Улады не дазволілі Партыі БНФ правесці акцыю ў Слуцку

Слуцкі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне Партыяй БНФ мітынгу ў Слуцку 29 лістапада з нагоды 94-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Адпаведны адказ атрымаў кіраўнік слуцкай партыйнай арганізацыі Віталь Амяльковіч.

Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што заяўленае месца правядзення мітынгу (пляцоўка каля Слуцкага краязнаўчага музея) не з'яўляецца дазволеным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў. Адзіным месцам ў горадзе, дзе можна праводзіць мітынгі, застаецца гарадскі стадыён. Таксама не былі дадзеныя і дазволы на правядзенне ўрачыстых сходаў у іншых месцах, звязаных з памяццю Слуцкага паўстання – у Грозаве, Семежаве ды Вызне, інфармуе прэс-служба Партыі БНФ.

Нагадаем, у лістападзе 1920 года ўзброеныя падраздзяленні, сфармаваныя на Случчыне пераважна з сялян, выступілі ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі. 27 лістапада пачаліся баі паўстанцаў (а іх было ад 5 да 10 тысяч чалавек) з бальшавікамі. Случчакі змагаліся да канца снежня 1920-га, калі адступілі на тэрыторыю, якую кантралявалі польскія войскі. Частка паўстанцаў яшчэ некалькі гадоў партызаніла ў родных мясцінах супраць савецкіх уладаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі