і азлобілася супраць тых, хто спрабуе яе пасунуць, забыўшыся, што сама яна стаіць на месцы і рухацца далей ёй няма куды ― усё! Усё, што маглі, вычарпалі з савецкай улады, а як далей рухацца? Не сталі развіваць свае навуковыя сілы, закрылі недзе межы навуковыя і перасталі мець зносіны з іншымі ― гэта звузіла нас. І зноў пачынаем сваю мадэль будаваць. Хопіць гэтага мадэлявання! Трэба ўжо спыніцца, азірнуцца і сказаць: “Пойдзем вось так”. А калі зноў спрабаваць мадэляваць, то не ведаю… Не трэба ўсіх гэтых рэформ, якія непадрыхтаваныя і сырыя.

Еўрарадыё: У паездках вы бачылі настроі ў людзей кшталту “Расія прыйдзі!?"

Мікалай Улаховіч: Няма ў нас дурных! Нават мая жонка руская, скажы ёй сёння: “Давай аб’яднаемся з Расіяй”, скажа мне: “Не, дарагі!” І гэта нават пры цяперашняй складанай эканамічнай сітуацыі. Людзі ўжо іншыя, ацверазеўшыя, якія разумеюць, што ў той Расіі не ўсё так прыгожа.

Фота: Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі