Уладзімір Казлоў: Удзел у X Factor — гэта досвед, які я перанясу на рок-сцэну

Уладзімір Казлоў: Удзел у X Factor — гэта досвед, які я перанясу на рок-сцэну

Харызматычны фронтмэн гурта Re1ikt Уладзімір Казлоў выступіў ва ўкраінскім тэлешоў X Factor. Музыка нечакана выканаў "Feel" Робі Уільямса і прайшоў у наступны тур праекта. У студыі Еўрарадыё ён распавядае, чаму вырашыў узяць удзел у праекце, да каго з настаўнікаў хоча патрапіць і ці можна жыць у Беларусі, займаючыся толькі музыкай.

Цікавае з размовы: 

Паўгода таму я вырашыў сысці са звычайнай працы — я працаваў электрыкам у метро — і паспрабаваў проста спяваць.


Не варта казаць, што мне нечага не хапае ў гурце Re1ikt. Re1ikt — гэта самастойная творчая адзінка, дзе ёсць свае правілы і канцэпцыя. І я вырашыў паўдзельнічаць у X Factor, таму што ў маім жыцці гэтага ніколі не было, чаму не паспрабаваць?


Я наўмысна прыехаў на X Factor, як выканаўца папулярнай эстраднай музыкі. Калі б у мяне было жаданне прыехаць з гуртом, мы б гэта абмеркавалі з хлопцамі і паехалі. Але гэта цяпер не ў нашых інтарэсах. 

Я не лічу, што трэба ставіцца звысоку: маўляў, я граю рок-музыку, а тут нейкая папса... У кожнай сферы ёсць прафесіяналы. І Канстанцін Меладзэ, які сядзіць у журы, сапраўды выдатны кампазітар. А якой абгорткай ён абгортвае свае кампазіцыі — гэта яго выбар.

Мне не прынцыпова, да каго з настаўнікаў патрапіць. Але з музычнага пункту гледжання я б пайшоў да Канстанціна Меладзэ, які піша добрыя песні і можа шмат чаму навучыць.

 

Кожны крок на X Factor — гэта досвед, які я потым перанясу на рок-сцэну.


Тое, што паказваюць па тэлебачанні, гэта абсалютна не тое, што адбываецца падчас запісу. Даходзіць да таго, што выраз твару вядучага ці сябра журы выразаны і ўстаўлены ў кадр. Апладысменты, якія мы чуем, — несапраўдныя. І тое, што кажа журы, гэта такая гульня!


X Factor — больш тэлешоў, чым конкурс. І тэлеканал зацікаўлены ў рэйтынгах, а не ў тым, каб раскрыць цябе, як вакаліста.


Я працую ў рэстаранах. Выбіраю сабе самы камфортны рэпертуар. Цяпер гэта амерыканская эстрада 40-60 гадоў мінулага стагоддзя. Джаз. Нэт Кінг Коўл, Эла Фітцжэральд, Фрэнк Сінатра. Мне гэта цікава. Я працую адзін. Пад мінус.


"Рюмка водки на столе" — гэта тое, што я не буду спяваць у любым выпадку. Песні на замову бываюць, але ў мяне атрымліваецца выкручвацца.


Калі я спяваю ў рэстаране, я таксама раблю тое, што мне падабаецца.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі