Украінскі танкіст кажа, чаму не забіў расійскага салдата і напісаў яго маці

Зварот да маці расійскага “добраахвотніка” і ўсіх расійскіх маці, дзеці якіх прыехалі на Данбас “бараніць рускую мову і рускіх ад бандэраўцаў”, з’явіўся ў СМІ 26 студзеня. У лісце гаворыцца, якім чынам украінскі танкіст атрымаў дакументы расіяніна і нумар яго маці, а таксама Аляксей Чабан тлумачыць расійскім маці, чаму ўкраінцы не фашысты. Карэспандэнт Еўрарадыё знайшоў гэтага танкіста.  

Даведка Еўрарадыё: Аляксей Чабан — танкіст, добраахвотнік. Да пачатку канфлікту на Данбасе — фермер, мае ў арэндзе 100 гектараў зямлі. У Аляксея 4 дзяцей. Па адукацыі горны інжынер. Армейская спецыяльнасць — камандзір узвода сярэдніх танкаў Т-64. У ваенкамат звярнуўся 30 ліпеня і з 2 верасня, пасля месяца навучання у Крывым Рогу, ваюе ў зоне АТА.

                                                 Аляксей Чабан

Еўрарадыё: Амаль адначасова з вашым прыездам у АТА пачаліся “мінскія перамовы”: падпісваліся мемарандумы, аб’яўлялася перамір’е — вы гэтае перамір’е заўважылі?

Аляксей Чабан: Нам забаранілі страляць. Не тое каб “не дай Бог хто стрэльне”, проста кожны вечар а 17-й гадзіне звязваліся з намі па рацыі і казалі: “Звярніце ўвагу — сёння цішыня”. І так кожны дзень. І мы не стралялі зусім. Але тут, дзе мы стаім, была “казацкая рэспубліка”, якая лічыла сябе цалкам незалежнай, і гэтыя казакі некалькі разоў прыходзілі да мяне як старэйшага на перамовы. Што вам сказаць, відаць, што кантынгент без адукацыі, з “адсідкамі” за плячамі. Праўда, адзін раз прыехаў афіцэр расійскай арміі — так ён сам назваўся. Прыязджалі ноччу звычайна, клалі аўтаматы на асфальт, але ў кожнай руцэ трымалі па гранаце. Кажуць: “Мы хочам дамовіцца, каб вы не стралялі”. — “Дык мы ж і не страляем”. — “Ну, то вы не страляйце і мы не будзем”. А калі аднаго разу па нас лупануў мінамёт, то яны прыехалі і выбачаліся: “Гэта нейкія “залётныя”. Мы амаль месяц былі не як на вайне, а як на пікніку. Але потым нас пачалі абстрэльваць, і з кожным днём усё мацней, танк мой першы падбілі, пакуль 21 студзеня не пачалася такая вайна, што жах. Па маіх падліках, па нашай пазіцыі за дзень не менш за вагон боепрыпасаў выстрэльваюць: “Грады”, “савушкі”... Тут ужо ўсё наўкол пабітае снарадамі…

      Падбіты падчас "перамір'я" танк Аляксея Чабана

Еўрарадыё: Да танкавых баёў даходзіць, ці вайна “пазіцыйная”?

Аляксей Чабан: За апошнія дні мы былі ўжо ў двух такіх танкавых баях, 22 і 25 студзеня. Раніцай 22-га нам пазванілі мясцовыя і папярэдзілі, што ў наш бок ідзе 15 танкаў. Можа, іх і выйшла 15, але сюды прыйшло машын 8. У той дзень быў моцны туман, бачнасць метраў на 400 і яны так нечакана з таго тумана выскачылі і міма нас праскочылі, што мы нават не паспелі зрэагаваць, каб іх абстраляць, — яны добра бокам падстаўляліся. Але разведчыкі іх адсачылі і вывелі нас на іх са зручнай пазіцыі. Першым стрэлам мы падбілі адну іх БМП, яна проста выбухнула. Другім вельмі удала патрапілі рэактыўным снарадам у танк. Снарад цалкам браню не прапаліў, але кантузіла экіпаж добра: стрэл з 400 метраў для танка — гэта фактычна ва ўпор, мы ўчора “Урал” падбілі з адлегласці ў 4 кіламетры! Экіпаж з таго танка выскачыў — відаць, што яны “прышыбленыя”, механіка неяк выцягнулі, пачалі ў бок лесу адыходзіць, аўтаматы па снезе цягнуць. У нас ужо асколачны снарад у ствале, наводчык глядзеў-глядзеў на іх… Кажу: “Антоха, можа не страляй”… “Ды я і сам не хачу”… Цяпер мне людзі пішуць: “Трэба было ў палон браць — абмянялі б на каго з нашых”. Шчыра, мы ў той момант нават не думалі пра гэта, ды і як браць — танкам жа ў палон не возьмеш. Мы ж не ваенныя, няма ў нас вопыту такога! Карацей, сышлі, а мы паглядзелі, што танк на хаду, і забралі яго сабе. І адну БМП, з якой экіпаж проста ўцёк. Такі вось удалы дзень быў.

Еўрарадыё: А бой 25 студзеня?

Аляксей Чабан: Бой пад Санжараўкай… Мы туды крыху спазніліся. Гэта быў суцэльны жах… Немагчыма перадаць тое, што я там бачыў, гэтыя раскіданыя рукі-ногі па ўсім апорным пункце, задаўленыя танкамі людзі… Калі мы туды прыбылі, у жывых застаўся адзін баец. Уявіце: пасля 7 гадзін бесперапыннага абстрэлу на іх пазіцыі пайшлі танкі і БМП. Нашы тры варожыя танкі практычна голымі рукамі падбілі — з аўтаматаў білі па прыцэлах, “сляпілі” танк, а потым закідвалі гранатамі. Падбілі два Т-64 і адзін Т-80. Я цяпер ваюю на тым захопленым 22 студзеня “сепарскім” танку. Думаю, калі гэты баец, які застаўся ў жывых, убачыў, што на яго ізноў прэ “сепарскі” танк, то сівых валасоў у яго паболела. Калі пад’ехалі і сказалі, што свае, ён проста без сіл на зямлю зваліўся. Мы глядзім на пазіцыю нашу — гэты Т-80 проста “прасаваў” нашы акопы гусеніцамі, людзей крышыў. І спынілі яго ў той момант, як ён аднаго нашага пехацінца прыдушыў насмерць, а другому зламала руку і ногі і прыціснула тракам — ён жывы, а вылезці не можа. Мы хочам танк гэты адцягнуць, а ніяк — абстрэл не спыняецца. Хвілін 20 ён яшчэ там пад гусеніцай пакутаваў пакуль мы не рызыкнулі і не зачапілі гэты Т-80 тросам. На метр толькі адсунулі, але хапіла, каб хлопца дастаць. Дарэчы, я не ведаю, ці ёсць ва Украіне гэтыя Т-80, але сам я іх у нас не бачыў ні разу. Хлопца адразу закінулі на БМП і ў медпункт, але ці выжыве пасля такога, не ведаю.

Дарэчы, пасля бою я знайшоў аднаго забітага танкіста, яму знесла сківіцу, у шыі дзірка. Думаю, трэба дакументы забраць, каб ведаць, хто такі. А ў яго расійскі пашпарт, страхоўка, працоўная кніжка, тэлефон, “дээнэраўскае” пасведчанне, што ён у нейкім палку “Прачыстай Дзевы Марыі”, нешта такое. Хлопец з расійскага Орска, двое дзяцей. Па дакументах, ён прыехаў у лістападзе сюды, і вось такая смерць. Не ведаю, што яны сабе думаюць.

Еўрарадыё: Гэта быў чарговы расійскі ваенны, які прыехаў ва Украіну падчас адпачынку?

Аляксей Чабан: Не, гэта быў цывільны. Па ваенным білеце і працоўнай кніжцы бачна, што ён як адслужыў тэрміновую службу, то ў войску не быў: працаваў нейкім трактарыстам, вартаўніком. Відаць, што яго неяк сагітавалі сюды прыехаць, бо па ім бачна, што чалавек… на апошнія грошы жыве, нейкі недагледжаны ўвесь… Па гэтым прыкладзе я не магу даць доказаў прысутнасці тут рэгулярных частак РФ. Але ў тым, што яны тут ёсць, я не сумняваюся, упэўнены на ўсе 100%.

Еўрарадыё: А дзе вы падабралі дакументы і тэлефон таго “дабравольца”, да маці якога і быў ваш зварот?

Аляксей Чабан: А гэта тыя, якія сышлі з падбітага намі 22 студзеня танка, якіх мы не расстралялі. Яго фота я выцягнуў са знойдзенага ў танку тэлефона і выставіў у сябе на старонцы. Там, дарэчы, і відэа ёсць, ВВС прасіла мяне яго даслаць, але інтэрнэт слабы, і я ніяк не магу выкласці фота на файлаабменнік — два разы сёння ноччу спрабаваў. На відэа два хлопцы едуць у танку, смяюцца са словамі: “Два дэбілы — гэта сіла!” Ну, прыдуркі, што скажаш! Гэта не ваенныя, а раздзяўбаі нейкія.

            Расійскі "добраахвотнік", да маці якога звярнуўся Аляксей Чабан

Еўрарадыё: Якой рэакцыі на ваш ліст маці расійскага “добраахвотніка” вы чакаеце?

Аляксей Чабан: Што як мінімум задумаецца нехта з іх. Ліст гэты напісаўся спантанна: прачнуўся гадзіне а 3-й ночы і хвілін за 30 набраў тэкст, адправіў яго і лёг спаць. Сам гэтаму здзіўляюся: я не валодаю “пяром”, ніколі не быў публічным чалавекам. Неяк так атрымалася, але, безумоўна, я разлічваў на тое, што гэты ліст прачытае не толькі маці гэтага канкрэтнага хлопца, але і іншыя маці. Але ведаеце, ужо раніцай мне напісалі, што дазваніліся да яго маці. Напісалі наступнае: “Думаю, што з ёй ужо папрацавалі адпаведныя службы, бо яна адмыслова гучна прасіла назваць суму выкупу, што яна заплаціць за тое, каб не забівалі яе сына. Такое ўражанне, што там усё гэта запісваецца на дыктафон”. Я напісаў, каб перадалі маці, што яе сына ў нас няма, яго адпусцілі і што цяпер яго жыццё ў яе руках: няхай забірае яго з Украіны. Так ён ёй і перадаў. Але пазней мне пісалі, што яе тэлефон ужо адключаны.

Еўрарадыё: Пра тое, як фашысты душаць гусеніцамі салдат у акопах, мы бачылі ў фільмах пра вайну. Вы думалі, што такое магчыма сёння? Самі на такое здольныя?

Аляксей Чабан: Моцнае пытанне… Я не магу вам сказаць, што я не гатовы гэтага рабіць, — гэта будзе несумленна. Я разумею, што гэта жах, але не ведаю, як адказаць.

Еўрарадыё: Але калі б сітуацыя, калі вы не стрэльнулі па танкістах, паўтарылася пасля таго, што вы пабачылі на полі бою 25 студзеня, — гэтак жа зрабілі б ці не?

Аляксей Чабан: Не ўпэўнены. Мне б хацелася сказаць, што так, адпусціў бы, але… Гэта быў імгненны парыў, нельга сказаць, што ў мяне такія перакананні ці што я разважаў пра гэта, — так склалася. Але, напэўна, я бяззбройных не расстрэльваў бы… Я вам іншае скажу: тут побач ёсць ферма, там дзесьці 200 кароў, а фермеры ад абстрэлаў уцяклі адсюль. Мы днямі туды пайшлі, кароў адвязалі і выпусцілі, сена ім кінулі… Я да чаго: выбухам параніла адну карову, і яна ляжыць, моцна пакутуе — такую лепш застрэліць. І я не змог, пайшоў. Але яна ляжыць, слёзы ў яе цякуць… Вярнуўся і дабіў яе з аўтамата. Не ведаю, я адчуваў сябе забойцам. Таму, страляць у бяззбройнага чалавека не буду. Калі будзе ў мяне страляць — іншая рэч. А калі будзе проста цягнуць аўтамат па зямлі і ледзь перасоўваць ногі…

Еўрарадыё: Як лічыце, ці трэба занятую сепаратыстамі ўкраінскую зямлю вызваляць? Якія настроі ў мясцовага насельніцтва?

Аляксей Чабан: Калі б гэта ад мяне залежала, то я б пабудаваў тут вялікую сцяну. Я ведаю, што там ёсць людзі, якія хацелі б вярнуцца ва Украіну, але большасць людзей сама вінаватая ў тым, што тут адбылося: калі ім не падабалася гэтая ідэя ЛНР, то чаму яны не выйшлі супраць, а моўчкі на гэта глядзелі? І ў выніку да іх прыйшла вайна. Я не хачу, каб нашы хлопцы гінулі тут дзеля нейкага міфічнага шчасця мясцовых. Мясцовыя дзеці, пабачыўшы ўсе гэтыя жахі вайны, ніколі не будуць любіць гэтую краіну! Гэта, відаць, выправіць немагчыма. Я бачыў кадры, калі збілі той “Боінг”, і нейкі хлапчук крычаў: “Збілі “хунтаўскі” самалёт!”, і я разумею, што гэта ў крыві і надоўга. Магчыма, калі будзе суд у Гаазе і асудзяць Пуціна, Кісялёва і астатніх, то прапаганда зможа з часам гэта крыху выправіць. Але калі гэта проста неяк “замнецца” і заглухне, гэтыя людзі будуць доўга ненавідзець нас. Беспадстаўна. Ізноў страляюць, гэтым разам “савушкі” б’юць — зусім побач, метраў за 300 ад нас лягла. Мы прывыклі: калі не ляціць проста да нас, то мы не хаваемся.

Еўрарадыё: Ёсць стомленасць ад вайны?

Аляксей Чабан: Ёсць трохі. І ёсць крыўда, што мы тут ваюем, а ўся Украіна — святы, дыскатэкі, бары-рэстараны. Склалася адчуванне, што ёсць нейкая сацыяльная несправядлівасць у гэтым плане. Але большасць тут трымае думка: “Украіна павінная захавацца”. Мы тут не дзеля Парашэнкі, Яцанюка ці яшчэ каго, людзей тут трымаюць больш высокія ідэалы. Вядома, ёсць у краіне такія, хто кажа: “Хоць у дурдом, хоць у турму, але на фронт я не пайду!” Крыўдна ад таго, што не ўся краіна ўзнялася, што парламент не прымае законаў, па якіх трэба спыніць усе гандлёвыя адносіны з Расіяй. Трэба лічыць Расію ворагам. Я лічу яе сваім асабістым ворагам: не людзей, якія там жывуць, а гэтую дзяржаву расійскую. А наша краіна з імі гандлюе, у Парашэнкі там свае заводы, цукеркі пастаўляе ледзь не ў армію. Гэта вышэй за маё разуменне, і я стараюся пра гэта не думаць, бо такія думкі мяне проста забіваюць. Праз месяц будзе паўгода, як я ў АТА, і спадзяюся, што пайду дамоў. 

Фота: З архіва Аляксея Чабана

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі