Улад Ярун: Класныя песні будуць слухаць, нават калі яны на таджыцкай

Улад Ярун, канцэртны гукарэжысёр “Океана Ельзи”, саўнд-прадзюсар альбомаў “Ляпіса Трубяцкога” ды Земфіры, гітарыст украінскага гуцул-метал-гурта Karna бярэ ўдзел у праекце “Заспявай.by”, у ходзе якога маладыя беларускія музыкі ствараюць кампазіцыі на вершы беларускіх паэтаў. Улад выбірае лепшую на яго думку песню — “Вяртайся” Віталя Варанко, і мае на мэце зрабіць з яе цікавы музычны твор. Мы сустракаемся з Уладам у кавярні пасля запісу песні ў адной з мінскіх студый.

Калі можаш недзе дапамагчы — рабі гэта

Еўрарадыё: Вы толькі са студыі, паставілі ў нейкім сэнсе кропку ў праекце “Заспявай.by”. Чым вас прывабіў праект?

Улад Ярун: Мяне заўжды цікавіць нешта новае. І так як я сам музыка — у мінулым і цяпер — я люблю дапамагаць людзям, тым больш, маладым. У наш час нам не было каму дапамагаць. Ва Украіне праходзілі фестывалі, якія абдурвалі людзей пад лозунгам “Украінская культура” і гэтак далей. А на самой справе, там адмываліся і краліся грошы. Таму наш святы абавязак: як можаш недзе дапамагчы, то рабі гэта. Гэта першае. І другое, мяне прывабліваюць праекты патрыятычнага зместу, якія звязаныя з музыкай. Таму я пагадзіўся ўзяць удзел у праекце.

Еўрарадыё: З усяго матэрыялу найбольш цікавай для вас стала, падавалася б, некалькі папсовая песня ў выкананні Віталя Варанко. Чаму менавіта з ёй вам захацелася папрацаваць?

Улад Ярун: Калі я яе пачуў, у мяне не было ўражання, што яна папсовая. У першым варыянце, дзе гучаць баян і голас Віталя, я пачуў беларускі фальклор, і гэтая музыка мне неяк адразу лягла на сэрца. Па-другое, у астатніх выканаўцаў, якія трапілі ў фінал (Юрась Касцень і Лізавета Леўчык, – заўв. Еўрарадыё), песні былі прыгожыя і даробленыя, і я проста адчуў, што мне там няма чаго рабіць. Ну, магу зрабіць на 10 адсоткаў лепш, але вялікага ўнёску майго там не будзе. А ў выпадку з песняй Віталя, я зразумеў, што магу зрабіць з ёй нешта цікавае, паэксперыментаваць. Ёсць нейкая разынка ў гэтай песні, таму мне захацелася з ёй папрацаваць. Я не вельмі люблю поп-музыку, але Віталь не з’яўляецца поп-выканаўцам. Не ведаю, магчыма, ён такі бард, ёсць у ім нешта перфоманснае (смяецца). Але мне падалося, што я магу нешта з гэтым зрабіць.

Еўрарадыё: Працуючы над песняй Віталя “Вяртайся” вы будзеце кіравацца сваім густам?

Улад Ярун: З аднаго боку, так, але з іншага — я не магу гэта рабіць толькі згодна са сваім густам. Усё ж, гэта не пластылін і не фабрыка. Я проста дапамагаю, як кажуць у нас, “знайсці пярліну”, то бок, максімальна выцягнуць з гэтага матэрыялу ўсё добрае, што ў ім ёсць.

Karna

Гукарэжысёр з лайна цукерку зрабіць не можа. Можа проста прыгожа завярнуць

Еўрарадыё: Ці мусіць у гукарэжысёра, саўнд-прадзюсара быць свой густ? Ці ўсё ж ён мусіць рабіць тое, што замаўляе заказчык?

Улад Ярун: Як паказвае сусветная практыка, у сур’ёзных прадзюсараў ёсць свой почырк, свой стыль. Часта нават можна сказаць па выканаўцы, па артысце, хто яго прадзюсаваў, хто запісваў: ёсць пэўныя адзнакі ў саўндзе, аранжыроўцы. Мой любімы Рык Рубін, напрыклад, адразу пазнаецца па сваіх працах. Яго мікс-інжынер Эндзі Уолес таксама. Гэта такая салодкая парачка, працы якой адразу пазнаюцца. Я пакуль не магу пра сябе сказаць, што маю нейкі почырк, але дакладна ёсць музыка, з якой мне прыемна працаваць. А калі з ёй прыемна і класна працаваць, значыць, і вынік будзе найлепшы. А калі робіш тое, што табе не падабаецца, відавочна, што і выніку не будзе. Пакуль што я кіруюся адчуваннямі “падабаецца-не падабаецца”.

Еўрарадыё: Ці праўда, што гукарэжысёр здольны зрабіць з лайна цукерку? Ці ёсць па-вашаму такія прыклады ў сучаснай музыцы?

Улад Ярун: Мне падаецца, што я адчуваю, калі яно прыцягнутае за вуха, калі яно “зробленае”, калі яно штучнае. І я не люблю такія прадукты. На канкрэтных прыкладах, мне не падабаюцца Джасціныбіберы, мне падабаюцца Сістэмофэдаўны (смяецца). Мне падабаецца самабытнасць у музыцы. А калі яно толькі завернутае ў сучасную вокладку, гэта вельмі адчуваецца, бо яно фальшывае. Натуральна, што на такіх выканаўцаў працуе шмат талковых людзей, што яны сапраўды робяць прыгожа і якасна, і нават добрыя песні ствараюць. Аднак адразу чуваць, калі гэта ідзе ад артыста ці проста прыцягнутае за вуха. Тут няправільнае крыху пытанне. Гукарэжысёр — гэта асоба, якая не можа цалкам паўплываць на выкананне. Яго праца — гэта гук. Музычны прадзюсар — іншая справа. Яго не цікавяць фізічныя працэсы, прыборы і гэтак далей. Яго цікавіць выкананне, стыль, словы, наколькі гэта модна, адпавядае сучаснасці. Вось гэтая асоба больш уплывае. А чысты гукаінжынер, гукарэжысёр, як у нас заведзена казаць, уплывае менш. Але ўсе пакрысе ўплываюць. Тым не менш, гукарэжысёр з лайна цукерку зрабіць не можа. Можа проста прыгожа завярнуць (смяецца).

Еўрарадыё: Якая роля гукарэжысёра ў стварэнні музыкі? Без якіх складнікаў гукарэжысёр не зможа зрабіць тую самую "цукерку"?

Улад Ярун: Зноў-такі, усе мае любімыя саўндмэйкеры працуюць з людзьмі, якія самі па сабе з’яўляюцца яскравымі асобамі ў музычным кантэксце. То бок, яны шукаюць, яны самі выбіраюць, з кім працаваць. Калі яны бачаць, што артыст бесталковы, то з ім яны не будуць звязвацца. А калі у артысце сапраўдны ёсць зерне, то добры саўнд-прадзюсар ці музычны прадзюсар яго падтрымае і выцягне яго талент максімальна. Гэта як у любой працы. То бок, з талковым матэрыялам лягчэй працаваць, і хочацца гэта рабіць.

Гукарэжысёр — гэта пяты музыка, які грае не меншую ролю, чым іншыя удзельнікі гурта

Еўрарадыё: Ці абавязкова патрэбны гурту гукарэжысёр? Ці магчыма ў сучасных рэаліях перспектыўнаму гурту існаваць без яго?

Улад Ярун: Проста людзі ў нас чамусьці нядаўна пачулі слова гукарэжысёр. Шмат гадоў у ім не было такой неабходнасці. Гукарэжысёр не проста мусіць быць, гэта неад’емны складнік любой каманды! Не істотны ўзровень і не істотны музычны стыль. Калі чатыры музыкі на сцэне, гукарэжысёр — гэта пяты музыка, які грае не меншую ролю, чым іншы удзельнік гурта. Гэты чалавек мусіць быць у матэрыяле, мусіць усё адчуваць, разбірацца ў сваёй справе, і зрабіць музычную карціну без яго проста нерэальна. Ніколі за мяжой такога пытання — пра адсутнасць гукарэжысёра — нават не стаіць. Мала таго, таленавіты гукарэжысёр — вельмі каштоўны ўдзельнік гурта, на якога палююць ды адзін у аднаго пераманьваюць гурты.

Еўрарадыё: Як прывучыць гурт карыстацца паслугамі ўласнага гукаржысёра?

Улад Ярун: (смяецца) Ну як, проста трэба часцей выпускаць без гукарэжысёра, каб музыкі паслухалі сябе з боку! На жаль, у нас справа не ў тым, што гурты не разумеюць, што гукарэжысёр патрэбны, саправа ў магчымасцях. Па-першае, няма людзей, якія сур’ёзна гэтым цікавяцца. Усе ж звычайна маюць гітару і хочуць адразу стаць гітарыстамі. Але каб стаць гітарыстам, трэба вучыцца. Па прафесію гукарэжысёра людзі едуць у вядомыя ўніверсітэты свету кшталту Бэрклі. То бок, чалавек там вывучае тэорыю музыкі, фізіку гуку і гэтак далей — ён разбіраецца адразу ў шматлікіх аспектах. І гэта сур’ёзныя рэчы, якія проста так не ўзнікнуць, нават калі ў нас з’явіцца купа гукарэжысёраў. Яны пад плотам не з’яўляюцца. То бок, гэта перш за ўсё досвед. Ну, і музыкі, я ўпэўнены, на пытанне, ці хочуць яны мець свайго гукарэжысёра, адкажуць станоўча.

А ўвогуле, паняцця гукарэжысёр у сусветнай практыцы няма. Ёсць саўнд-прадзюсар і саўнд-інжынер. У нас кажуць, што чалавек, які кіруе гукам — гэта гукарэжысёр. А гэта, насамрэч, саўнд-інжынер. Саўнд-прадзюсар, у сваю чаргу, займаецца музычным выкананнем. То бок, прадзюсар — гэта чалавек, які робіць прадукт пэўным чынам, а гукаінжынер разбіраецца ў фізіцы гуку.

Я граў у гурце, трэба было некаму нас запісваць

Еўрарадыё: Ці ёсць ва Украіне што гукарэжысёрская школа? Дзе вучыліся карыфеі ўкраінскага гуку?

Улад Ярун: У нас ёсць універсітэт, у якім навучаюцца гукарэжысуры. Але наколькі адтуль выходзяць прафесіяналы, я не ведаю. У мяне толькі адзін знаёмы там вучыўся, але ён, напэўна, навучыўся больш сам, чым у тым універсітэце. Для таго, каб ва ўніверсітэце гэта ўсё вывучаць, трэба, каб выкладчыкі былі талковыя. Пры Савецкім саюзе былі нейкія людзі, якія гэтым займаліся, але гэта не значыць, што яны былі прафесіяналамі сваёй справы. Яны не ведалі элементарных рэчаў. Шчыра, я не вельмі ў курсе таго, што там за педагагічны працэс адбываецца, але пакуль што я не бачыў у нас дыпламаваных суперкласных гукаінжынераў і прадзюсараў. Напрыклад, у Бэрклі ўсё выкладаецца па сучасных методыках і тэхналогіях. Там ніколі няма застою. Не адзін месяц там адводзіцца на вывучэнне сучасных праграм, плагінаў і ўсяго астатняга. Іх навучальны працэс пастаянна мадэрнізуецца і не стаіць на месцы. Там ёсць такая класная штука: у Бэрклі да таго ж навучаюцца музыкі, умоўна кажучы, па класе электрагітары. І ёсць тыя, хто вучыцца на гукаінжынерыі. І вось гэтыя студэнты прама ва ўніверсітэце аб’ядноўваюцца для сумеснай працы: адны граюць у гурце, другія іх выгучваюць, і адбываецца такая натуральная практыка.

Еўрарадыё: А вы якім чынам прыйшлі ў гукарэжысуру?

Улад Ярун: На жаль, я не вучыўся ў падобным універсітэце (смяецца). Мяне прымусіла гэтым заняцца жыццё. Я граў у гурце, трэба было некаму нас запісваць. І я пачаў гэтым цікавіцца, і гэта дайшло да таго, што стала маёй асноўнай прафесіяй. Ну, гэта даволі распаўсюджаная практыка. І за мяжой бывае, калі музыкі вядомых гуртоў з’яўляюцца да таго ж добрымі гукарэжысёрамі. Як, напрыклад, бубнач Garbage Бутч Віг, які ў свой час прадзюсаваў знакаміты альбом Nirvana “Navermind”.

Я б не сказаў, што мы радыкальна адрозніваемся ад беларусаў. Магчыма, проста ў Кіеве больш грошай і даражэйшыя студыі

Еўрарадыё: Ці ведаеце вы нашу музыку? Што з беларускай музыкі вам даспадобы?

Улад Ярун: Пакуль толькі тых, з кім я працаваў (смяецца), яны мне і падабаюцца. Не таму, што я з імі працаваў, проста яны дагрукаліся да сэрца, сталі часткай жыцця. Таму падабаюцца. Я дакладна ведаю, хто мне не падабаецца. Я не буду называць імёнаў. Але гэта гурты, якія пад поспех адной, напрыклад, вядомай украінскай ці беларускай каманды, намагаюцца прапіхнуць сябе. Ёсць такія ў Беларусі, якія, напрыклад, пад “Ляпісаў” намагаліся прасунуцца. Мне падабаюцца людзі, якія нясуць музычную навінку. Маладыя падабаюцца.

Еўрарадыё: Я думаю, вы слухалі беларускія альбомы. Ці надта адстаюць, на ваш погляд, яны па якасці ад украінскіх? Цяпер нават пайшла мода на запіс беларускіх альбомаў у Кіеве…

Улад Ярун: Для таго, каб зрабіць класны альбом, не абавязкова некуды ездзіць… Ёсць багата прыкладаў, калі і ў вас вельмі добра зроблена, і ў нас. Я б не сказаў, што мы радыкальна адрозніваемся ад беларусаў. Магчыма, проста ў Кіеве больш грошай і даражэйшыя студыі. Магчыма, на кропельку больш практыкі. Але ў цэлым, я б не сказаў, што між намі нейкая прорва якасці. Недзе плюс-мінус знаходзімся на адным узроўні.

Навучыцца прыстойна граць і думаць галавой

Еўрарадыё: Што трэба гуртам, маладым гуртам, каб прыстойна гучаць?

Улад Ярун: Трэба, па-першае, навучыцца прыстойна граць і думаць галавой. Ніякі чарговы гукаінжынер не зробіць з іх карцінку, не зробіць з лайна цукерку. Калі кепска граеш, нічога не зробіш. У нас няма пакуль такіх тэхналогій (смяецца).

Еўрарадыё: У Беларусі цяпер модна “нарульваць” гук як ў 70-я…

Улад Ярун: (смяецца) Мне падабаецца паняцце “нарульваць гук”: бярэш і нарульваеш! Гэта не беларуская тэндэнцыя, гэта сусветны трэнд. Хаця, не, я б не сказаў, што нават сусветны. У рок-н-рольнай культуры цяпер адбываецца такая мікрабарацьба паміж англійскай і амерыканскай музыкай, англійскім духам і стылем і амерыканскімі. Цяпер проста такія часы, калі англійскі рок 70-х назіраецца ва ўсім саўндзе. Ён модны. Зноў-такі, у Амерыцы проста могуць пра гэта не ведаць. Ім падабаецца іхні кантры і гітара (смяецца) ці дакладны, канкрэтны вылізаны амерыканскі гук, і ўсё, і яны гэтым жывуць. Мы — Еўропа, і мы заўжды глядзім на сваіх суседзяў, еўрапейцаў, англічан, яны любяць менавіта такі гук. Да нас гэта таксама дайшло. Мы таксама намагаемся ўлезці ў гэтае рэтра, плёначныя дылэі і ўсялякае такое. Але зноў такі, гэта проста частка моды. Незразумела, што будзе заўтра. Магчыма, заўтра ўсе захочуць гучаць як гурт Bee Gees.

Ніхто не будзе слухаць радыё, на якім гучыць кепскай якасці беларускі ці ўкраінскі рок

Еўрарадыё: Як у вас ставяцца да гуртоў, якія спяваюць па-руску ці па-англійску? Ці гэтак жа ім лёгка прасоўвацца, як украінамоўным камандам?

Улад Ярун: У нас у прынцыпе такое пытанне не стаіць, і не існуе такой праблемы. Калі круты выканаўца, яго ўсе слухаюць і ўсе ташчацца. Напрыклад, у нас побач ёсць Малдова. І выканаўца з Малдовы Дан Балан робіць проста вельмі сур’ёзнага ўзроўню музыку, яго відэа назбірала мільёны праглядаў. Ён спявае і па-англійску, і па-руску. Але пытанне, на якой мове ён спявае, не стаіць — ёсць песня і якасць. Відавочна, украінскія радыёстанцыі больш круцяць англамоўныя творы. Але ўсё ж, усё залежыць не ад мовы, а ад канкрэтнай кампазіцыі. Паглядзіце на той самы “Океан Ельзі” — яго слухае ўся Расія, нават людзі, якія не разумеюць украінскую мову. Але ім падабаецца гэты гурт, бо там сур’ёзны ўзровень і класная музыка. Вырашае не мова, вырашае, усё ж узровень.

Вельмі лёгка казаць, што нас не ставяць, не круцяць, не любяць, бо мы спяваем, напрыклад, па-руску. Насамрэч, гэта толькі адзін з кампанентаў. Я ўсімі рукамі за тое, каб круцілі больш украінскай музыкі на радыё і па тэлеках. Але з іншага боку, я адчуваю, што ўсё ж класныя артысты ёсць класныя артысты. Напрыклад, я не люблю рускі рок і не люблю ўсё, што з ім звязана. Але я тырчу ад кожнай песні Віктара Цоя і гурта “Кіно” і заўжды буду яго слухаць, як аднаго з найлепшых артыстаў і лірыкаў.

Адзінае выйсце — павышаць якасць гуртоў. Ніхто не будзе слухаць радыё, на якім гучыць кепскай якасці беларускі ці ўкраінскі рок. То бок, наша з вамі задача — падняць сам узровень музыкі для таго, каб людзі захацелі гэта слухаць. Класныя песні будуць слухаць нават калі яны будуць на таджыцкай! (смяецца).

Еўрарадыё: Як цяперашняя палітычная сітуацыя ва Украіне ўплывае на музыку і музычны рынак?

Улад Ярун: Я не аналітык па такіх справах. Але ад сябе магу сказаць, што ўплывае. Калі штодня ты глядзіш навіны і думаеш, божа, каб толькі нічога кепскага не здарылася з нашымі людзьмі, вайскоўцамі, каб зноў не адбылося нейкага ліха, то табе не вельмі да музыкі ў такі час. Так, музыка — гэта мая прафесія, але я адчуваю, што тое, што адбываецца, больш важнае.

У Англіі ў 60-я фактычна ўзнікла рок-музыка. Прынамсі, добрая колькасць гуртоў, якія называюць сусветным топам, дакладна паходзіць адтуль. З аднаго боку, гэтая музыка з’явілася як знак пратэсту, з іншага, у той час там быў пэўны эканамічны ўзровень, які даў магчымасць гуртам ствараць музыку, а людзям хадзіць на канцэрты. Яны былі незадаволеныя сваёй працай, нейкімі сацыяльнымі праблемамі. Магчыма, у тыя часы яны бунтавалі супраць сістэмы, але я не думаю, што яны пераймаліся тым, што ім паесці заўтра і ці не заб’юць заўтра кагосьці з іх. Таму гэта ўсё вельмі моцна на нас уплывае. Я хачу, каб гэта хутчэй скончылася, каб мы сталі спакойнай дзяржавай, ішлі сваім шляхам і каб развівалася наша культура і музыка. Каб мы не думалі, ці падаражэе заўтра на палову капейкі хлеб ці дзе ўзяць грошай на новыя бронікамізэлькі для вайскоўцаў.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі